Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Белфутбол шчодра палілі ідэалогіяй да 9 мая: савецкія сцягі на гульцах, колеры рэжыму – ужо і на трэнерах, песні, дзе «быццам Расію абняў»

Белфутбол шчодра палілі ідэалогіяй да 9 мая: савецкія сцягі на гульцах, колеры рэжыму – ужо і на трэнерах, песні, дзе «быццам Расію абняў»

Вось і змены пры Шарснёве.

Аўтар — Бэзавы Кіт
6 траўня 2023, 05:21
1
Белфутбол шчодра палілі ідэалогіяй да 9 мая: савецкія сцягі на гульцах, колеры рэжыму – ужо і на трэнерах, песні, дзе «быццам Расію абняў»

5 траўня стартаваў 7-ы тур ЧБ – бліжэйшы да 9 мая, дня капітуляцыі фашысцкай Германіі ў 1945-м. Ужо не першы год АБФФ адчувае да гэтай даты асаблівы піетэт – але ў 2023-м усё аказалася яшчэ больш ідэалагічна выверана, чым раней.

Па-першае, была прыдуманае новаўвядзенне для ўсіх гульцоў – яны выходзілі на матчы ў спецыяльных майках. На іх было напісана «З днём Вялікай Перамогі!» – а на фоне знаходзілася фота ўзняцця савецкага сцяга ў Берліне з каляровым акцэнтам на гэты самы савецкі сцяг.

Па-другое, вярнуліся чырвона-зялёныя бутаньеркі. У 2021-м АБФФ настойліва прапаноўвала апранаць іх рэферы «святочнага» тура (адмова была магчымая, але потым каралася), у 2022-м судзілі без іх – але зараз яны зноў былі на грудзях арбітраў.

Але, як аказалася, пры новым кіраўніку АБФФ Мікалаi Шарснёве выкарыстанне бутаньерак пашырылася – цяпер іх начапілі яшчэ і на галоўных трэнераў. Праўда, Дзмiтрый Молаш з «Тарпеда-БелАЗ» дыскваліфікаваны – так што, магчыма, яго гэтая доля мінула (ну ці ён проста не патрапіў у трансляцыю). А вось Дзмiтрый Камароўскі з «Іслачы», Іван Бiёнчык са «Славіі» і Аляксандр Гурыновіч са «Слуцка» (роўна як і яшчэ некаторыя людзі ў іх штабах, ды і ў штабе жодзінцаў) былі з чырвона-зялёным на грудзях – прычым візуальна памер большы за судзейскі.

На гэтым прышчэпка ідэалогіі не скончылася – да матчаў у мікрафоны на стадыёнах спявалі расійскія ваенныя песні. У Маладзечне, дзе «Іслач» прымала «Славію», выконвалася «Кацюша» – прычым спявала зусім юная дзяўчынка, на якую таксама начапілі колеры рэжыму. Ну а ў Жодзіне матчу «Тарпеда-БелАЗ» і «Слуцку» папярэднічаў «Майскі вальс» – кампазіцыя са словамі «вальс рускі граў наш салдат» і «гармонь сваю да сэрца прыціснуў, як быццам Расiю абняў».

Сам футбол за такім антуражам адышоў на другі план – і атрымаўся не самым яркім: «Славія» адолела «Іслач» (1:0) дзякуючы голу Андрэя Кобеца з недарэчнага, але па-судзейску правільнага пенальці, калі Алег Патоцкі згуляў рукой на самым краі штрафной, а «Тарпеда-БелАЗ» і «Слуцк» згулялі ўнічыю (1:1) з галамі спачатку Ігара Зайца за гасцей, а потым Яўгена Шаўчэнкi за гаспадароў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты