Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Армія Расіі кліча забіваць украінцаў у відэа з беларускім бодзібілдарам у Z-форме – толькі ўзяў трафей на Радзіме, ужо паўставаў фашыстам

Армія Расіі кліча забіваць украінцаў у відэа з беларускім бодзібілдарам у Z-форме – толькі ўзяў трафей на Радзіме, ужо паўставаў фашыстам

Здымаўся ў кліпе спевакоў пад санкцыямі Украіны.

Аўтар — bytribuna com
20 красавіка 2023, 18:30
1
Армія Расіі кліча забіваць украінцаў у відэа з беларускім бодзібілдарам у Z-форме – толькі ўзяў трафей на Радзіме, ужо паўставаў фашыстам

Міністэрства абароны Расіі ў сераду апублікавала ролік, у якім заклікае расіян ісці служыць у армію па кантракце – фактычна цяпер гэта значыць станавіцца часткай акупацыйных фарміраванняў у вайне, якую з 24 лютага працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. У прапагандысцкім відэа з'яўляюцца нібыта ахоўнік магазіна, фітнес-трэнер і таксіст, а на экран выводзяцца пытанні-сумненні ў тым, што яны зрабілі правільны выбар прафесіі. У канцы ўсе трое аказваюцца са зброяй у руках і ў вайсковай форме з літарай Z, сімвалам акупантаў, а на экране з'яўляецца тэкст: «Ты ж мужык. Будзь ім», – і грашовыя сумы, якія абяцаюць плаціць за гатоўнасць забіваць іншых людзей.

Пры гэтым, як высветлілі расійскія незалежныя СМІ, дастатковую колькасць расіян не знайшлі нават для выканання трох роляў у роліку. Фітнес-трэнерам паўстаў грамадзянін Беларусі Максім Шалыпін. Журналістам ён адмовіўся сцвярджальна адказваць на пытанне, ці ён здымаўся для расійскіх сілавікоў, але фатаграфій і відэа ў акаўнце Шалыпіна для параўнання з новым ролікам дастаткова.

34-гадовы Шалыпін нарадзіўся і вырас у Віцебску, дзе скончыў гімназію №7. У дзяцінстве хлопец любіў гуляць у футбол і меў звычайны целасклад, але ў 18 гадоў вырашыў умацоўвацца – чэрпаў веды з кніг і інтэрнэту і займаўся дома. Пасля года паспяховых трэніровак Шалыпін пачаў хадзіць у трэнажорную залу, а яшчэ праз год вырашыў паспрабаваць сябе на чэмпіянаце Беларусі па бодзібілдынгу. Там навічок нечакана заняў другое месца сярод юніёраў у вазе да 75 кг і пасля гэтага стаў актыўна выступаць на спаборніцтвах у Беларусі і Расіі, дзе нярэдка заваёўваў медалі. Напрыклад, у 2012-м Максім стаў трэцім на чэмпіянаце Расіі, а ў наступным годзе ўзяў бронзу на Кубку свету ў Маскве.

Цяпер Шалыпін жыве ў Маскве, дзе займаецца бодыбілдынгам па пяць-шэсць разоў на тыдзень і працуе, як і паказана ў расійскім відэа, трэнерам у фітнес-клубе. У сацсетках мужчына называе сябе «фанатыкам-культурыстам», а таксама мадэллю і акцёрам, што тлумачыць, як яго знайшлі стваральнікі роліка. Таксама Шалыпін лічыць сябе байкерам і дыетолагам, прасоўваючы розныя біядабаўкі.

Працягвае ён выступаць і на спаборніцтвах, прычым у асноўным беларускіх. Толькі 8 красавіка Шалыпін паўдзельнічаў у чарговым чэмпіянаце Беларусі – і ў катэгорыі да 90 кг стаў другім з шасці ўдзельнікаў, саступіўшы пераможцу зусім няшмат. Гэта прагрэс – год таму КМС па бодзібілдынгу быў трэцім. А ўжо 15 красавіка 2023-га Шалыпін стаў уладальнікам «Кубка жалезнага льва» ў Магілёве. Для спартсмена тытул аказаўся доўгачаканым. «Ураааааа! Я нарэшце зрабіў гэта. Гэта было жорстка, гэта было моцна, але я нумар 1», – запосціў віцебскі спартсмен у Instagram.

Што тычыцца работ перад камерай, то самым папулярным відэа з удзелам Шалыпіна з'яўляецца леташні кліп расійскіх выканаўцаў Міхаіла Шуфуцінскага і Ягора Крыда (абодва пад санкцыямі Украіны за розныя дзеянні ў падтрымку акупацыі) на рэмейк песні «3 верасня», які набраў 20 мільёнаў праглядаў на YouTube.

У сацсетках Шалыпіна можна знайсці нямала фатаграфій з расійскімі зоркамі падчас здымак у серыялах, кліпах ці рэкламах, дзе беларускаму бодзібілдару давалі невялікія ролі. Ну а ў адным фільме Шалыпін ужо выконваў ролю акупанта, якую прымерыў на сябе і цяпер, – граў гітлераўскага салдата, які ахоўваў канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд.

Іншыя пасты блога

Усе пасты