Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Гутар (а дзе ж «патрыятызм»?) больш за двое сутак правёў на мяжы ў Лiтве – жонка ўпэўненая, што ў Беларусi чаргу абслужылi б лепш

Гутар (а дзе ж «патрыятызм»?) больш за двое сутак правёў на мяжы ў Лiтве – жонка ўпэўненая, што ў Беларусi чаргу абслужылi б лепш

Вось так вярнулiся ад сваячкi на Каляды.

Аўтар — KentYara98
27 снежня, 15:30
5
Гутар (а дзе ж «патрыятызм»?) больш за двое сутак правёў на мяжы ў Лiтве – жонка ўпэўненая, што ў Беларусi чаргу абслужылi б лепш

2 жніўня Аляксандр Гутар стаў спікерам «пакаяльнай» прэс-канферэнцыі. І, калі верыць рэжымным СМІ, брамнiк сказаў сярод іншага: «Лічу сябе патрыётам сваёй Радзімы. Сапраўдны патрыёт павінен працаваць на карысць краіны, імкнуцца да яе развіцця. Патрыёты зараз знаходзяцца ў сваёй краіне, а не за яе межамі». Гэтая заява прагучала ў той дзень, калі жонка Гутара, экс-удзельніца гурта «Лас-Вегас» Марына Някрасава-Гутар знаходзілася якраз па-за Беларуссю – у Італіі, дзе ў яе даўнія сувязі.

Нядаўна футбаліст, які пасля «пакаяння» заключыў кантракт з БАТЭ, і сам паехаў за мяжу разам з сям'ёй – на гэты раз у Германiю. Як высветлілася, жонка Гутара наведвала сваю сястру – піяністку Яўгенію Някрасаву, якая жыве ў нямецкім Боне. Ну а яшчэ сям'я наведала нямецкі футбол, які моцна ўразіў сына Гутара.

Вяртацца ў Беларусь сямʼя планавала з Вільнюса на машыне, на якой спачатку даехала з Беларусi да лiтоўскай сталiцы. Але, пэўна, на калядным адпачынку Гутарам было не да навiнаў, i толькi па прыбыццi ў Вiльнюс вечарам 24 снежня сямʼя высветліла, што чарга на мяжы складае больш за 500 машын.

У выніку пара падзялілася – Гутар паехаў займаць чаргу, а жонка з сынам засталіся начаваць у Вільні ў надзеі, што нехта зможа крыху пазней падвесці іх да мяжы.

Але памочнікаў не знайшлося, і жонка Гутара разам з сынам паехалі да чаргі на памежным пункце Мядзінкай – Каменны Лог на таксі. Аўтамабіль не прапусцілі ў глыб чаргi, таму жанчыне з маленькім сынам прыйшлося прарабіць шлях да мужа пешшу. Дзяўчына адзначыла, што атмасфера там абвостраная настолькі, што даводзіцца працаваць паліцыі.

На другія суткі ў чарзе перад машынай Гутара заставалася прыкладна 180 аўтамабіляў. На адзінай запраўцы, куды можна было заехаць, не страціўшы ў той момант чаргу, усю ежу раскупілі, а прыбіральня не працавала. Пры гэтым жонка футбаліста спрабавала знаходзіць плюсы ў сітуацыі, напрыклад, бачыла рамантыку у тым, каб бавіць час у аўтамабілі пад дажджом, і спадзявалася, што да раніцы яны дабяруцца да літоўскіх памежнікаў.

Але адзінае, што яны ўбачылі раніцайі, была стойка з коштамі на бензін на апошняй запраўцы перад мяжой.

У працэсе чакання дзяўчына ўсё ж не вытрымала i абурылася, што чарзе не прадставiлi «элементарных хаця б бiятуалетаў». Някрасава-Гутар упэўненая, што лукашэнкаўскiя працаўнiкi ў такой сітуацыі арганізавалі б нават пункты цёплага харчавання. Дарэчы, яшчэ лукашэнкаўцы выдатна арганізоўваюць міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі Еўразвяза, адказам на які сталі зачыненне шэрагу памежных пунктаў. Чэргі на адкрытых пунктах – следства гэтага адказу.

Таксама жонка Гутара распавяла, што людзі арганізоўваюць «дружыны», каб не пускаць аўтамабілі без чаргі. Гэткая сабе беларуская класіка.

Каб пара не моцна сумавала, стоячы ў чаканні, ім тэлефанавалі сябры. Напрыклад, нейкі час Гутараў забаўляў па вiдэа былы беларускі футбаліст Сяргей Крывец з сям'ёй, якія жывуць у Польшчы.

А вось так Аляксандр Гутар весяліў сябе і сям'ю на трэція суткі ў чарзе.

У выніку ноччу з 26 на 27 снежня Някрасава-Гутар напісала, што яны ўехалi ў Беларусь праз 51 гадзіну ад пачатку стаяння ў чарзе – і пахваліла зладжаную працу лукашэнкаўскiх памежнікаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты