Усе навіны

Іван Ціхан: «Спадзяемся, што нас дапусцяць на Азіяцкія гульні цi на чэмпіянаты краін, можа, Ірана»

18 студзеня 2023, 15:06

Кіраўнік БФЛА Іван Ціхан расказаў пра магчымыя старты ў Азіі, якія змогуць замяніць міжнародныя спаборніцтвы ў перыяд адхілення.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Падрыхтоўка да Алімпіяды [2024 года ў Парыжы] ідзе. Мадэлі падрыхтоўкі ўзгоднены, нацыянальная каманда прайшла атэстацыю – усё гэта вядзецца. Сказаць, што мы ў баявым духу ўсё, так… Але, на жаль, ёсць пытанне з тым, што нас не дапушчаюць [на міжнародныя спаборніцтвы], мы не можам [выступаць].

А паколькі лёгкая атлетыка не можа нават спаборнічаць з лёгкаатлетамі Расіі, таму што расійскі бок адхілены, мы знаходзімся ў ізаляцыі.

На сённяшні дзень вядуцца перагаворы з азіяцкім бокам аб тым, каб нашы вядучыя спартсмены мелі магчымасць выехаць на іх унутраныя чэмпіянаты і прадэманстраваць свой узровень падрыхтоўкі. Ну і каб яны не страцілі практыку менавіта міжнародных спаборніцтваў.

У 2022 годзе павінны былі Азіяцкія гульні праходзіць у Кітаі, але яны перанесліся на гэты год, восенню будуць праходзіць, таму мы спадзяемся, што, магчыма, нас туды дапусцяць, цi на ўнутраныя чэмпіянаты краін: можа, Іран, Індыя нас запрашала да сябе», – распавёў Ціхан.