Tribuna/Гімнастыка/Блогі/О духе времени/Рэжымная трэнерка гімнастак нібыта разумее ўкраінцаў – але водзіцца з бліжэйшай «сяброўкай» Пуціна, а ў Мінску прымалі жонку верхавода «ДНР» (дзе знайшлі напарніцу Гарнасько)

Рэжымная трэнерка гімнастак нібыта разумее ўкраінцаў – але водзіцца з бліжэйшай «сяброўкай» Пуціна, а ў Мінску прымалі жонку верхавода «ДНР» (дзе знайшлі напарніцу Гарнасько)

Раптоўная «сям'я ў Кіеве» – ці не сувязь з расійскім крымінальнікам?

Аўтар — bytribuna com
8 жніўня, 23:59
Рэжымная трэнерка гімнастак нібыта разумее ўкраінцаў – але водзіцца з бліжэйшай «сяброўкай» Пуціна, а ў Мінску прымалі жонку верхавода «ДНР» (дзе знайшлі напарніцу Гарнасько)

У канцы ліпеня ў рэжымным белспорце прагучалі рэдкія словы – што на месцы ўкраінцаў таксама мелася б крыўда на беларускіх спартсменаў. Звычайна ў фанатаў Лукашэнкі ўсё наадварот – яны на поўным сурʼёзе ўпэўненыя, што атлеты з Украіны павінны ціснуць ім рукі, нягледзячы на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Нетыповую заяву зрабіла падпісантка за рэжым, шмат гадоў адданая сістэме галоўная трэнерка зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская. Яна, як аказалася, «ніколькі не асуджае, разумее пачуцці» украінцаў і іх жаданне падоўжыць міжнародны бан белспорта. А яшчэ дала нібыта падказку, чаму так – маўляў, у яе «лічы, уся сямʼя цяпер у Кіеве». Вось толькі пытанне – пра якую сямʼю ідзе гаворка? Сама 66-гадовая Лепарская нарадзілася і вырасла ў расійскім Новарасійску, пра якіх-небудзь братоў і сясцёр у інтэрвʼю не згадвала, дзяцей у іх з мужам Аляксандрам няма.

Аднак вядома, што трэнерка у цэлым любіць дзяцей, шмат разоў падсяляла юных гімнастак у сваю сямʼю. А ў 2012-м прызнавалася, што «нішу» гімнастак запоўніла яе хросніца – «любімая Андрыяначка, з якой цесная сувязь». Андрыяна – даволі рэдкае імя, а па фота з матэрыялу 11-гадовай даўніны дзяўчынка моцна нагадвае дачку Андрэя Іманалі, крымінальнага аўтарытэта па мянушцы «Паўзвер», які калісьці прывёз старэйшых дачок да Лепарскай дзеля гімнастыкі, а потым стаў настолькі важным для трэнеркі, што яна праціснула яго ў намеснікі ў беларускай федэрацыі.

Гісторыя нібыта даўняя, але Лепарская сапраўды дагэтуль падтрымлівае сувязь з дочкамі Іманалі – у акаўнце адной з іх робіць гэта публічна. Андрэй Іманалі ж, прынамсі, да вайны, некалькі гадоў пражыў якраз у Кіеве, і менавіта там была зарэгістраваная нейкая Андрыяна Андрэеўна Іманалі – запісанае на яе дарагое аўто спрабавалі вывезці з Украіны ў пачатку вайны. Ці не гэтую «сямʼю» мела на ўвазе трэнер?

Ірына Ляпарская (другая злева) і Андрыяна Іманалі (першая злева) у 2017 годзе

Але гэта словы. На справе ж пакуль Лепарская бліжэй да тых, хто з, паводле яе ж слоў, дарагою ёй Украінай ваюе. Чарговы прыклад – Гульні краін СНД, дзе толькі скончылі спаборнічаць у мастацкай гімнастцы. Гэта быў адзін з нямногіх відаў на турніры, дзе хаця б у асабістым заліку спаборнічалі не толькі юніёры – расіянка Лала Крамарэнка шматборʼе выйграла, Расія перамагла ў камандным турніры пры ўдзеле Арыны Аверынай, якая прадстаўляе ЦСКА Мінабароны Расіі. Гасціла на турніры і намеснік кіраўніка армейскага клуба Святлана Хоркіна, якая выступала на праваенных мерапрыемствах і была ўключаная ва ўкраінскія санкцыйныя спісы.

Але асаблівым госцем для Лепарскай стала былая расійская гімнастка Аліна Кабаева, якая цесна звязаная з кіраўніком расійскага рэжыму, ініцыятарам вайны ва Украіне Уладзімірам Пуціным. Па розных звестках, Кабаева – маці траіх або чацвярых дзяцей Пуціна, што старанна адмаўляецца афіцыйна. Але незалежныя журналісты ў 2023-м выпусцілі чарговае расследаванне пра тое, наколькі раскошна жыве Кабаева – аказалася, для яе і ейных зяцей збудавалі дом у 1200 квадратных метраў па суседстве з рэзідэнцыяй Пуціна, а самой гімнастцы (але не наўпрост, а праз членаў сямʼі або блізкіх да Пуціна «бізнесменаў») належыць больш за 20 кватэр і дамоў, у тым ліку пентхаус у 2600 «квадратаў». Акрамя таго, Кабаева атрымлівае вялізныя грошы за намінальную пасаду кіраўніка рады дырэктараў буйнога расійскага медыяхолдынгу. За «цесныя сувязі» з Пуціным і ягоным рэжымам Кабаева ў 2022-м трапіла пад санкцыі ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША.

У Мінску ж Кабаева і Лепарская, відавочна з узаемным задавальненнем, разам доўга назіралі з трыбун за турнірам, што праводзіцца паралельна Гульням краін СНД для малодшай узроставай катэгорыі, дзе выступалі прадстаўнікі акадэміі Кабаевай. Сама расіянка заявіла, што прыехала «як да сябе дадому», а Лепарскую «вельмі любіць» яшчэ з тых часоў, калі тая ў 1998-м на чэмпіянаце Еўропы як суддзя выставіла высокія адзнакі. Дарэчы, пра тыя часы трэнерка некалі адкрыта ўспамінала, што «вельмі трымалася» за Кабаеву, таму што «яна разам з [галоўным трэнерам расіянак] Ірынай Саннай Вінер павінна [была] працягнуць Беларусь на алімпійскі пʼедэстал».

Але «паўдзельнічала» Кабаева і ў Гульнях краін СНД – ад імя свайго фонду ўручыла «спецыяльны прыз за артыстызм» у 3 тысячы долараў, лаўрэатам абраўшы беларускую гімнастку Аліну Гарнасько. Падпісантка за Лукашэнку заявіла, што ёй «неверагодна прыемна атрымаць узнагароду з рук Аліны Маратаўны, гэта вялікі гонар, вялікі ёй дзякуй». Гарнасько таксама думае, што з цёзкай «у нечым падобная» – што ж, беларуская Аліна ўдзельнічае ў шмат якіх рэжымных мерапрыемствах, хаця пакуль вядома максімум пра поціск рукі з «беларускім Пуціным».

Гарнасько на Гульнях краін СНД, як ужо згадана, у галоўных катэгорыях чэмпіёнкай не стала – узяла два срэбра. У камандным першынстве яе напарніцай па медалі была Лізавета Зоркіна, якая пасля сказала, што ёй было «вельмі прыемна спаборнічаць удома». Праўда, у Беларусі 17-гадовая Зоркіна жыве толькі з 2017-га – гэта натуралізаваная спартсменка. А нарадзілася і вырасла яна ў Данецку – буйным украінскім горадзе, які з 2014-га акупаваны прарасійскімі сепаратыстамі пры падтрымцы Расіі са стварэннем марыянетачнай «ДНР» (з 2022-га Расія анэксавала «ДНР», ужо не хаваючыся). Частка карʼеры Зоркінай прайшла ўжо пад акупацыяй – гімнастка нават паспела зʼездзіць на спаборніцтвы лукашэнкаўскага БФСТ «Дынама» ў Мінск, дзе замест краіны ёй пісалі «Данецк».

Узнагародамі Зоркінай (у 2020-м стала прызёркай юніёрскага ЧЕ) у 2021-м хвалілася Ірына Пушыліна. Гэтая жанчына – «старшыня наглядальнай рады» і «ганаровы прэзідэнт» у «федэрацыі мастацкай гімнастыкі» «ДНР». А яшчэ – жонка прызнаванага Пуціным верхавода «ДНР» Дзяніса Пушыліна. У 2022-м Пушыліну прымалі ў Беларусі на адным з турніраў беларускай асацыяцыі гімнастыкі (дзе Лепарская заадно зʼяўляецца намеснікам старшыні). Жанчына прывозіла ў Мінск юных гімнастак з акупаванай тэрыторыі, сярод якіх была і дачка Пушыліных Кіра.

Вось такія розныя ў Лепарскай сувязі – і з імі, што б яна ні казала, ва Украіне ёй наўрад ці будуць радыя.

Іншыя пасты блога

Усе пасты