Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Адзін з галоўных талентаў Беларусі ў боксе: сышоў са зборнай на фоне канфлікту з чыноўнікамі, прабіваецца ў профі, дзе ўзняўся вышэй, чым усе папярэднікі

Адзін з галоўных талентаў Беларусі ў боксе: сышоў са зборнай на фоне канфлікту з чыноўнікамі, прабіваецца ў профі, дзе ўзняўся вышэй, чым усе папярэднікі

Мае кантракт з кампаніяй, на якую працавалі Галоўкін і браты Клічко.

Аўтар — bytribuna com
12 чэрвеня, 12:37
Адзін з галоўных талентаў Беларусі ў боксе: сышоў са зборнай на фоне канфлікту з чыноўнікамі, прабіваецца ў профі, дзе ўзняўся вышэй, чым усе папярэднікі

3 чэрвеня беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў атрымаў сёмую перамогу ў прафесійным рынгу, прымусіўшы ў Гамбургу секундантаў венесуэльца Крысціяна Авілы выкінуць белы ручнік. Асанаў у рэйтынгу профі ўзяўся так высока, як не ўдавалася нікому з яго суайчыннікаў у лёгкай вазе. Пры гэтым ён па-ранейшаму трымае ў галаве магчымае вяртанне ў аматары, каб паехаць на свае трэція Алімпійскія гульні. У свой час баец трапляў пад рэпрэсіі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, але пры гэтым застаецца адным з самых топавых баксёраў Беларусі.

Вось на каго сёння працуе Асанаў і што ў яго атрымліваецца на прафесійным узроўні.

Мог сысці ў профі яшчэ ў 2015-м, але трымаўся дзеля Алімпіяд

Яшчэ ў 2015-м баксёр атрымаў канкрэтную прапанову ад адной з амерыканскіх прамоўтэрскіх кампаній, але вырашыў, што ў 19 не гатовы сыходзіць з аматарскага спорту.

- Мне тэлефанавалі з Нью-Ёрка, прапаноўвалі перайсці ў прафесійны бокс і займацца ім у Амерыцы. Адказаў, што пакуль не гатовы. Цяпер для мяне галоўная мэта - Алімпіяда-2016 у Рыа-дэ-Жанейра. Вось кваліфікуюся на яе, выступлю, а тамака паглядзім. Яны згодныя пачакаць. Сказалі, што магу звязвацца з імі і да Алімпіяды, калі перадумаю, - распавядаў спартовец пасля Еўрапейскіх гульня ў Баку, дзе ўзяў срэбра.

У Рыа Асанаў трапіў дзякуючы бронзе чэмпіянату свету-2015, аднак у Бразіліі выступіў не надта ўдала. У вагавой катэгорыі да 56 кг у 1/8 фіналу раздзельным рашэннем суддзяў (1:2 па раўндах) саступіў прадстаўніку Манголіі Цэндбаатару Эрдэнябату.

У 2018-м беларус наблізіўся да прафесійнага статуса. Атрымаў запрашэнне ад клуба "Брытанскія львіныя сэрцы" ў баксёрскай Лізе чэмпіёнаў - турніры Сусветнай серыі бокса (WSB). Са сваёй камандай ён заняў трэцяе месца.

- Гэта вельмі цікавы турнір, у якім удзельнічаюць толькі топавыя атлеты-аматары. У ім шмат рэчаў ад прафесійнага бокса, што робіць паядынкі асабліва цікавымі для публікі. Напрыклад, мы б'емся без маек, у больш жорсткіх пальчатках і паядынак доўжыцца пяць раўндаў, - тлумачыў пасля Дзмітрый.

Аднак і тады пераход у профі не адбыўся. На гарызонце былі Еўрапейскія гульні ў Мінску. Там баксёр выйграў вагавую катэгорыю да 60 кг. Прапаноў ад прамоўтэраў стала яшчэ больш, але хацелася трапіць на Алімпіяду ў Токіа.

У Японію баксёр прабіўся, але зноў вылецеў у 1/8 фіналу, дзе раздзельным рашэннем суддзяў (2:3) прайграў бразільцу Вандэрсану дэ Алівейры.

- Мая дзіцячая мэта абрынулася з абвяшчэннем выніку майго апошняга бою на Алімпійскіх гульнях у Токіо! На вялікі жаль і з вялікай верагоднасцю, гэта былі апошнія Гульні для мяне! - напісаў Асанаў пасля бою ў Instagram.

А ўжо менш чым праз два тыдні ён заявіў, што канчаткова вырашыў пераходзіць у прафесіяналы, таму што не мог "больш стаяць на месцы ў развіцці як спартовец".

Пры гэтым яшчэ за некалькі месяцаў да такійскай Алімпіяды Асанаў мог выйсці на прафесійны рынг у Мінску - у "Фалькон Клабе" ў красавіку 2021-га прайшоў вечар бокса з удзелам спартоўцаў з Грузіі, Расіі, Узбекістана і Беларусі. Фатаграфію Асанава размясцілі на афішы, аднак за пяць дзён да турніру сам баксёр у Instagram паведаміў, што бой з яго ўдзелам не адбудзецца. Як аказалася, так званае міністэрства спорту і федэрацыя бокса Беларусі не ўхвалілі ўдзел Асанава ў турніры, прычым агучылі забарону незадоўга да бою.

Стопрацэнтны паказчык і кантракт з топавай прамоўтарскай кампаніяй

У канцы 2021-га Асанаў пацвердзіў, што не будзе працягваць кантракт са зборнай, бо сыходзіць у профі. 19 лютага 2022-га адбыўся першы бой у новым статусе: у другім раундзе на турніры ў Гамбургу быў пераможаны прадстаўнік Нікарагуа Нестар Марадыага (да бою з Асанавым лацінаамерыканец меў 9 перамог, 14 паразаў і 2 нічыі). Паядынак спынілі суддзі.

Той бой, па сутнасці, быў праглядальным для нямецкай прамоўтарскай кампаніі Universum Box-Promotion.

- З гэтай кампаніяй адразу ўзнік узаемны давер. Дамовіліся з менеджарам так: праводжу адзін бой, не маючы працоўнай дамовы. Падабаюся - падпісваем кантракт. Я пайшоў насустрач, калі правёў 19 лютага паядынак, яшчэ не прадстаўляючы кампанію, а потым - [пайшлі насустрач] мне, - распавядаў Асанаў.

У сакавіку 2022-га беларус-легавагік (катэгорыя да 61 кг) падпісаў з кампаніяй двухгадовы кантракт. Згодна з ім, за гэты час Асанаў павінен правесці 10 баёў. Са свайго боку немцы забяспечваюць Асанаву і яго жонцы кватэру ў Гамбургу, дзе ён рыхтуецца да баёў, даюць умовы для трэніровак. Таксама жыллём забяспечваецца трэнер баксёра Юрый Чуйко.

Чуйко доўгі час працаваў старшым трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, разам з Асанавым ездзіў на Алімпіяду ў Рыа, але 1 студзеня 2022 года разам з Дзмітрыем пакінуў нацыянальную каманду, каб сканцэнтравацца на працы з канкрэтным спартоўцам.

На сёння Асанаў правёў сем прафесійных баёў. За год з невялікім у сусветным рэйтынгу BoxRec ён прасунуўся з трэцяй сотні на 73-ю пазіцыю. Асанаў стаў першым беларускім баксёрам лёгкай вагавой катэгорыі, хто ўвайшоў у топ-75 найлепшых легкавагавікоў свету.

Што да баёў, то праходзілі яны ў трох гарадах Нямеччыны. У рэкардзе беларуса - выключна перамогі. Тры паядынкі завяршыліся датэрмінова. Адметна, што Асанаў баксаваў выключна з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі. Паспеў пабіць калумбійца, венесуэльца, двух мексіканцаў і трох спартсменаў з Нікарагуа.

Асанаў кажа, што ад выступаў у Нямеччыне ён атрымлівае задавальненне.

- Ад аматарскага бокса прафесійны адрозніваецца кардынальна. Найперш стаўленнем да справы. Прафесіянал не мае права на памылку. Будзеш прайграваць - ніхто з табой працаваць не стане. Калі і церпіш паразу, то толькі ў добрым баі. Антураж на арэнах умяшчальнасцю 5-15 тысяч гледачоў каласальны. Ты ўвесь час у цэнтры ўвагі гледачоў і журналістаў. Павінен быць цудоўна гатовы псіхалагічна. Гэта ў футболе можна не забіць гол з добрай пазіцыі або аддаць недакладную перадачу, і ўсе забудуцца праз некалькі хвілін, а тут упаў на рынгу - і ўся ўвага шматтысячнай публікі прыкаваная да тваёй няўдачы, - распавядаў спартовец.

Што да фінансаў, то Асанаў прызнаваўся, што яму было нязвыкла, калі ў першы месяц пасля сыходу са зборнай яму на картку не ўпала фіксаваная сума. Цяпер грошы баксёр атрымлівае за баі. Заробак складаецца з выплат спонсараў, працэнта ад платных прамых трансляцый, ганарару за бой ад арганізатараў (фіксаваная сума з магчымай прэміяй) і працэнт з продажу брэндавай прадукцыі ў выпадку, калі баец вядомы і мае вялікую колькасць фанатаў.

Акрамя таго, Асанаў ужо некалькі гадоў трэніруе сам. У спартсмена вышэйшая педагагічная адукацыя і дыплом магістранта БДУФК. Ён вядзе трэніроўкі ў мінскім клубе Gridin Gym (яго стварылі трэнер Андрэй Грыдзін і яго вучань, топ-баец Чынгіз Алазаў) у дзяцей і дарослых. Трэніроўкі не спыняюцца нават пры ад'ездзе ў Германію - Асанаў дасылае заданні ў фармаце відэа.

А што за кампанія, з якой у Асанава кантракт?

Universum Box-Promotion - адна з топавых прамоўтэрскіх кампаній у боксе. Яна была створана яшчэ ў 1984 годзе для арганізацыі прафэсійных баёў у Гамбургу. З часам стала сусветным брэндам, але ў 2012-м уладальнік Вальдэмар Клюх аб'явіў пра яе банкруцтва, а заадно звінаваціў свайго папярэдніка Клаўса-Пітэра Коля ў неаплаце рахункаў на суму больш за 1,5 мільёна еўра.

У 2019-м кампанію пад сваё крыло ўзяў прамоўтэр Ісмаіл Азен-Ата. Яго задача - вярнуць брэнду былую веліч.

Кантракты з кампаніяй маюць усяго сем баксёраў у розных вагавых катэгорыях: беларус, тры немцы, аргентынец, казахстанец і кубінец, які жыве ў Нямеччыне. Яшчэ некалькі спартоўцаў выступаюць без кантрактаў.

Трэба адзначыць, што ў свой час Universum Box-Promotion супрацоўнічала з легендарнымі ўкраінцамі братамі Клічко. Праўда, пасля растання баксёры яшчэ пяць гадоў судзіліся з кампаніяй, якая і ініцыявала разбіральніцтвы. Браты пасля заканчэння кантрактаў заснавалі сваю прамоўтарскую кампанію К2, але, па перакананні іх былога прамоўтэра (якраз Коля), кантракт на той момант яшчэ не быў скончаны. Клічко даказалі сваю праўду, і ў 2009 годзе суд пакінуў пазоў на пяць мільёнаў еўра без здавальнення.

Таксама з брэндам Universum Box-Promotion у свой час былі звязаны такія вядомыя баксёры, як казахстанец Генадзь Галоўкін і расіянін Мікалай Валуеў.

А што наконт Алімпіяды-2024?

Цяпер Асанаў выступае выключна ў прафесійным боксе, аднак новыя правілы дапускаюць удзел профі ў Алімпійскіх гульнях. А беларус ужо казаў, што хоча яшчэ з'ездзіць на Гульні. Гэты момант спецыяльна агаворваўся ў кантракце з нямецкай кампаніяй.

- Гэта як раз галоўная і адзіная ўмова, якую высоўваў пры падпісанні прафесійнага кантракту. Настойваў на ўключэнні ў яго пункта, які дазваляў бы вярнуцца ў аматары. З тымі, хто не адрэзаў мне дарогу назад, працягваў дыялог і абмяркоўваў далейшыя дэталі супрацы, з астатнімі спыняў. У нямецкай кампаніі да мяне прыслухаліся, і ў выніку ўдарылі па руках. Адзінае - трэба папярэджваць загадзя, калі вырашу прыпыніць прафесійную кар'еру, - распавядаў Асанаў.

Адсутнасць кантракта з нацыянальнай зборнай Беларусі, на думку спартоўца, не павінна стаць перашкодай. Для заваявання алімпійскай пуцёўкі неабходна зарабляць рэйтынгавыя пунты на кваліфікацыйных турнірах, а асноўныя ліцэнзіі разыгрываюцца на еўрапейскай і сусветнай кваліфікацыях, а таксама па выніках чэмпіянату свету. Каб туды паехаць, дастаткова выйграць чэмпіянат краіны ў сваёй вагавой катэгорыі. Асанаў у сваёй сіле ў Беларусі ўпэўнены, бо "на нацыянальным узроўні ў сваёй вазе да Токіа-2020 больш за 10 гадоў не цярпеў паразаў".

Пасля пачатку вайны ва Украіне Міжнародная асацыяцыя бокса адхіліла беларускіх і расійскіх атлетаў ад спаборніцтваў, але з падачы прапуцінскага менеджара Умара Крамлёва, якога ў траўні 2022-га пераабралі кіраўніком арганізацыі, прадстаўнікоў краін-агрэсараў ужо вярнулі ў рынг і нават дазволілі выкарыстоўваць сімволіку сваіх рэжымаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты