Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Даведаліся, як там Вяргейчык – звяржэнне з АБФФ цяжка, але перажыў, заробак рухнуў у разы, пра мінскі футбол клапоціцца выбарачна

Даведаліся, як там Вяргейчык – звяржэнне з АБФФ цяжка, але перажыў, заробак рухнуў у разы, пра мінскі футбол клапоціцца выбарачна

Лепш шукаць не ў кабінеце, а на рыбалцы.

Аўтар — bytribuna com
28 верасня, 08:00
3
Даведаліся, як там Вяргейчык – звяржэнне з АБФФ цяжка, але перажыў, заробак рухнуў у разы, пра мінскі футбол клапоціцца выбарачна

У 2019 годзе шматгадовы кіраўнік «Шахцёра» Юрый Вяргейчык стаў першым намеснікам старшыні АБФФ. У кулуарах казалі, што з улікам цяжкасцяў разумення футбола артылерыстам Уладзімірам Базанавым менавіта Вяргейчык шмат у чым фактычна руліў федэрацыяй. Ён быў частым госцем на розных матчах, уручаў узнагароды камандам, актыўна каментаваў розныя падзеі ў СМІ: гаварыў і пра зборную, і пра чэмпіянат, і пра жаночы футбол. Хадзілі і размовы, што ён можа стаць генеральным дырэктарам найважнейшага для рэжыму клуба – мінскага «Дынама».

У 2023-м 55-гадовы Вяргейчык – уладальнік далёка не самай вялікай пасады, на меркаванне якога, па вялікім рахунку, ужо ўсё роўна. Чым жа зараз займаецца функцыянер, які перажыў хуткае падзенне? «Трыбуна» даведалася і расказвае вам.

Уплыў і статус Вяргейчыка ў Доме футбола пачалі сур'ёзна зніжацца з сакавіка 2022-га. Тады Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па выніках Алімпіяды ў Пекіне ўзгадаў і пра футбол, адчытаўшы свайго «міністра спорту» Сяргея Кавальчука. Яму патрабавалася хутка знайсці галоўнага віноўніка дэградацыі вiду – і выбар трапIў на Вяргейчыка, да ідэй якога Кавальчук прыслухоўваўся (ніякага выніку гэта не прынесла). Пры гэтым Юры і Сяргей лічыліся сябрамі, але даўно вядома, што ў справе рэжымнага звальвання «віны» гэта не ў лiк.

Па звестках нашых суразмоўцаў, якія перасякаліся ў той час з Вяргейчыкам, падзеі сур'ёзна ўдарылі па функцыянеру. Па дакументах ён заставаўся другім чалавекам у АБФФ, але фактычна з яго меркаваннем ужо не лічыліся. Гэта прывяло функцыянера ў тугу – ён пастаянна выглядаў сумным і наогул знешне сур'ёзна пастарэў.

Было зразумела, што на новых выбарах у АБФФ у Вяргейчыка адбяруць пост і дэ-юрэ, але зусім без пасады яго не пакінулі – яшчэ ў красавіку 2022-га паставілі старшынёй федэрацыі футбола Мінска (ФФМ). Функцыянер быў адзіным кандыдатам на «выбарах», дзе яго «абралі» на чатыры гады практычна аднагалосна (паводле нашых звестак, адзін чалавек усё ж такі ўстрымаўся). Па сведчаннях відавочцаў, тады Вяргейчык заявіў, што яго галоўнай задачай на новай пасадзе будзе «не разбурыць тое, што зрабілі папярэднікі». Як кажуць нашыя крыніцы, пакуль гэта ўдаецца, але пра прагрэс казаць не даводзіцца.

Калі пры прызначэнні кіраўніком федэрацыі Мікалая Шарснёва Вяргейчык застаўся простым членам выканкама АБФФ, яму прыйшлося пакінуць ранейшы кабінет. Пры Базанаве Вяргейчык дзяліў вялікае памяшканне з яшчэ адным намеснікам старшыні Міхаілам Ботнікавым. Пасля прыходу Шарснёва функцыянера «спусцілі» ў зусім невялікі кабінет на другім паверсе, тэрыторыю ён там дзеліць з бухгалтарам ФФМ. Таксама істотна знізіўся і заробак Вяргейчыка. Па нашых даных, быўшы першым намеснікам Базанава, функцыянер меў у месяц па 3900 рублёў (сам старшыня атрымліваў 4200 рублёў). На пасадзе кіраўніка ФФМ заробак у разы меншы – каля паўтары тысячы рублёў.

Важна! Спачатку ў тэксце фігуравалі недакладныя лічбы заробку кіраўніцтва АБФФ. Рэдакцыя выправіла памылку і просіць за яе прабачэння ў чытачоў.

Зрэшты, як распавялі нам дасведчаныя крыніцы, Вяргейчык за сваё жыццё зарабіў і назапасіў дастаткова, каб не перажываць пра такі паварот. Зараз ён не ўспамінае аб сваім «звяржэннi», выглядае цалкам бадзёрым і энергічным, а ў справы верхавіны федэрацыі асаблiва не лезе – маўляў, здароўе важнейшае.

Заспець кіраўніка ФФМ у працоўным кабінеце – тая яшчэ задача. Функцыянер бывае на месцы вельмі рэдка, а каб аказацца ў яго на прыёме, трэба запісвацца загадзя. У асноўным усімі справамі ў федэрацыі, у тым ліку арганізацыйнымі (а пад эгідай ФФМ праходзяць шматлікія спаборніцтвы сярод дзяцей), займаюцца дырэктар федэрацыі Дзмітрый Капытнік і адказны сакратар, ён жа кіраўнік судзейскага камітэта Васіль Каліноўскі.

Пры гэтым па розных пытаннях спрабуюць патрапіць да Вяргейчыка многія, у тым ліку і кіраўнікі прыватных футбольных школ Мінска. Але, паводле нашых звестак, функцыянер неаднаразова даваў зразумець, што не гарыць жаданнем дапамагаць прыватным структурам, ды і ў цэлым для яго не асабліва важна, што ў іх адбываецца. У прыярытэце ў функцыянера – развіццё адной школы, СДЮШАР №3 БФСТ «Дынама», выхаванцам якой з'яўляюцца і ён сам, і яго сын Кірыл.

Часам з'яўляецца Вяргейчык у Доме футбола і па справах, якія ў яго засталіся ў АБФФ – усё ж такі ён член не толькі выканкама, але і некалькіх камітэтаў: дзіцяча-юнацкага футбола, ветэранаў і масавага футбола, рэгіянальных федэрацый. У пасяджэннях усіх гэтых структур функцыянер прымае ўдзел як анлайн, так і афлайн, выказвае сваё меркаванне, прапануе нейкія ідэі, жыва адказвае на пытанні – але гэта далёка не заўсёды знаходзiць водгук у калег. Таксама Вяргейчык выкладае на трэнерскіх курсах у тэхцэнтры АБФФ.

Стаўленне Кавальчука да «сябра» відавочна моцна не змянілася. Нядаўна «Трыбуна» пісала, што рэжымны «міністр» стварыў 13 «працоўных груп», якія дублююць функцыі АБФФ – і ні ў адной з іх месца Вяргейчыку не знайшлося.

Цяпер у функцыянера шмат вольнага часу – у ФФМ ёсць адказныя падначаленыя, камітэты і выканкам АБФФ збіраюцца некалькі разоў у год. Як гавораць нашы суразмоўцы, Вяргейчык па большай частцы проста атрымлівае асалоду ад жыцця. Часцей, чым у Доме футбола, яго можна сустрэць на дачы ці на рыбалцы.

Фота: abff.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты