Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Шкурыну нельга наведваць Беларусь – але галоўная прычына не тая, якая першай прыходзіць у галаву

Шкурыну нельга наведваць Беларусь – але галоўная прычына не тая, якая першай прыходзіць у галаву

Паездка на Радзіму зламае кар'еру.

Аўтар — bytribuna com
27 лістапада, 23:59
2
Шкурыну нельга наведваць Беларусь – але галоўная прычына не тая, якая першай прыходзіць у галаву

Набліжаецца канец 2023-га – а значыць, і апытанне на футбаліста года Беларусі. У нармальнай сітуацыі фаварытам на званне быў бы форвард «Сталі» Ілля Шкурын, які ідзе ў топ-3 бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы. Аднак у рэжымнай Беларусі апытанне праводзіць «Прэсбол», дзе ўвогуле не пішуць пра Шкурына з-за яго антылукашэнкаўскай пазіцыі, з-за якой ён даўно адмовіўся выступаць за зборную Беларусі. Ды і адкрыта галасаваць за такога чалавека пры рэжыме яўна боязна.

Хаця нашыя суразмоўцы, якія маюць дачыненне да галасавання, вераць, што за Шкурына галасы будуць – і нямала, бо ён «аб'ектыўна вылучаецца» сярод беларускіх футбалістаў. Але іншыя людзі з белфутбола, з якімі мы пагаварылі, нагадваюць, што ўсё ж такі прасцей «зрабіць пераможцам» чалавека, які ніколі не ішоў супраць сістэмы, які прыязджае ў зборную – ды і, банальна, якога можна ўзнагародзіць асабіста.

Шкурын жа яўна не даедзе да цырымоніі ўручэння. І справа тут, у першую чаргу, нават не ў відавочнай прычыне наяўнасці ясна выяўленай грамадзянскай пазіцыі, з якой у Беларусі ў любы момант за чалавекам могуць прыйсці рэжымныя «сілавікі».

Ёсць і іншая праблема. У Шкурына ў свой час была адтэрміноўка ад прызыву ў рэжымнае войска – «ільготу» давала ўключэнне ў штогадовыя «спісачныя склады» сістэмы зборных, якія фармуюцца «Мінспорту» (так, непасрэдна выклік трэнерамі для адтэрміноўкі не абавязковы). У 2020-м Шкурын адправіў у АБФФ адмову ад гульняў за зборныя ў пісьмовай форме. Федэрацыя нават спрабавала пакараць футбаліста праз ФІФА, але там не ўвялі санкцый – задаволіліся тлумачэннем гульца, што ён баіцца за сваю бяспеку ў Беларусі. Аднак, зразумела, у «спісачны склад» на 2021-ы і наступныя гады Шкурына ўжо не ўключалі.

Прызыўны ўзрост у рэжымнай Беларусі – ад 18 да 27 гадоў. Такім чынам, калі 24-гадовы Шкурын раптам з“явіцца ў Беларусі, дык яму тут жа могуць уручаць позву з забаронай выезду з краіны. А калі па такой позве не з'явіцца, то па рэжымнай логіцы гулец будзе «ўхіляцца ад прызыву», за што могуць адправіць за краты на тэрмін да двух гадоў.

Увогуле, нават калі Шкурына раптам прызнаюць футбалістам года, дарога ў Беларусь для яго занадта небяспечная. Вядома, ёсць фантастычныя гісторыі пра тое, як людзі, якіх шукае рэжым, вакольнымі шляхамі ўязджалі ў Беларусь і паспяхова выязджалі з яе (пашумеў прыклад мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча), але рызыкаваць паспяховай кар'ерай дзеля гэтага футбалісту дакладна не варта.

Іншыя пасты блога

Усе пасты