Tribuna/Футбол/Блогі/Планы трэнераў «вышкі» пачала правяраць камісія – вось дзе трэніравалі яе члены: Алжыр, Чачня, плаванне

Планы трэнераў «вышкі» пачала правяраць камісія – вось дзе трэніравалі яе члены: Алжыр, Чачня, плаванне

Людзі з вялікім досведам (але не самым свежым) і наогул без яго.

Аўтар — bytribuna com
17 лютага, 13:00
Планы трэнераў «вышкі» пачала правяраць камісія – вось дзе трэніравалі яе члены: Алжыр, Чачня, плаванне

15 студзеня ў АБФФ правялі першы «разгляд гадавых планаў» трэнераў вышэйшай лігі. Свае напрацоўкі прад’явілі Дзмітрый Камароўскі з «Іслачы», Станіслаў Сувораў з «Шахцёра», Ігар Слесарчук са «Смаргоні» і Арцём Чалядзінскі з «Мінска». Новую «абавязалаўку» для коўчаў Д1 і Д2 прыдумаў Анатоль Юрэвіч – ён пераканаў рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука, а АБФФ не змагла адмовіцца. У белфутболе, мякка кажучы, аказаліся не ў захапленні.

Як анансавалі ў федэрацыі, у камісію мусілі ўвайсці кіраўнікі АБФФ, прадстаўнікі «мінспорту», а таксама «спецыялісты па навукова-метадычнай працы і дасведчаныя беларускія трэнеры». У рэальнасці на цяперашнім пасяджэнні планы слухалі сем чалавек – вядомых у белфутболе і не вельмі. «Трыбуна» вырашыла вывучыць і нагадаць, дзе трэніравалі самі «ацэншчыкі» коўчаў.

Мікалай Шарснёў

Тут усё проста – усё ж перад прызначэннем на пасаду кіраўніка АБФФ у 2023-м Шарснёў шчыра называў сябе «футбольным абывацелем». Вяршыня яго футбольнай кар’еры – гульня за «роднае сельгаспрадпрыемства». Вельмі наўрад ці заатэхнік па адукацыі спрабаваў навучыць гульні ў футбол кароў ці іншую жыўнасць у калгасах «Ленінскі шлях» ці «Знамя перамогі», дзе працаваў пасля інстытута. Ды і ў астатнім сельскагаспадарча-кіраўнічы шлях функцыянера ніякіх трэнерскіх спраў не меркаваў. Уключэнне яго ў камісію тлумачыцца цяперашняй пасадай – больш ніякіх прычын туды трапіць у 63-гадовага Шарстнёва няма.

Андрэй Васілевіч

37-гадовы першы намеснік Шарстнёва нарадзіўся ў латвійскай Лудзе – зрэшты, гэта было звязана толькі з часовым ад’ездам бацькоў з Беларусі. Вырас Васілевіч у Пінскім раёне, адукацыю атрымаў на факультэце фізкультуры Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта. Там выявіў і ўменне прасоўвацца па службовых лесвіцах: праз некаторы час стаў намдэкана на няпрофільным для сябе фізіка-матэматычным факультэце, а ў 2018-м перайшоў у БДУФК адразу на пасаду загадчыка кафедры футбола і хакея.

Паралельна Васілевіч паспеў стаць футбольным суддзёй і дабрацца да вышэйшай лігі. У 2021-м з даклада БФСС стала вядома, што арбітр згаджаўся забяспечваць патрэбныя кіраўніцтву АБФФ вынікі, а за гэта атрымліваў ад федэрацыі грошы за «лекцыі» для трэнераў, якія насамрэч не праводзіліся.

У 2021-м Васілевіч стаў старшынёй ФК «Мінск», у 2023-м пайшоў адтуль дзеля пасады ў АБФФ. Таксама функцыянер ужо не ўзначальвае кафедру БДУФК – але па-ранейшаму там выкладае для будучых футбольных трэнераў дысцыпліну «Тэорыя і методыка спартыўнай падрыхтоўкі». У Васілевіча ёсць трэнерская катэгорыя «С» – толькі чацвёртая ў іерархіі УЕФА. Непасрэдна трэнерам у якіх-небудзь футбольных камандах ён не працаваў.

Венiамін Арзамасцаў

Ураджэнец расійскага Хабараўскага раёна ў 1960-х гуляў за мінскае «Дынама», а ў 1980-м прыйшоў туды памочнікам Эдуарда Малафеева. У 1982-м каманда стала чэмпіёнам СССР, у 1983-м Малафееў сышоў за сем тураў да канца сезона Д1 – Арзамасцаў стаў галоўным і ўтрымаў трэцяе месца, а таксама даводзіў «Дынама» да чвэрцьфіналу двух еўракубкаў.

У 1986-м Арзамасцаў сышоў з клуба, на пару гадоў паехаў трэніраваць у Алжыр, а ў белфутбол вярнуўся ў 1992-м – восем гадоў прабыў асістэнтам у зборнай Беларусі ў Міхаіла Вергеенкі і Сяргея Бароўскага. Таксама ў суверэнную эпоху неаднаразова ўваходзіў у трэнерскі штаб мiнскага «Дынама» – а ў 1998-м пабыў пару месяцаў і галоўным. У 2003-м перайшоў у дзіцячыя трэнеры – некалькі гадоў адпрацаваў у школе цяперашняга «Мінска».

Цяпер Арзамасцаву 86, і апошнія гадоў пятнаццаць непасрэдна трэнерскай дзейнасцю ён не займаецца, але ўдзельнічаў у трэнерскіх курсах Малафеева, і нават у 2020-я яго прыцягвалі да заняткаў у БДУФК і АБФФ. Арзамасцава, які ў 2020-м падпісаўся за рэжым, відавочна паважае так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук – у 2022-м клікаў на справаздачы ад трэнера мінскага «Дынама» Арцёма Чалядзінскага, а ў 2023-м уключыў у «міністэрскую» «працоўную групу» па «ўдасканаленні працы з трэнерскімі кадрамі».

Камісія – відавочна фармат Арзамасцава: у 2022-м ён наракаў, што «нашы маладыя трэнеры ні з кім не раяцца, а паглядзіш у іх планы працы – адразу ўзнікаюць пытанні». Пасля паседжання трэнер «Смаргоні» Ігар Слесарчук заявіў, што Арзамасцаў задаваў «нязручныя пытанні», і цяпер трэба «зрабіць працу над памылкамі».

Юрый Вяргейчык

55-гадовы экс-гулец зборнай Беларусі ў 2000-м скончыў кар’еру ў «Шахцёры», пасля чаго адразу ўвайшоў у трэнерскі штаб каманды Мікалая Касцюкевіча. А на пачатку 2002-га Касцюкевіч сышоў з пасады і рэкамендаваў замяніць сябе Вяргейчыкам. Той затрымаўся на пасадзе галоўнага трэнера на сем поўных сезонаў, у 2005-м прывёўшы «Шахцёр» да першага для клуба чэмпіёнства. З 2006-га па 2008-ы коўч таксама асіставаў у моладзевай зборнай Юрыю Курненіну (той у «Шахцёры» быў, наадварот, памочнiкам Вяргейчыка).

Аднак з чэрвеня 2009-га трэнерства ў біяграфіі Вяргейчыка няма – ён надоўга стаў дырэктарам «Шахцёра», у 2018-м сышоў у АБФФ: быў генсакам і першым намеснікам старшыні, застаецца членам выканкама. З 2022-га ўзначальвае федэрацыю футбола Мінска. Як усё гэта можа дапамагчы ў камісіі для трэнераў – незразумела.

Дзмітрый Касёнак

Прысутнасць Касёнка ў «трэнерскай» камісіі лагічная. Гэта начальнік тэхнічнага дэпартамента АБФФ – структуры, якая адказвае за навучанне трэнераў па стандартах міжнародных федэрацый. Ды і ў самога Касёнка досведу з галавой. Падрабязна пра біяграфію функцыянера мы пісалі ў 2018-м, калі ён заняў цяперашнюю пасаду.

Калі коратка, 53-гадовы Касёнак у свой час не стаў футбалістам, пайшоў у выкладчыкі фізкультуры, быў заўважаны ў БДУФК, там пазнаёміўся з Сяргеем Бароўскім, праз яго патрапіў у АБФФ метадыстам. А з 2004-га ўвайшоў у трэнерскі штаб зборнай Беларусі – адказваў за навукова-метадычную працу, прычым рабіў гэта (з некаторымі перапынкамі) дзесяць гадоў пры чатырох галоўных: паслугамі карысталіся Анатоль Байдачны, Юрый Пунтус, Бернд Штанге і Георгій Кандрацьеў.

У штабе Кандрацьева Касёнак таксама ездзіў на бронзавы МЧЕ-2011 і на АГ-2012. Паралельна працаваў у мінскім «Дынама» (пры Аляксандры Хацкевічы, Ігары Крывушэнку, Славалюбе Мусліне, Сяргеi Гурэнку і Аляксандры Сяднёве), расійскай «Сібіры» (туды паклікаў Крывушэнка), «Мінску» і «Белшыне». Казалі, што трэнер Касёнак увесь час імкнецца вывучаць нешта новае, але пры гэтым, перш чым нешта зрабіць, некалькі разоў раіцца з начальнікамі.

Апошні раз трэніраваў Касёнак у 2018-м – быў асістэнтам у дублі «Шахцёра» (паралельна займаўся ў клубе селекцыяй і сістэмай падрыхтоўкі моладзі), пакуль услед за Вяргейчыкам не перайшоў у АБФФ. Цяпер тэхдырэктар федэрацыі паралельна выкладае ў БДУФК для тых, хто там вучыцца на футбольных трэнераў, дысцыпліну «Тэорыя і методыка спартыўнай падрыхтоўкі», як Васілевіч.

Уладзімір Кавалёў

Таксама лагічны ўдзельнік камісіі. Намеснік Касёнка ў тэхнічным дэпартаменце, прычым адказвае менавіта за адукацыю трэнераў. Кавалёў мае трэнерскую катэгорыю «А» – другую ў іерархіі УЕФА пасля Pro – і пасаду інструктара па трэнерскай адукацыі на катэгорыі «В» і «А».

Кавалёву ў маі будзе 70 гадоў. У 1979-м ён з адзнакай скончыў цяперашнi БДУФК і адразу стаў працаваць на кафедры футбола і хакея, дзе затрымаўся надоўга – да 1998 года. А ў 2000-м прыйшоў у чэмпіянат Беларусі – стаў трэнерам па навукова-метадычнай працы ў штабе Анатоля Юрэвіча: спачатку з ім працаваў у «Тарпеда-МАЗ», у 2001-м сышоў у «Лакаматыў». Там Юрэвіч будаваў моладзевы праект за гады да «Энергетыка-БДУ» і ладзіў «мутныя» схемы задоўга да таго, як атрымаў пяцігадовы бан ад АБФФ.

У 2004-м Юрэвіч з’ехаў ва ўкраінскі «Металург» з Запарожжа – і зноў узяў з сабой Кавалёва, які стаў ужо кіраўніком навуковай групы. Праз паўгода Юрэвіч вярнуўся ў Беларусь, а вось Кавалёў застаўся і працаваў у «Металургу» пры розных коўчах да 2008-га. Працу метадыста хваліў член трэнерскага штаба клуба Юрый Вернідуб, які праз гады прыедзе ў «Шахцёр». А ў 2008-м украінскі трэнер Вячаслаў Грозны, які перасекся з Кавалёвым у «Металургу», паклікаў спецыяліста ў «Церак» (цяпер «Ахмат») з расійскай Чачні пад куратарствам кіраўніка «рэжыму ў рэжыме» Рамзана Кадырава.

У чачэнскім клубе Кавалёў кіраваў навуковай групай да 2019-га – папрацаваў з 11 галоўнымі трэнерамі (і яшчэ двума в. а.), сярод якіх былі Байдачны, Алег Конанаў, з якім працавалі яшчэ пры Юрэвічы, і чэмпіён Еўропы-1988 Рууд Гуліт. А ў 2017-м на сустрэчы Кадырава з калектывам «Ахмата» было абвешчана, што галоўны аналітык клуба атрымаў званне «Заслужаны работнік фізічнай культуры Чачэнскай Рэспублікі».

У 2020-м Кавалёў вярнуўся выкладаць у БДУФК – цяпер вядзе тую ж дысцыпліну, што і Касёнак. А з 2021-га згадваецца як ягоны намеснік у тэхцэнтры АБФФ.

Павел Прылуцкі

67-гадовы Прылуцкі нарадзіўся ў расійскім Северадзвінску, але за вышэйшай адукацыяй прыехаў у Мінск – скончыў цяперашні БДУФК у 1977-м і з таго часу займаецца навукай у спорце: напісаў 10 кніг, апублікаваў 300 з лішнім работ, нават калісьці ўваходзіў у агульны сход акадэміі навук. Таксама ў 2000-х уваходзіў у экспертную раду і атэстацыйную камісію рэжымнага «мінспорту», быў дырэктарам НДІ фізкультуры і спорту, а з 1996-га па 2008-ы нязменна быў навуковым кансультантам пры падрыхтоўцы беларускіх дэлегацый да Алімпіяд.

Праблема для цяперашняй сітуацыі ў тым, што ў біяграфіі Прылуцкага няма ніякіх згадак пра працу ў футболе. У савецкія часы ён трэніраваў плыўцоў, у суверэнныя (па 2019 год) быў кіраўніком або членам навуковых груп у зборных па плаванні, біятлоне, фрыстайле, дзюдо, сінхронным плаванні. Знайсці інфармацыю пра занятак Прылуцкага ў згаданых камандах складана. Выявілася хіба што яго невялікае інтэрв’ю з 2002-га, дзе ён расказваў пра, на яго думку, вельмі важную методыку, звязаную са «ступенню ўзаемадзеяння паўшар’яў галаўнога мозгу з часткамі цела чалавека».

«У біятлоне ўсе страляюць з правага боку. Адна вядомая беларуская біятланістка на трэніроўках трапляла ў цэль 100 стрэламі са 100, а на спаборніцтвах у стрэсавай сітуацыі ішлі промахі. Пачалі абследаваць – аказалася, што ў яе паўшар’і працуюць па-іншаму. Яе трэба было вучыць страляць злева», – заяўляў Прылуцкі.

Футбол жа ёсць толькі ў дапаможніках Прылуцкага. Так, у 2006-м у суаўтарстве з Кавалёвым і яго калегам па футбольных даследаваннях у БДУФК і СКВІЧ Генадзем Рымашэўскім Прылуцкі стаў аўтарам 77-старонкавых метадычных рэкамендацый для «пабудовы і рэалізацыі навучальна-трэніровачнага працэсу ў гадавым цыкле падрыхтоўкі футбалістаў 15-17 гадоў». А ў 2022-м у гэтай жа групы аўтараў у кампаніі з Васілевічам выйшлі два вучэбна-метадычныя дапаможнікі: «Комплексны кантроль падрыхтаванасці футбалістаў» на 131 старонку і «Падрыхтоўка кваліфікаваных футбалістаў у гадавым макрацыкле» на 74 старонкі.

Прылуцкі доўгія гады выкладае ў БДУФК – адносіцца да кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і спорту. Дысцыпліны чытае не футбольныя, а агульныя – «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання», «Тэорыя спорту» і «Сучасныя праблемы фізічнай культуры і спорту».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты