Усе навіны

Пісторыус, асуджаны за забойства сваёй дзяўчыны, датэрмінова вызвалены з турмы

5 студзеня, 12:30

Паралімпійскага бегуна Оскара Пісторыуса датэрмінова вызвалілі пасля дзевяці гадоў зняволення за забойства сваёй дзяўчыны Рывы Стэнкамп.

У Дзень святога Валянціна ў 2013 годзе Пісторыус застрэліў 29-гадовую Стэнкамп праз дзверы ваннай іх дома ў сталіцы Паўднёвай Афрыкі Прэторыі. У судзе Оскар сцвярджаў, што думаў, што рабаўнік трапіў у ванны пакой.

Спачатку Пісторыус быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі, затым суд павялічыў тэрмін да 13 гадоў. У сакавіку 2023 года Дэпартамент папраўчых службаў пастанавіў, што Оскар не адседзеў дастаткова часу, каб прэтэндаваць на датэрміновае вызваленне.

Аднак, як пастанавіў Канстытуцыйны суд Паўднёвай Афрыкі, Оскар меў права выйсці на волю яшчэ 21 сакавіка, калі прайшла палова тэрміна яго зняволення. Згодна з законамі ПАР, тыя, хто ўчыніў цяжкае злачынства, павінны адбыць не менш за палову тэрміну пакарання, каб мець права на датэрміновае вызваленне.

Пісторыус стаў першым у гісторыі паралімпійцам, які прыняў удзел у Алімпійскіх гульнях – паўднёваафрыканец выступіў на Гульнях 2012 года ў Лондане.

37-гадовы Пісторыус з'яўляецца шасціразовым чэмпіёнам Паралімпійскіх гульняў.