Усе навіны

Прэзідэнт IBU Далін: «На фоне летніх АГ для нас, як Федэрацыі зімовых відаў спорту, пытанне вяртання расіян і беларусаў не стаіць на павестцы дня»

26 сакавіка 2023, 15:16

Прэзідэнт Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) Оле Далін расказаў, ці плануюць яны вяртаць расіян і беларусаў у спаборніцтвы.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

– Пасля пачатку агрэсіі з боку Расіі, IBU стаў лідарам сярод міжнародных спартыўных федэрацый па пакаранні прадстаўнікоў краін-агрэсараў. Ці так аднадушна меркаванне біятлоннай супольнасці з нагоды падтрымкі Украіны і зараз?

– Просты адказ – так. На кангрэсе ў верасні ў нас было галасаванне па гэтым пытанні па двух пунктах, і вынікам стала вельмі моцная падтрымка Федэрацыі біятлону Украіны. І наша падтрымка будзе працягвацца да таго часу, пакуль сітуацыя не палепшыцца.

– Замест гэтага мы маем прыклад Мартэна Фуркада, які ў якасці члена Камітэта атлетаў МАК прасоўвае ідэю допуску спартсменаў Расіі і Беларусі на Алімпійскія Гульні. Якое вашае персанальнае стаўленне да гэтага?

– Я ведаю, што МАК шукае шляхі вяртання расійскіх і беларускіх спартсменаў на Алімпіяду. Для нас, як для Федэрацыі зімовых відаў спорту, гэтае пытанне зараз не стаіць на павестцы дня. Магчыма, для летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе гэта больш прыярытэтна. Што тычыцца IBU, мы стаім на сваім і прытрымліваемся рашэння Кангрэса, – сказаў Далін.