Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Лукашысты схапілі ўнука легенды «Дынама», які гуляў з Малафеевым і быў найлепшым снайперам па Саюзе. Сам хлопец – сярод найбольш таленавітых трэнераў Беларусі

Лукашысты схапілі ўнука легенды «Дынама», які гуляў з Малафеевым і быў найлепшым снайперам па Саюзе. Сам хлопец – сярод найбольш таленавітых трэнераў Беларусі

Выхаванцы Артура Мустыгіна ёсць у БАТЭ і нават у зборнай Беларусі.

Аўтар — bytribuna com
6 верасня, 15:54
1
Лукашысты схапілі ўнука легенды «Дынама», які гуляў з Малафеевым і быў найлепшым снайперам па Саюзе. Сам хлопец – сярод найбольш таленавітых трэнераў Беларусі

5 жніўня ў Мінску быў затрыманы трэнер акадэміі мінскага «Дынама» Артур Мустыгін. Унука легендарнага форварда «бела-блакітных» Міхаіла Мустыгіна на відэа прымусілі сказаць, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама адправіў паведамленне ў чат-бот нейкага канала. Чым гэта пагражае 37-гадоваму трэнеру, які працуе з камандай 2007 года нараджэння, – сказаць цяжка. Гэта можа быць і штраф, і адміністратыўны арышт, і крымінальная справа.

Дэталі затрымання нам, на жаль, да гэтага часу невядомыя, але вось што мы ведаем пра Артура Мустыгіна.

Дзед – легенда мінскага «Дынама»

Прозвішча Мустыгін добра вядомае беларускім аматарам футбола яшчэ з часоў СССР. Міхаіл Мустыгін нарадзіўся за чатыры гады да Другой сусветнай вайны ў горадзе Каломна Маскоўскай вобласці і з самага дзяцінства захапляўся футболам: шмат гуляў у двары, а праз гады стаў прафесійным футбалістам, нягледзячы на сурʼёзныя праблемы са здароўем – у чацвёртым класе Мустыгіну дыягнаставалі загану сэрца. Нягледзячы на гэта, хлопец працягнуў гуляць, а вось яго старэйшы брат, пачуўшы аналагічны дыягназ, вырашыў са спортам завязаць.

Актыўная гульнявая карʼера Міхаіла Мустыгіна працягвалася з 1955 па 1968 гады і прайшла ў трох клубах: каломенскім «Авангардзе», маскоўскім ЦСКА і мінскім «Дынама». На Радзіме праявіць сябе Мустыгіну толкам не ўдалося (у складзе «армейцаў», напрыклад, у асноўным гуляў за дубль) і перад сезонам-1961 пераехаў у Мінск. Праз два гады нападаючы стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР, пры гэтым у 26 матчах забіў 17 галоў – і стаў найлепшым бамбардзірам лігі, дзейнічаючы ў тандэме з Эдуардам Малафеевым. Аналагічнае званне Мустыгін заваяваў у 1967-м з 19 мячамі ў 29 сустрэчах. Тады дынамаўцы фінішавалі ў чэмпіянаце чацвёртымі. За Мінск форвард адгуляў з 1961-га па 1968-ы, правёўшы за гэты час 234 матчы і адзначыўшыся 89 галамі.

Нягледзячы на клубныя дасягненні, са зборнай СССР у Мустыгіна не склалася. Правёў некалькі матчаў, але, напрыклад, на фінальны турнір ЧЕ-1964 не патрапіў праз траўму калена – і назіраў за срэбным поспехам партнёраў удома, а пазней выпаў з ростэра праз праблемы з сэрцам.

Пасля заканчэння карʼеры Мустыгін стаў трэнаваць і прысвяціў гэтай справе шмат гадоў. Менавіта ў яго займаліся Юрый Пунтус, Ігар Гурыновіч, Ігар Крывушэнка.

У 2017-м Мустыгін перанёс інсульт падчас святкавання ўласнага дня нараджэння, але шчасна аднавіўся і пражыў да 27 студзеня 2023-га. На момант смерці трэнеру было 85 гадоў. Апошнія гады ён правёў у вёсцы Малінаўка пад Бараўлянамі.

Гульнявая карʼера Артура не склалася, але выхаваў багата вядомых футбалістаў

Футбольную дынастыю Мустыгіных працягваюць сёння сын Міхаіл і ўнук Артур – апошняга якраз у аўторак і затрымалі лукашысты. Абодва працуюць у структуры мінскага «Дынама». Артур Мустыгін, унук, зʼяўляецца галоўным трэнерам каманды ў хлопцаў 2007 года нараджэння, а Міхаіл, бацька, яму дапамагае.

Артур Мустыгін з дзедам

Артур не можа пахваліцца футбольнай карʼерай. Па словах людзей, якія перасякаліся з трэнерам, Мустыгін-унук у пачатку 2000-х, калі яму не было і 18 гадоў, апынуўся ў структуры СКВІЧа, якім кіраваў Анатоль Юрэвіч, а намінальна трэнаваў каманду Міхаіл Мустыгін, бацька Артура. Нягледзячы на гэта, прабіцца ў аснову хлопец не здолеў. На гэтым спробы стаць прафесійным футбалістам скончыліся. З 2011-га па 2014-ы Артур Мустыгін гуляў хіба што на аматарскім узроўні ў АЛФ, выступаючы ў асноўным за каманду «Усход» (у сезоне-2012 паспеў правесці яшчэ пару матчаў у Кубку Мінска за АЛФ-DKC). Ва «Усходзе» Артур бегаў на пазіцыі паўабаронцы, а партнёрамі па камандзе ў тыя гады ў яго былі цяперашні трэнер «Славіі» Іван Біёнчык, рэкардсмен па галах у Д3 Аляксей Хадневіч, экс-гулец зборнай Беларусі Дзяніс Сашчэка, а таксама Юрый Малееў, які сёння займае пасаду генеральнага сакратара БАТЭ. Зрэшты, унук Міхаіла Мустыгіна не вельмі актыўнічаў у чэмпіянатах: за некалькі гадоў правёў усяго 15 матчаў, у якіх забіў тры галы і зрабіў тры асісты.

Куды больш часу ў маладога чалавека забірала праца ў структуры «Дынама». Мінчук 1985 года нараджэння скончыў сярэднюю школу № 89 у раёне вуліцы Сярова і паступіў у БДУФК на спартыўна-педагагічны факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў па спецыяльнасці «Футбол». Практычна адразу пасля выпуску ў 2008-м апынуўся ў акадэміі «бела-блакітных».

Спачатку Артур працаваў з камандай 1998 года нараджэння (дапамагаў свайму бацьку Міхаілу), пасля, ужо самастойна, працаваў з футбалістамі 2000 года нараджэння. І вось якраз з другімі дабіўся нядрэнных поспехаў. Напрыклад, выйграваў чэмпіянат Беларусі па сваім узросце, ездзіў на міжнародныя турніры, дзе калектыў таксама быў навідавоку. Ён адкрыў дарогу ў вялікі футбол некалькім гульцам, якія цяпер праяўляюць сябе на дарослым узроўні: паўабаронцу БАТЭ і зборнай Беларусі Валерыю Бачараву, абаронцу дзяржынскага «Арсенала» Мікіту Халімончыку, галкіперу «Энергетыка-БДУ» Станіславу Кляшчуку, паўабаронцу «Макслайна» Мікалаю Іванову, форварду «Нефтчы» і зборнай Беларусі Ягору Багамольскаму, абаронцу «Іслачы» Кірылу Радзівонаву.

Перад сезонам-2018 на некалькі месяцаў Артур Мустыгін перабраўся ў дубль мінскага «Дынама». Тады галоўным трэнерам паставілі ягонага бацьку Міхаіла, а той узяў сабе ў памочнікі сына і Арцёма Чалядзінскага. Праўда, праз паўгода кіраўніцтва ФК прыняло рашэнне вярнуць Мустыгіных у акадэмію, а галоўным паставіць Чалядзінскага, які давёў каманду да залатога фінішу.

Лічыцца адным з топ-трэнераў у дзіцячым футболе Беларусі

Мустыгіны пераключыліся на працу з хлопцамі 2007 года нараджэння. У размове з «Трыбуной» некалькі спецыялістаў, якія перасякаліся з Артурам Мустыгіным, характарызуюць яго выключна са станоўчага боку і адзначаюць велізарнае жаданне працаваць і вучыцца, а таксама сурʼёзны багаж ведаў, нягледзячы на маладосць. Некаторыя характарызуюць Мустыгіна-ўнука як чалавека, які не прызнае аўтарытэтаў і ідзе сваёй дарогай.

- Мустыгін – сапраўды адзін з найлепшых спецыялістаў у сферы дзіцячага футбола Беларусі. У яго, дарэчы, падчас працы з камандай 2000 года нараджэння была жорсткая заруба з трэнерам калектыву такога ж узросту, але з сістэмы «Мінска», Валерыем Андрыеўскім. Гэта моцныя спецыялісты, якія выхавалі добрых гульцоў, і вось яны, калі можна так сказаць, спрачаліся, хто ў Беларусі па гэтым узросце мацнейшы. І на турнірах, і завочна. Пры гэтым ставіліся адзін да аднаго максімальна паважліва, суперніцтва – толькі ў футбольным плане, – распавядае адзін з трэнераў.

Нашыя суразмоўцы адзначаюць, што Мустыгін – добры тэарэтык, на кожным трэнаванні разбіраў актуальныя гульнявыя эпізоды. На футбол ён глядзіць не вачыма гульца, бо карʼеры на полі не збудаваў, а менавіта педагога.

- Гэта трэнер, які абапіраецца на метадычныя веды. Працуе якасна, разбірае эпізоды да малекул. Пры гэтым, наколькі ведаю, юныя футбалісты яго паважаюць і шануюць. Так што ў плане працы да яго ўвогуле ніякіх прэтэнзій.

Тэатр, кнігі і пісьменніцтва

Наконт асабістых якасцяў нашыя суразмоўцы лічаць, што Артур Мустыгін – чалавек даволі закрыты. Не кожны знойдзе да яго падыход.

- Пры гэтым не скажу, што ён паводзіў сябе так ужо сціпла. Калі ў цябе такое прозвішча, цяжка заставацца сціплым :). Аднак межаў у гэтым плане ён усё роўна не пераходзіў, не чуваць было ад яго, маўляў, у мяне вось такое прозвішча, у мяне вось такія вось бацькі і дзед, і ўсё ў такім родзе, – распавядаюць адзін з трэнераў.

Іншы наш суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што Артур Мустыгін не быў зацыклены на футболе.

– Ён вельмі начытаны, любіць літаратуру. Часта цытаваў творы братоў Стругацкіх. Вельмі любіць тэатр. А яшчэ ён сам піша кнігі. Напрыклад, на ягонай старонцы ў Instagram пад кожным пастом можна знайсці ўрыўкі з гэтых кніг, вершы ўласнага сачынення.

У апісанні акаўнта Мустыгіна сапраўды стаіць слова «пісьменнік» і пару вершаваных радкоў. На фатаграфіях – дзяўчына. Як кажуць нашыя суразмоўцы, гэта каханая Артура. Але жонкі і дзяцей у 37-гадовага спецыяліста, паводле нашай інфармацыі, няма.

Што да затрымання, то ўсе суразмоўцы, з якімі камунікавала «Трыбуна», знаходзяцца ў стане шоку.

- Ніколі ў яго не праскоквала чагосьці наконт падзей 2020 года, ён ніколі з гэтай нагоды не выказваўся. І, шчыра скажу, я вельмі моцна здзівіўся, калі даведаўся пра затрыманне Артура. Уявіць, каб ён удзельнічаў у акцыях, выходзіў на дарогу, як пішуць, або што ён нейкі заўзяты апазіцыянер… Не, такое ўявіць цяжка. Гэта сапраўды не пра яго. Можа, ён некаму выказаў сваё меркаванне наконт гвалту ў Беларусі, таму што, думаю, інтэлігентнасць і выхаванасць не дазваляюць з гэтым змірыцца. Але, шчыра, усё роўна моцна здзівіўся навіне аб затрыманні.

Фота: сацсеткі Артура Мустыгіна, dinamo-minsk.by

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты