Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У міністэрстве Лукашэнкі па цэнзуры патлумачылі, чаму заблакаваны сайт «Прэсбола» – у АБФФ гэтаму толькі радыя і пакуль дапамагаць не збіраюцца

У міністэрстве Лукашэнкі па цэнзуры патлумачылі, чаму заблакаваны сайт «Прэсбола» – у АБФФ гэтаму толькі радыя і пакуль дапамагаць не збіраюцца

Захісталі рэжым.

Аўтар — bytribuna com
18 ліпеня, 21:24
4
У міністэрстве Лукашэнкі па цэнзуры патлумачылі, чаму заблакаваны сайт «Прэсбола» – у АБФФ гэтаму толькі радыя і пакуль дапамагаць не збіраюцца

Больш за месяц сайт спартыўнага выдання «Прэсбол» застаецца недаступным як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. 16 чэрвеня рашэнне аб абмежаванні доступу да сайта па «вынiках маніторынгу на прадмет выканання нацыянальнага заканадаўства» вынесла лукашэнкаўскае міністэрства па цэнзуры.

Супрацоўнікі рэдакцыі схіляліся да таго, што чыноўнікам не спадабаліся паведамленні на сайце пра бягуху Крысціну Ціманоўскую, якая выступае за Польшчу, і фатаграфія пляжнага футбаліста Іллі Савіча, які ў 2020-м падпісаў ліст супраць гвалту, за што быў выгнаны з нацыянальнай зборнай. Плюс у Мінцэнзуры звярнулі ўвагу на каментары на форуме, дзе хапала меркаванняў, адрозных ад пазіцыі рэжыму.

«Трыбуна» даведалася некалькі актуальных дэталяў гэтай гісторыі.

Яшчэ да блакавання ў «Прэсбола» пачалі пэўныя праблемы. Так, за тыдзень да бана сайт выдання ўзламалі кіберпартызаны і размясцілі на галоўнай старонцы малюнак з бел-чырвона-белым сцягам і загалоўкамі «Кіберпартызаны за свабодную прэсу i вольны «Прэсбол» на баку народа. Свабода слова будзе жыць у дэмакратычнай Беларусi», «За свабодную прэсу i вольную Беларусь» і гэтак далей. Пасля гэтага пачаліся праверкі ад міністэрства цэнзуры і аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку. Чыноўнікі думалі, што «дыверсію» здзейсніў нехта з рэдакцыі.

Пацвердзіць гэтую гіпотэзу не ўдалося, але ўсё роўна праз тыдзень сайт быў заблакаваны. З 16 чэрвеня ён не функцыянуе.

Спробы выправіць сітуацыю распачаліся ўжо ў панядзелак 19 чэрвеня. У першай палове таго дня дырэктар выдання Юры Арлоў, які сёння адказвае ў тым ліку за працу сайта, накіраваў у Мінцэнзуры афіцыйны запыт з просьбай растлумачыць прычыны блакавання. Па законе чыноўнікі мусяць даваць адказ на працягу 15 каляндарных дзён з моманту, як паступіў зварот грамадзяніна (у тым ліку электронны). Адпаведна, на запыт Арлова неабходна было адрэагаваць да 3 ліпеня. Аднак, як распавялі нам крыніцы, якія ведаюць сітуацыю, лукашэнкаўскія клеркі дагэтуль так і не далі ніякіх тлумачэнняў «Прэсболу».

Затое нефармальныя спробы Арлова разабрацца ў сітуацыі, паводле інфармацыі «Трыбуны», прынеслі пэўны плён. Так, дырэктару пры камунікаванні з чынушамі паведамілі, што сайт заблакаваны, бо «Прэсбол» «хістае рэжым» і «размяшчае ў сябе тое, што не варта размяшчаць», пры гэтым не прывёўшы канкрэтных прыкладаў «крамольнай» інфармацыі. Пра тэрміны аднаўлення доступу да сайта нічога не было сказана ўвогуле.

Журналіст «Трыбуны» як чытач «Прэсбола» патэлефанаваў у міністэрства цэнзуры, каб удакладніць, калі і пры якіх умовах сайт будзе разблакаваны. Гэтыя пытанні нам удалося задаць начальніку ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнет-рэсурсаў Ларысе Цяліцы.

- У мінулым месяцы міністэрства «інфармацыі» абмежавала доступ да сайта «Прэсбола». Хацелася б удакладніць, калі і пры якіх умовах доступ будзе адноўлены?

- Гэта ўсё залежыць ад рэдакцыі. Былі знойдзеныя парушэнні, таму было прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да сайта.

- А якія парушэнні?

- Рэдакцыя сайта ведае, пра якія парушэнні ідзе гаворка. Але я не магу выдаваць такія нюансы. Той, хто працаваў з сайтам, ведае, у чым справа.

- Раней міністэрства інфармацыі таксама абмяжоўвала доступ да некаторых СМІ ў Беларусі за нейкія «парушэнні», але пасля іх устаранення доступ да сайтаў аднаўляўся. З «Прэсболам» можа паўтарыцца такая сітуацыя?

- Так, заўсёды даецца такая магчымасць, любой рэдакцыі і любому сродку масавай інфармацыі.

- Але сайт недаступны ўжо месяц. Так доўга выпраўляюцца парушэнні?

- Ну, не ведаю.

- Дык а калі парушэнні ліквідуюць, доступ да сайта будзе адноўлены.

- Калі ліквідуюць, у адпаведнасці з заканадаўствам доступ аднаўляецца.

- Толькі невядома, колькі чакаць?

- Рэдакцыі ў прадпісанні былі пазначаныя тэрміны (пры гэтым, па нашых звестках, ніякага прадпісання рэдакцыя не атрымлівала – Tribuna).

- А вы можаце назваць канкрэтныя тэрміны?

- Гэтая інфармацыя, а таксама тое, якія парушэнні былі выяўленыя, тычацца гаспадарчай дзейнасці. Мы не маем права яе выдаваць.

- Але надзея на тое, што сайт адновіць працу, застаецца?

- Разумееце, гэта не зусім залежыць ад міністэрства «інфармацыі». Мы дзейнічаем у межах [лукашэнкаўскага] заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Вы самі сказалі, што ёсць выпадкі, калі аднаўляецца праца СМІ, ёсць выпадкі, калі і не аднаўляецца. Мы жывем у такіх рэаліях у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

- Але ж менавіта міністэрства «інфармацыі» абмежавала доступ. Адпаведна, ваша ведамства павінна прымаць рашэнне і аб разблакіроўцы.

- Так, мы прымае такое рашэнне. Але што да тэхнічнага боку, то гэта ў кампетэнцыі, хутчэй, міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Больш я вам сказаць нічога не магу.

Пры гэтым заўважым, што «Прэсбол» заблакавалі аднамомантава, без якіх-небудзь папярэджанняў з боку Мінцэнзуры.

Мы паспрабавалі высветліць, ці дапамагае «Прэсболу» ў гэтай сітуацыі федэрацыя футбола, якая з'яўляецца асноўным трымальнікам акцый выдання. Па нашай інфармацыі, сайт належыць ТАА «Прессбол-91», дзе пасаду дырэктара займае Арлоў. 50% таварыства належыць АБФФ.

(У першапачатковай версіі тэксту была пададзена інфармацыя, што за працу сайта адказвае ТАА «Прессбол-онлайн», якім кіруе былы шматгадовы галоўны рэдактар «Прессбола» Уладзімір Беражкоў. Аднак у сапраўдны момант гэта не адпавядае рэчаіснасці – ТАА адносіны да сайта не мае. Просім прабачэння за недакладнасць.)

Як расказваюць крыніцы, якія ў курсе сітуацыі, у федэрацыі толькі радыя, што доступ да сайта «Прэсбола» абмежаваны. У АБФФ таксама склалася меркаванне, што сайт «хістаў рэжым». Маўляў, у сувязі з падзеямі 2020 года на рэсурсе размяшчаліся матэрыялы, якія ішлі насуперак дыктатарскай палітыцы і маглі негатыўна адбіцца на АБФФ (цытаваліся спартсмены, якія выступілі супраць лукашызму, быў размешчаны ліст спартыўнай грамадскасці супраць гвалту і за сумленныя выбары). Таму сёння дапамогі ад футбольных функцыянераў у камунікацыі з міністэрствам цэнзуры чакаць не выпадае. Арлоў застаўся з праблемай сам-насам.

Пры гэтым сам Арлоў у 2020-м актыўна змагаўся супраць зʼяўлення на сайце «Прэсбола» інфармацыі, якая не задавальняе рэжым. Некаторыя паведамленні ён выдаляў асабіста. Менавіта Арлоў зʼяўляецца аўтарам прыстасавальніцкай стратэгіі, у адпаведнасці з якой «Прэсбол» вырашыў «затупіцца».

Іншыя пасты блога

Усе пасты