Усе навіны

Спецыяліст з белбіятлона пра міжнародны бан: «За мінулы сезон Беларусь атрымала ў раёне 300 тысяч еўра ад IBU. Зараз кішэні чыноўнікаў і функцыянераў пусцеюць»

29 снежня 2022, 15:32

Спецыяліст з беларускага біятлону ў інтэрв'ю «Трыбуне» на ўмовах ананімнасці расказаў пра тое, як уплывае адхіленне беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў на фінансаванне віду спорту.

Нагадаем, што IBU адхіліла прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Наколькі працяг бана стала адчувальным ударам па зборнай?

– Не скажу дакладна, як адрэагавалі хлопцы, асабіста ні ў каго не пытаўся пра гэта. Але дакладна, што ўсе гэтыя санкцыі ў спартыўным плане на камандзе асабліва не адбіліся. Спартсмены як трэніраваліся, так і працягнулі трэніравацца. Бегаюць, каб паказаць тое, на што здольныя, пры гэтым не важна, дзе ты – у Расіі, Аўстрыі ці Канадзе. Так, калі побач бягуць моцныя сапернікі, можна ўчапіцца, паглядзець на сябе на ўзроўні топаў, але, калі так казаць, дык адсутнасць такой магчымасці на трэніровачны працэс не ўплывае.

Больш балючы для беларускага біятлону момант – гэта тое, што кішэні чыноўнікаў і функцыянераў пусцеюць. За кожнага спартсмена на кожным этапе Кубка свету федэрацыі ад IBU належыць 1500 долараў – па сутнасці, пакрыццё выдаткаў на пераезды, нейкія выдаткі. За этапы Кубка IBU – па 750 даляраў за спартсмена. У канцы сезона кожнай краіне IBU выплачвае адзіную кампенсацыю. За мінулы сезон Беларусь атрымала каля 300 тысяч еўра. Куды гэтыя грошы потым пайшлі – не ведаю.

– А самі спартсмены атрымлівалі нейкую частку грошай ад IBU?

– Няма нічога. У атлетаў ёсць стаўка ад Мінспорту, стыпендыя, прызавыя ад этапаў Кубка свету – і ўсё, у прынцыпе. Так што санкцыі - гэта больш пакаранне для федэрацыі, таму што грошы туды больш не паступаюць. А спартмены як атрымлівалі сваю тысячу рублёў ад міністэрства спорту, так і атрымліваюць. Праўда, хоць нейкія прызавыя для беларускіх біятланістаў зараз ёсць толькі на Кубку Садружнасці, так што можна сказаць, што бан б'е па кашальку і атлетаў.

– У чым іх матывацыя выступаць, улічваючы, што няма прызавых, няма побач топавых супернікаў?

– У тых, у каго нічога няма, хто шмат чаго яшчэ не дамогся, матывацыя – гэта імкнуцца прагрэсаваць нават у такіх умовах і спадзявацца, што ў хуткім часе бан знімуць, што зноў можна будзе ездзіць на чэмпіянат свету і Еўропы.

– А што тычыцца матывацыі тых, хто ўжо шмат чаго дабіўся да санкцый?

– Па сутнасці, яны ў зборнай толькі для таго, каб працягваць атрымліваць свае заробкі, стыпендыі. Плывуць па цячэнні, і, мяркуючы па ўсім, усіх усё задавальняе. Трэніруюцца, ездзяць на спаборніцтвы, жывуць сённяшнім днём, – распавёў спецыяліст.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.