Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Ужо чатыром краінам пагражала выключэнне з ЧС-2022. Прычыны – ад канфлiкту са спонсарам да дапамогi Расii ваяваць

Ужо чатыром краінам пагражала выключэнне з ЧС-2022. Прычыны – ад канфлiкту са спонсарам да дапамогi Расii ваяваць

Але, вiдаць па ўсiм, ФIФА не хоча замен.

Аўтар — bytribuna com
8 лістапада 2022, 06:16
1
Ужо чатыром краінам пагражала выключэнне з ЧС-2022. Прычыны – ад канфлiкту са спонсарам да дапамогi Расii ваяваць

З набліжэннем ЧС-2022 у Катары паболела размоў пра выключэнне якой-небудзь зборнай з лiку ўдзельнікаў. Пакуль ФІФА так і не вырашылася на такі кардынальны крок ні ў адным з выпадкаў, але вось якiя ёсць кандыдаты.

Камерун – з-за разрыву кантракта са спонсарам

Самы свежы выпадак. Яшчэ нядаўна легенда камерунскага футбола Самюэль Эта'О бадзёра заяўляў, што задача Камеруна на ЧС-2022 – пакінуць турнір 18 снежня (гэта значыць пасля фіналу), а зараз наогул пад пытаннем паездка каманды ў Катар.

Справа ў тым, што Камерун у кваліфікацыі да ЧС выступаў у форме французскага брэнда Le Coq Sportif, але пасля выхаду на турнір камерунская федэрацыя футбола у аднабаковым парадку скасавала кантракт. Замест дамовіліся пра супрацоўніцтва з амерыканцамі з One All Sports, якія і распрацавалі для зборнай Камеруна форму на Катар.

Le Coq Sportif гэта абурыла, яны паскардзіліся ў суд. Камерунцы па-ранейшаму адмаўляюцца выступаць не ў форме One All Sports. ФІФА ўжо ўмяшалася ў сітуацыю, відаць, устаўшы на бок французскага вытворцы. А СМI заяўлялi, што мiжнародная федэрацыя нават гатовая з-за гэтага пазбавіць Камерун права на ўдзел у ЧС. Але ж удзельнікi канфлікту пакуль не пракаментавалі нічога публічна.

У любым выпадку будзе як мінімум камічна, калі ФІФА адхіліць Камерун з-за гісторыі з экіпіроўкай, але пакіне Іран.

Іран – з-за паставак Расіі зброi для вайны з Украінай (але ж ФІФА просіць «не зацягваць футбол у палітыку»)

Размовы пра нядопуск зборнай Ірана да ЧС-2022 ідуць увесь год. Яны пачалiся яшчэ ў сакавіку, калі на матч Іран – Ліван не ўпусцілі 2 тысячы жанчын, што супярэчыць прынцыпам даступнасці ФІФА. Але тады прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына пракаментаваў лаканічна: «Будзем сур'ёзнымі, калі ласка».

Праз колькі месяцаў сітуацыя стала вельмі сур'ёзнай. У верасні па ўсім Іране ўспыхнулі масавыя пратэсты з-за гібелі ў Тэгеране 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні – яе затрымалі з-за няправільнага нашэння хіджабу, i жывой з лап сiлавiкоў яна не выйшла. Па мітынгоўцах сiлавiкi адкрывалі агонь, што прывяло да сотняў ахвяр. Дайшло да таго, што ў кастрычніку група іранскіх футбалістаў звярнулася лістом да ФІФА з просьбай выключыць іх зборную з ЧС-2022 за «жорсткасць і ваяўнічасць краіны ў адносінах да ўласнага народа».

Услед за гэтым данецкі «Шахцёр» і Украінская асацыяцыя футбола таксама звярнуліся ў ФІФА, заклікаючы выключыць Іран за тое, што ўрад краіны пастаўляе Расіі дроны і ракеты ўласнай вытворчасці для вайны ва Украіне, якую Расiя працягвае з 24 лютага з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

Але і тут адказ Інфантына не быў станоўчым. Прэзідэнт ФІФА папрасіў «сканцэнтравацца на футболе» і «не зацягваць футбол у кожнае ідэалагічнае або палітычнае супрацьстаянне, якое існуе».

Эквадор – з-за магчымага фіктыўнага грамадзянства гульца (ФІФА двойчы адхіляла прэтэнзii)

Зборная Эквадора кваліфікавалася на ЧС у Катары як чацвёртая каманда ў паўднёваамерыканскім адборы. Але ўжо пасля яго заканчэння Чылі, што фінішавала сёмым, паскардзілася ў ФІФА – маўляў, адзін з гульцоў эквадорскай зборнай Байран Кастылья, які прыняў удзел у васьмі матчах кваліфікацыі, насамрэч з'яўляецца калумбійцам.

Чылійцы разлічвалі на дыскваліфікацыю Эквадора і прызначэнне зборнай тэхнічных паражэнняў, з улікам якіх менавіта Чылі займала б чацвёртае месца.

ФІФА адкрыла дысцыплінарную справу на падставе прадстаўленых чылійцамі аргументаў, але праз месяц адхіліла апеляцыю. Чылі не здалося і праз некалькі месяцаў ужо разам з Перу прадставіла iншыя сведчаннi наконт неадпаведных дакументаў Кастылья. Дарма – ФІФА прыняла довады Эквадора і адхіліла апеляцыю зноў. Таму эквадорцы збераглі сваё месца ў Катары.

Туніс – з-за магчымага ўмяшальнiцтва дзяржавы ў футбол

А гэта выпадак, дзе ФІФА ўмяшалася ў сітуацыю загадзя. Гэта адбылося ў мінулым месяцы пасля заяваў міністра моладзі і спорту Туніса Камеля Дэгіша. Ён адзначыў, што мае па заканадаўству магчымасць распусціць футбольную федэрацыю, працай якой незадаволены ў краіне.

У адказ ФІФА накіравала Федэрацыі футбола Туніса ліст, дзе зазначалася – члены ФІФА юрыдычна абавязаны весці свае справы незалежна, без уплыву трэціх асоб. Калі гэтага не выконваць, ФІФА будзе караць такія федэрацыі санкцыямі, у тым ліку пазбаўленнем членства. А гэта азначала б нядопуск Туніса да ЧС у Катары.

Пасля гэтага, мяркуючы па ўсім, улады ў Тунісе вырашылi, прынамсi, дачакацца ЧС, а ўжо пасля рызыкаваць. Ужо тыдзень у гэтай гісторыі няма працягу і, відавочна, не будзе.

Застаецца загадкавым, чаму ФIФА не дасылае аналагiчны лiст у АБФФ, хаця «мiнiстр спорту» Беларусi Сяргей Кавальчук дэ-факта кiруе беларускай федэрацыяй.

Фота: yangyuanyong/XinHua, Mutsu Kawamori/AFLO, Getty Images

Іншыя пасты блога

Усе пасты