Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Лісічкін наогул не хацеў у галоўрэды затупленага «Прэсбола» – а пагадзіўшыся, дазволіў цэнзуру, патураў расiйскаму, усхваляў «партыю» і дайшоў да «пакаяльных інтэрв'ю»

Лісічкін наогул не хацеў у галоўрэды затупленага «Прэсбола» – а пагадзіўшыся, дазволіў цэнзуру, патураў расiйскаму, усхваляў «партыю» і дайшоў да «пакаяльных інтэрв'ю»

Аднак супрацоўнікі, якіх закрываў рэжым, захоўвалі працу.

Аўтар — bytribuna com
12 жніўня, 18:00
1
Лісічкін наогул не хацеў у галоўрэды затупленага «Прэсбола» – а пагадзіўшыся, дазволіў цэнзуру, патураў расiйскаму, усхваляў «партыю» і дайшоў да «пакаяльных інтэрв'ю»

Увечары 11 жніўня «Прэсбол» у сацсетках паведаміў пра смерць 54-гадовага галоўнага рэдактара выдання Сяргея Лісічкіна. Чаму ён памёр – не паведамляецца, але ў цяперашняй рэжымнай Беларусі вялікае мноства прычын для стрэсу і іншых негатыўных для здароўя з'яў. А пасада ў Лісічкіна была з тых, дзе рэжымны ціск адчуваецца абсалютна дакладна.

Зрэшты, ён сам пагадзіўся заняць гэтую пасаду. Хаця не хацеў – у канцы 2020-га колькі разоў адмаўляўся, разумеючы, што яго прызначэння не хоча калектыў выдання. Там разумелі, што АБФФ, якой у свой час дасталася 50% юрыдычнай асобы «Прэсбола», хоча задушыць вальнадумства – да таго газета распавядала пра ўдзел спартсменаў у мірных пратэстах, выкліканых фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і беззаконным гвалтам сілавікоў Лукашэнкі, а ў адказ Мінспорту Лукашэнкi загадала падведамным арганізацыям адмовіцца ад падпіскі на газету. Да федэрацыі далучыўся і дырэктар «Прэсбола» Юрый Арлоў (уладальнік яшчэ 30%), які ў канцы 2020-га выдаў «крылатую» фразу пра будучыню газеты: «З 9 жніўня наступіла новая эра. Каб захаваць «Прэсбол» у новай эры, яму трэба затупіцца. Вось такое слова – затупіцца».

У газеце прапаноўвалі на пасаду галоўрэда самых паважаных журналістаў выдання – не разумелі, чаму трэба прызначаць чалавека, які ніколі ў «Прэсболе» не працаваў, а быў малавядомым карэспандэнтам дзяржТБ, які падзарабляў пісьмовымі матэрыяламі ў розныя дзяржвыданні. Але тагачасны кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў настойваў – як выказаўся Арлоў, «не ўспрымаў іншых кандыдатаў, упёрся рогам, што павінен быць Лісічкін», які «адмаўляўся, тры разы, потым – чацвёрты, пяты, шосты, але ў рэшце рэшт знайшлі спосабы, каб ён стаў» галоўным рэдактарам. Пасля прызначэння Лісічкін сказаў, што Базанаў паставіў яму мэту «не ўгробіць гэтую газету».

Пасля гэтага здарыўся масавы зыход найлепшых журналістаў – перад 30-годдзем газеты. На развітанне яны казалі, што ім забараняюць пісаць «пра палітыку» – гэта значыць арышты спартсменаў або заклікi да пераносу ЧС-2021 з Мінска, – называючы ініцыятарам забароны не Лісічкіна, а Арлова. Галоўрэд, хутчэй, спачатку проста не перашкаджаў «лініі партыі» (так таксама казаў дырэктар) – пры ім у газеце фармальна заявілі, што не выбралі «Чалавека года-2020», хоць у традыцыйным журналісцкім апытанні перамаглі Алена Леўчанка, Аляксандра Герасіменя і Вольга Хіжынкова. Прычына адмовы ад публікацыі была відавочная – усе тры жанчыны аказаліся непажаданымі для рэжыму.

Далей «Прэсбол» проста ператвараўся ў другую «Спартыўную панараму» – прэсную, без вострых тэм. У газеце проста не публікавалі навіны, напрыклад, пра тое, што МАК не прызнаў Віктара Лукашэнку кіраўніком беларускага алімпійскага камітэта, пра тое, што ў рэжымнай Беларусі забралі этап Кубка свету па біятлоне, пра тое, як знялі з Алімпіяды за публічны разнос спортфункцыянераў Крысціну Ціманоўскую, і пра шмат іншага, што магло не спадабацца рэжыму. А Лісічкін уключыўся ў працэс усхвалення дзеянняў федэрацыі – ездзіў з Базанавым па адкрыццях федэрацыйных палёў у рэгіёнах і высмоктваў з пальца прычыны, па якіх гэта ну проста цудоўна (сярод іх былі нават гіпермаркет і пункт пракату ровараў побач).

Злева направа: Юрый Арлоў, Уладзімір Базанаў, Сяргей Лісічкін

Але не гэта было самае непрывабнае ў газеце. І не фактычныя памылкі (здараецца, разумеем) – хаця казалі, што Лісічкін вельмі моцна перажываў, што недаглядзеў за момантам, калі ў газеце пераблыталі фота гандбольнага «Мяшкова» і хакейнага «Віцебска».

Небывалым для газеты стала з'яўленне «чорных спісаў» – было забаронена ў прынцыпе згадваць непажаданых для сістэмы, нават калі навіны пра іх з'яўляліся чыста спартыўнымі.

Тым, што адварочвала ў «Прэсболе» пры Лісічкіне, было і нарастанне прарэжымнага, ды і прарасійскага дыскурсу – і гэта падчас вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Прычым больш за іншых стараліся зусім не новыя аўтары, сярод якіх быў нават чыноўнік аднаго з раённых выканкамаў Лукашэнкі.

Асноўную прапагандысцкую «нагрузку» ўзялі на сябе даўнія супрацоўнікі. Сяргей Вярсоцкі і ўладальнік 10% «Прэсбола» Аляксандр Дабрыян не раз таўравалі нібыта «несправядлівымі» ці «празмернымі» санкцыі, якія наклалі на белспорт у адказ на вайну. А Канстанцін Лабандзiеўскі, які адказвае ў газеце за расійскі футбол, і ўвогуле называў вайну, як яе фанаты, «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», выдаючы паралельна і іншыя праявы захаплення Расіяй – у адным з апошніх нумароў пры жыцці Лісічкіна напісаў, напрыклад, што нібыта «многія дзівіліся стойкасці расiйскай эканомікі на фоне санкцый» (мабыць, Лабандзiеўскі прагледзеў рост расiйскага курсу валют).

Дробнае, але метадычнае ўжыванне «на Украіне» замест належнага краіне «ва» таксама засталося характэрнай дэталлю тэкстаў выдання. Ды і іншая прарэжымная дзічына бывала.

Здзіўленне выклікала і тое, што пры Лісічкіне (а то і пад яго аўтарствам) у рамках рубрыкі «Зоркі спорту» цэлыя палосы вылучаліся пад апавяданні пра біяграфіi спартсменаў мінулага зрэдку беларускага, а па большай частцы – без якіх-небудзь сувязей з нашай краінай. Толькі гэтым летам падрабязна распісалі жыцці расіянiна Валерыя Брумеля, латвійкі Ульяны Сямёнавай, украiнца Валерыя Барзова – чаму яны, чые кар'еры прайшлі яшчэ ў савецкія часы, павінны былі цікавiць сучасных беларускіх чытачоў, засталося загадкай. А ў біяграфічны матэрыял пра аршанскага чэмпіёна АГ-1980 Сяргея Каплякова быў практычна слова ў слова скапіраваны стары тэкст, інтэрнэту вядомы як мінімум з 2012 года.

Тэкст пра Барзова пачынаўся з расхвальвання савецкіх часоў у спорце

Ну а ў 2023-м Лісічкін дакаціўся і да «пакаяльных інтэрв'ю». Спачатку ў «Прэсболе» надрукавалі размову з Ігарам Брышцелем – ён адкрыта заявіў, што яго насуперак жаданню трэнера не выклікалі ў зборную па пляжным футболе з-за нязгоды з вынікамі выбараў-2020, і адхрысціўся ад любой знешняй актыўнасці. Лісічкін пытаўся, як «зберагчы спорт ад палітычнага ўздзеяння» (хоць рэжым, відавочна, ад уздзеяння не адмовіцца), ці асуджае гулец «атлетаў, якія да гэтага часу пратэстуюць», і ці ўспамінае ў Расіі, дзе гуляе за клуб, «пра Радзіму – дранікi, «бабку» (які ж стэрэатып пра любоў беларусаў да бульбы). Што ж, пасля інтэрв'ю Брышцель зноў апынуўся ў зборнай, а зараз выйграў з ёй цэлыя Гульні краін СНД, забіўшы вельмі спрэчны пераможны пенальці пад апладысменты рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука.

А незадоўга да смерці Лісічкін на пару з прапагандыстам з газеты адміністрацыі Лукашэнкі Сяргеем Канашыцам праводзіў «пакаяныя прэс-канферэнцыі» для экс-футбалістаў зборнай Беларусі Станіслава Драгуна і Аляксандра Гутара (у брамніка было ўвогуле роўна двое слухачоў). Адзначым, праўда, што калі ў выкладзе Канашыца пытанні ўтрымлівалі мноства абраз у адрас свабодных беларусаў, то Лісічкін у «Прэсболе» ў выпадку Драгуна прывёў наогул толькі адказы, а з Гутарам прапісаў пытанні мякчэйшыя за канашыцкія – праўда, і ў лісічкінскіх былі мантры, што «атлеты павінны займацца сваёй справай», і сцвярджэнне, што гульцы на «пакаяннях» нібыта «выдатна выступілі з грамадзянскай пазіцыяй», таму з іх «бярэ прыклад моладзь».

Нягледзячы на ўсё вышэйпералічанае, у падпісной кампаніі на другое паўгоддзе 2023-га «Прэсбол» прыцягваў абяцаннямі «яркіх публікацый і сакавітых каментароў», звяртаючыся да патэнцыйных падпісчыкаў: «Вы патрэбны нам, а мы – вам». Але практычнага эфекту гэта не паказала. Тыраж газеты пры Лісічкіне няўхільна падаў: у першай палове 2021-га аўторкавы нумар «Прэсбола» выпускалі ў колькасці 4939 экзэмпляраў, у пачатку 2022-га – 4281, у пачатку 2023-га – 3630, у гэтым жніўні – 3596.

Гэтым летам сумны лёс напаткаў і сайт «Прэсбола». 9 чэрвеня на ім упершыню за доўгі час размясцілі БЧБ-сцяг – пастараліся «Кіберпартызаны». Пасля гэтага да партала вырашылі прыгледзецца рэжымныя структуры – і, відаць, зразумелі, што матэрыялы з незалежных часоў 2020-га не былі «зачышчаныя», таму з 16 чэрвеня заблакіравалі сайт на тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага ён перастаў працаваць у прынцыпе – зараз недасяжны і архіў газеты, які на партале збіралі з моманту запуску ў 2002 годзе.

Работнікі сайта «Прэсбола» працягнулі весці сацсеткі выдання, дзе ў пэўны момант паведамілі пра запуск «дубліката» сайта на іншым дамене – але яго заблакавалі за лічаныя гадзіны. У выніку сайт проста працягвае не працаваць. У АБФФ толькі радыя такому развіццю падзей – лічаць, што на сайце размяшчаліся нявывераныя ідэалагічна матэрыялы і меркаванні, з-за чаго і сама федэрацыя магла «атрымаць» ад рэжыму, а цяпер такой рызыкі няма. Зрэшты, сайт – гэта, хутчэй, праблема Арлова, саўладальніка юрыдычнай асобы, якая відавочна страціла даходы ад рэкламы.

Ці ёсць у Лісічкіна дасягненні? Газета ніяк не адрэагавала на некалькі затрыманняў сілавікамі Лукашэнкі сваіх супрацоўнікаў – у некаторых месцах ад такіх імкнуцца пазбавіцца, у «Прэсболе» ж пры Лісічкіне яны працягнулі працаваць. Кажуць, галоўрэд газеты ў падобных сітуацыях заступіўся і за супрацоўнікаў сайта газеты – яны таксама захавалі свае месцы. Як выказалася адна з інфармаваных крыніц, Лісічкін «нікога не здаў», а прапагандысцкія матэрыялы і інтэрв'ю выдаваў «па загадзе партыі». Аднак жа выдаваў і стаў, магчыма, не маторам, але паслухмянай шрубкай той машыны, якой рэжымнікі імкнуцца закатаць любое іншадумства, што ў спорце, што ў іншых сферах жыцця.

***

Каля года таму раптоўна памёр супрацоўнік «Прэсбола» Анатоль Генералаў. У газеце быў апублікаваны некралог за аўтарствам Лісічкіна, дзе змяшчаўся і такі водгук: «Заўсёды з радасцю выконваў любое заданне, якое яму даручалі. Трэба – значыць, трэба». Гэтымі ж словамі дарэчы развітацца з самім Лісічкіным.

Іншыя пасты блога

Усе пасты