Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Пад закручванне гаек ад рэжыму ў Беларусі патрапіў і фітнес – чалавек адтуль распавёў, ці выжыве сфера з новымі патрабаваннямі (наступствы дакладна будуць)

Пад закручванне гаек ад рэжыму ў Беларусі патрапіў і фітнес – чалавек адтуль распавёў, ці выжыве сфера з новымі патрабаваннямі (наступствы дакладна будуць)

Мноства трэнераў рызыкуюць страціць працу.

Аўтар — bytribuna com
29 ліпеня, 09:00
Пад закручванне гаек ад рэжыму ў Беларусі патрапіў і фітнес – чалавек адтуль распавёў, ці выжыве сфера з новымі патрабаваннямі (наступствы дакладна будуць)

Спорт не выпадае з ліку сфер, якія рэжым Лукашэнкі жадае максімальна кантраляваць. Яшчэ ў 2022-м была прыдумана «дзяржаккрэдытацыя», адсутнасць якой прыводзіць да забароны на дзейнасць у сферы фізкультуры і спорту.

З цяперашняга ліпеня кабінет рэжымных міністраў увёў свае крытэрыi для працы ў спорце ў рэжымнай Беларусі, якія датычацца любой «арганізацыі ці фізічнай асобы», звязаных са спортам, нават тых, хто проста праводзіць «фізкультурна-аздараўленчую працу», гэта значыць нават простых фітнес-цэнтраў і іх трэнераў. Цяпер тым, хто непасрэдна праводзіць заняткі з людзьмі, абавязкова мець фізкультурную адукацыю (альбо асаблівы допуск ад «Мінспорту»). Але, як звычайна, патрабаванні прад“яўляюць не толькі да прафесіяналізму: у трэнераў і кіраўнікоў любой арганізацыі з «акрэдытацыяй» у біяграфіі не павінна быць фактаў «пакарання» рэжымам за «непаважлівае стаўленне» да інстытутаў і сімвалаў рэжымнай Беларусі, а таксама за шэраг дзеянняў супраць самога рэжыму. Акрамя таго, у «акрэдытаваных» арганізацыях павінны забяспечыць у «месцах правядзення мерапрыемстваў» наяўнасць дзяржсімволікі.

Паспеюць фітнес-цэнтры выканаць сістэмныя патрабаванні да 2024 года, як таго хоча рэжым, ці сферу заб“юць новымі капрызамі? Telegram-канал «О, спорт! Ты – мир!» на ўмовах ананімнасці паразмаўляў пра гэта з чалавекам, які даўно працуе ў фітнес-індустрыі і добра знаёмы са становішчам спраў у ёй. «Трыбуна» перадрукоўвае гэтую размову.

– Як доўга вы самі ў фітнес-індустрыі і як яна жыла ў Беларусі да апошняга часу?

– У індустрыі я не першы дзясятак гадоў. Раней яна жыла дастаткова вольна, як, напэўна, і ў большасці краін. Да трэнераў не прад“яўляліся жорсткiя патрабаванні. Пажадана было, каб людзі мелі фізкультурную ці фізкультурна-педагагічную адукацыю, але не абавязкова. Можна было ўладкавацца на працу, маючы проста сертыфікат пра праходжанне курсаў фітнесу.

Пры гэтым такі дакумент цэніцца больш, чым дыплом БДУФК, таму што людзі адтуль – гэта зусім не тыя спецыялісты, якія могуць якасна працаваць фітнес-трэнерамі. У Мінску ёсць адзін навучальны фітнес-цэнтр, і, як мне расказвалі, выпускнікі ўніверсітэта фізкультуры, якія туды прыходзяць, могуць паказаць і расказаць, як катацца на лыжах, як гуляць у што-небудзь, можа, валодаюць нейкімі ведамі па анатоміі – але ў фітнесе яны нічога не разумеюць і працаваць са звычайнымі людзьмі не могуць. У дзяржінстытутах гэтаму проста не вучаць.

Зараз жа ў Беларусі жадаюць абавязаць трэнераў мець фізкультурную адукацыю. Але навошта фітнес-трэнеру ведаць, як катацца на лыжах? Лепш няхай людзі пройдуць фітнес-курсы і з веданнем справы будуць працаваць у залах.

– Раней сістэма не звяртала ўвагі на адукацыю трэнераў, не было праверак з гэтай нагоды?

– З праверкамі ніхто не прыходзіў. Ды і наогул у фітнесе склалася такая сітуацыя, што большая частка трэнераў працуе нелегальна. Гэта значыць, яны не адкрываюць ІП, а проста самі прыходзяць у залу, дзе бяруць са сваіх кліентаў грошы наяўнымі. Кампанія, дзе працую я, супраць такога – супрацоўнічае толькі з людзьмі, у якіх ёсць ІП. Аднак і многія іпэшнікі не маюць той адукацыі, якую цяпер патрабуюць.

Ведаю, што на гэты конт праводзілася апытанне сярод больш за 500 трэнераў. І дзве траціны апытаных сказалі, што яны не пройдуць акрэдытацыю з-за адсутнасці адукацыі і іншых неадпаведнасцяў крытэрыям. На пытанне, што ў такім выпадку яны будуць рабіць, шмат хто адказаў, што зачыняць ІП і будзе працаваць нелегальна. Пры гэтым зараз яны плацяць падаткі, а пры дастатковай нагрузцы трэнеры здольныя зарабляць па тысячы долараў за месяц.

Увогуле, дзяржава жадае кантраляваць індустрыю, уводзіць свае патрабаванні, але ў выніку гэта прывядзе да павелічэння колькасці нелегальных трэнераў. Гэтак звычайна бывае, калі законы не нацягваюцца на рэальнасць. Гэта можна заўважыць і ў іншых сфэрах. Шмат дзе з-за ўвядзення правіл і законаў рынак «шарэе».

– Ці шмат трэнераў здольныя прайсці акрэдытацыю?

– Паводле апытання, пра якое гаворка ішла вышэй, патрэбную адукацыю маюць працэнтаў 30 трэнераў. У астатніх, адпаведна, будуць праблемы.

– Наогул, увядзенне новых правілаў для працы ў індустрыі – гэта з разраду чаканага?

– Ужо даўно, шмат месяцаў таму, пачалі казаць, што могуць увесці для трэнераў патрабаванне мець адукацыю, але людзі спакойна працавалі. Цяпер хочуць, каб да 2024-га ўсе прайшлі акрэдытацыю, але яе дакладнага рэгламенту няма і блізка – ніхто не разумее, як яе праходзіць, што трэба прад“яўляць і гэтак далей. Калі ўсе прынцыпы будуць сфарміраваныя, да дэдлайна застанецца некалькі месяцаў. Ну і, у любым выпадку, тыя, хто не мае адукацыі, нават пры вялікім жаданні не паспеюць яе атрымаць. Нават у інстытуце перападрыхтоўкі, дыплом адкуль таксама падыдзе, тэрмін навучання – 18 месяцаў. Плюс там абмежаваная колькасць месцаў, і гэта не кажучы пра тое, што там не тая адукацыя, якая патрэбная ў фітнесе. У выніку сыход у цень будзе адзіным варыянтам для працягу працы трэнерам. Усё скаціцца на нелегальныя рэйкі.

Наколькі мне вядома, у «міністэрстве спорту» выдатна разумеюць, што пры ўвядзенні акрэдытацыі фітнес-індустрыю чакае рост колькасці нелегальных трэнераў, утойванне падаткаў і гэтак далей, але чыноўнікі, ведаючы гэта, усё роўна мяняць нічога не плануюць, а проста будуць глядзець, як патрабаванні працуюць на практыцы.

Праўда, ёсць адна шчыліна. У Расіі трэнерамі ўжо могуць працаваць толькі дыпламаваныя спецыялісты, але там падыдзе дыплом нават прыватнага цэнтра. Атрымаць яго ў Расіі можна вельмі проста і хутка, літаральна за месяц. А расiйскія дыпломы павінны прызнавацца ў Беларусі. І калі гэты момант спрацуе, то можна прайсці перападрыхтоўку ў Расіі і потым працаваць у Беларусі. Тады многія трэнеры атрымаюць дыплом і не сыдуць у цень, але пакуль у беларускай сістэме з гэтай нагоды маўчаць. Я ж лічу, што гэта магло б хоць неяк уратаваць нашу індустрыю.

Наогул, як на мяне, у Беларусі можна зрабіць спецыяльныя курсы з прызнаннем дыпломаў, дзе будуць выкладаць як фітнес-спецыялісты, так і спецыялісты з універсітэта фізкультуры. Але, мусіць, укараніць такую практыку ў дзяржаўную машыну, рэалізаваць усё вельмі складана.

– У дакументах ёсць выключэнні для трэнераў без адукацыі. Вы ведаеце, на якіх умовах яны могуць працаваць?

– Дапусцім, якія-небудзь чэмпіёны па розных відах спорту, трэнеры атлетаў, у якіх ёсць поспехі на высокім узроўні, або людзі з узнагародамі ад «Мінспорту». Але зноў жа, нават калі ты ўсё жыццё працаваў у спорце, далёка не факт, што ты зможаш якасна працаваць з кліентамі ў зале. Фітнес і спорт – гэта ўсё ж такі шмат у чым розныя сферы.

– Новыя правілы могуць пацягнуць за сабой поўны сыход са сферы якасных спецыялістаў, закрыццё фітнес-цэнтраў?

– Людзі, вядома, могуць сысці, не рызыкаваць. І гэта будзе страта, таму што, як паказвае практыка, працэнтаў 90 рэальна крутых фітнес-трэнераў не маюць спартыўнай адукацыі, не сканчвалі БДУФК. А застануцца тыя, хто яго скончыў, але паняцця не мае пра фітнес.

Цэнтры наўрад ці зачыняцца. Пакуль не было такіх размоў. Хаця там жывуць у стадыі чакання, у надзеі, што з“явяцца нейкія змены, паслабленні. Без іх – проста будуць прымаць на працу толькі тых, хто мае патрэбную адукацыю, а далей паглядзім.

– Што думаеце пра ідэалагічныя патрабаванні, забароны на працу за «непавагу да дзяржсімволікі»?

– Я думаю, гэта проста такі дадатковы рычажок ўздзеяння. Наўрад цi дзяржава зацікаўленая адмыслова не даваць акрэдытацыі.

– У індустрыі ёсць трэнеры, якія патрапяць пад забарону па гэтым крытэрыi?

– Статыстыкі не ведаю, але, думаю, ёсць. Усё ж трэнеры – звычайныя людзі. Але я лічу, што калі спецыяліст якасны, працуе на 100 працэнтаў, кліенты задаволеныя, то працадаўца не павінен звяртаць увагі на нейкія, напрыклад, «адміністратыўкі» з мінулага.

– Сярод новаўвядзенняў прапісана, што ў залах павінны прысутнічаць «дзяржаўныя сімвалы».

– Калі прапісана, значыць, прыйдзецца выконваць. Хаця зразумела, што іх наяўнасць або адсутнасць у зале дакладна ніяк не ўплывае на якасць трэніровак.

– Не баіцеся, што ў плане кантролю далей будзе яшчэ горш?

– Наогул кантроль – гэта нядрэнна. Галоўнае – як ён ажыццяўляецца. У фітнес-індустрыі хапае жудасцi. Бываюць наступствы з-за няякаснай працы трэнераў, умовы ў залах часам вымушаюць жадаць лепшага. Калі дзяржава мае намер зачысціць нешта не вельмі якаснае, то я не супраць. Але пакуль ёсць аспекты, з-за якіх са сферы сыдуць добрыя спецыялісты.

Іншыя пасты блога

Усе пасты