Tribuna/Біятлон/Блогі/О духе времени/Замест Кубка свету ў Рупольдынгу (там было 50К гледачоў!) Алімбекава і Смольскі далі спёкі на Кубку Беларусі пры пустых трыбунах: яна стала найлепшай ажно сярод 7 удзельніц

Замест Кубка свету ў Рупольдынгу (там было 50К гледачоў!) Алімбекава і Смольскі далі спёкі на Кубку Беларусі пры пустых трыбунах: яна стала найлепшай ажно сярод 7 удзельніц

Затое схадзілі на тусоўку да дыктатара.

Аўтар — bytribuna com
17 студзеня 2023, 15:09
Замест Кубка свету ў Рупольдынгу (там было 50К гледачоў!) Алімбекава і Смольскі далі спёкі на Кубку Беларусі пры пустых трыбунах: яна стала найлепшай ажно сярод 7 удзельніц

Традыцыя сусветнага біятлона - пачынаць год этапам Кубка свету ў нямецкім Рупольдынгу. У 2023-м упершыню з сезона-2019/20 этап прайшоў з гледачамі на трыбунах. Па словах арганізатараў, на пяць дзён, што доўжыліся старты, было прададзена каля 50 тысяч квіткоў. І сапраўды - атмасфера на стадыёне і ўздоўж трасы зноў пачала нагадваць дакавідіную.

На поўдні Германіі прайшло шэсць заездаў: і мужчыны, і жанчыны высвятлялі, хто з іх найлепшы ў індывідуальных гонках, мас-старце, а таксама эстафеце. У мужчын 6 з 9 узнагарод забрала нарвежская зборная, прычым павезла з этапа ўсе тры золаты: Ёханэс Бо перамог і ў асабістых гонках, і дапамог эстафетнай зборнай. У мас-старце і ўвогуле ўвесь п'едэстал занялі прадстаўнікі Нарвегіі.

У жанчын усё было куды больш разнастайна: у «індывідуалцы» першынствавала італьянка Ліза Вітоцы, у гонцы з масавым стартам перамагла францужанка Жулія Сімон, а ў эстафеце першымі фінішавалі спартсменкі з Нарвегіі.

Вось яшчэ некалькі атмасферных кадраў са старту. Адчуваеце, як заўзятары сумуюць па зборнай Беларусі?

Забаненыя IBU беларускія біятланісты таксама не сумавалі, бо ў іх праходзіў найважнейшы турнір - Кубак Беларусі (ох, як даўно там не бачылі топаў-суайчыннікаў!). Спаборніцтвы ў Раўбічах разглядаліся як падрыхтоўка да чарговых этапаў Кубка (не свету. а Садружнасці), якія пройдуць усё ў тых жа Раўбічах з 19 па 29 студзеня.

Кубак роднай краіны сваім удзелам ушанавалі Дынара Алімбекава і Антон Смольскі. Праўда, на іх ніхто так і не прыйшоў паглядзець - нават дзіўна, бо Дынара лічыць сябе папулярнай спартсменкай.

У выніку і Алімбекава, і Смольскі без праблем перамаглі і ў спрынце, і ў праследванні. Дынара так і ўвогуле на дзве хвіліны апярэдзіла найбліжэйшую праследавацельніцу ў спрынце, на старт якога выйшлі аж сем удзельніц (другой стала Ірына Кручынкіна, трэцяй - Наталля Карніцкая), і на чатыры хвіліны ў праследванні (срэбра на гэты раз забрала Дар'я Кудаева, бронза зноў засталася за Карніцкай, а Кручынкіна на гонку зусім не выйшла).

У Антона куды больш сціплыя адрывы: 20 секунд у спрынце (срэбра - у Івана Тулаціна, бронза - у Дзмітрыя Лазоўскага) і хвіліна ў пасьюце (тут другім стаў Ілля Аўсеенка, а трэцім зноў фінішаваў Лазоўскі). Пасля праследвання Алімбекава казала пра тое, што ў гонцы ёй можна было і не стартаваць, бо не адчувае канкурэнцыі, адсюль прысутнічала адсутнасць матывацыі. А яшчэ ў верасні фанатка Лукашэнкі не гарэла жаданнем вяртацца да міжнародных стартаў, бо з'явілася магчымасць жыць па-новаму. Напрыклад, патрапіць на святкаванне Старога Новага года да дыктатара (з паездкай у Рупольдынг гэта наўрад ці ўдалося б).

Біятланістка ў сваім профілі Instagram падзялілася кадрамі з вечарынкі, напісаўшы, што ўсё прайшло бліскуча.

Таксама ўраджэнка Казахстана, якая змяніла напярэдадні прозвішча на Смольская, запрасіла ўсіх на старты Кубка Садружнасці. Цікава, ці будзе ўключаны знакаміты адмінрэсурс у выглядзе згону на трыбуны школьнікаў і супрацоўнікаў дзяржустаноў - усё ж з прыездам спартоўцаў з Расіі гонкі набываюць статус міжнародных. На апошнім этапе турніру ў Разані трыбуны стадыёна ўдалося запоўніць.

Праўда, у цэлым карцінка не вельмі ўражавала.

Іншыя пасты блога

Усе пасты