Усе навіны

Украінская чэмпіёнка АГ Саладуха: «Крэмль ператварыў спорт у адну са сваіх ідэалагічных апор»

11 кастрычніка, 14:21

Народная дэпутатка і выконваючая абавязкі прэзідэнта Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны Вольга Саладуха падзялілася думкамі аб расійскім уплыве на спартыўную сферу.

«Расія адкрыта плюе на ўсе алімпійскія прынцыпы і правілы, а МАК думае, ці вяртаць расіян на міжнародныя спартыўныя арэны.

Размова ідзе не толькі аб агрэсіі супраць Украіны, мілітарызацыі расійскага спорту, прапагандзе вайны ў самых агідных яе праявах. Расіяне грэбуюць агульнапрызнанымі антыдопінгавымі нормамі. У прыватнасці, WADA прыняла рашэнне падоўжыць санкцыі супраць Расіі з-за невыканання ёю антыдопінгавага кодэкса.

Мы ўсе памятаем страшэнныя гісторыі аб замене аналізаў пад назіраннем расійскіх спецслужбаў. Гэтыя практыкі нікуды не зніклі, яны працягваюцца.

Крэмль ператварыў спорт у адну са сваіх ідэалагічных апор. Таму яму ўвесь час патрэбны толькі перамогі. Перамогі ж дасягаюцца за кошт накачкі забароненымі прэпаратамі. Гэта значыць, адбываецца не спаборніцтва сілы, волі і духа, а гонка вытворцаў транквілізатараў.

Усё гэта выдатна вядома кіраўніцтву МАК і асабіста Томасу Баху. І ўжо адны гэтыя факты – дастатковая падстава, каб захоўваць суровы бан на ўдзел расіян у міжнародных спаборніцтвах не толькі пад сваім, але і пад нейтральным сцягам.

Таму «разважанні» Камітэта – гэта следства намаганняў расійскіх лабістаў, якія хочуць любой цаной вярнуцца ў вялікі спорт. Украіна разам з саюзнікамі зробіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося.

Апошні абуральны факт – уключэнне Расіяй у алімпійскія рады часова акупаваных украінскіх тэрыторый – з’яўляецца яшчэ адной публічнай аплявухай міжнароднага алімпійскага руху. Ці стрывае гэта МАК? Спадзяемся ў яго хопіць прынцыповасці, годнасці і сумленнасці на адэкватны адказ», – сказала Саладуха.