Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Дзе сёння легенды гандбола Беларусі: шмат у Нямеччыне, чэмпіён-ахоўнік, ёсць бізнесоўцы і людажэр

Дзе сёння легенды гандбола Беларусі: шмат у Нямеччыне, чэмпіён-ахоўнік, ёсць бізнесоўцы і людажэр

Вялікія дасягненні і розны лёс.

Аўтар — bytribuna com
6 кастрычніка, 09:23
Дзе сёння легенды гандбола Беларусі: шмат у Нямеччыне, чэмпіён-ахоўнік, ёсць бізнесоўцы і людажэр

Сённяшняя рэчаіснасць беларускае гандбола – гэта санкцыі, адсутнасць міжнародных спаборніцтваў на ўзроўні зборных і сціплая колькасць легіянераў у топ-чэмпіянатах. Мінулае было куды больш насычаным, у тым ліку гучнымі перамогамі і імёнамі, якія мы чулі з дзяцінства. Вось дзе сёння гандбалісты, якія ў свой час лічыліся гонарам беларускага спорту.

Андрэй Барбашынскі, 53 гады

Чым запомніўся. Найлепшыя гады карʼеры лінейнага прыпалі на канец 1980-х і пачатак 1990-х. Ураджэнец Ашмян выступаў спачатку за мінскі СКА, пазней за іспанскі «Хувентуд». Стаў алімпійскім чэмпіёнам-1992 у складзе зборнай СНД, закінуўшы ў фінальным матчы супраць шведаў 4 мячы.

Дзе сёння. Яшчэ прафесійным спартоўцам пагрузіўся ў матрацны бізнес – у 2000 годзе адкрыў і стаў дырэктарам нямецка-беларускага ТАА «Гуд Найт», а ў 2008-м пераўтварыў яго ў ЗТАА «Белабедынг». Прадукцыя гэтай кампаніі прадаецца ў крамах Good Night, «Каляровыя сны», «Доктар сну», Kapitän Traum. Дырэктарам «Белабедынг» Барбашынскі зʼяўляецца дагэтуль. Паралельна ён пагружаны ў спорт. З 2017 года зʼяўляецца намеснікам старшыні федэрацыі гандбола, а таксама знаходзіцца ў выканкаме НАК Лукашэнкі.

У 2020-м Барбашынскі паказаў сябе актыўным лукашыстам. Спачатку стаў даверанай асобай дыктатара на прэзідэнцкіх выбарах, ездзіў па гарадах і агітаваў за Лукашэнку. Ну а пасля пачатку маштабных рэпрэсій стаў мільгаць у прапагандысцкіх перадачах, пад нумарам 16 падпісаў ліст у падтрымку дыктатуры і паўдзельнічаў у так званым ВНС.

Міхаіл Якімовіч, 56 гадоў

Чым запомніўся. Таксама чэмпіён Гульняў-1992. На клубным узроўні левы паўсярэдні выступаў за СКА і за іспанскія «Кантабрыю» і «Сан-Антоніа». Заваяваў амаль 30 трафеяў як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. Адрозніваўся магутным кідком – мог запусціць мяч з хуткасцю 125 км/г. Завяршыўшы карʼеру ў 2004-м, яшчэ восем гадоў жыў у Іспаніі, адкуль вярнуўся па асабістых прычынах.

Дзе сёння. Пайшоўшы на спартовую «пенсію», Якімовіч падаўся ў бізнес. Спачатку займаўся ў Іспаніі продажам дамоў з клеенага бруса (сыравіну закупляў у Беларусі), але ў 2008-м закрыў справу праз эканамічны крызіс, пасля чаго сыходзіў у грузаперавозкі і продаж прадуктаў. У выніку ганаровы жыхар Слуцку пасяліўся ў Барысаве. Некалькі гадоў таму узяўся курыраваць развіццё гандбола ў Мінскай вобласці па прапанове Уладзіміра Канаплёва, але займаўся гэтым усяго восем месяцаў. Цяпер не звязаны ні з якім бізнесам і проста прысвячае час выхаванню маленькай унучкі Ганны.

Андрэй Парашчанка, 54 гады

Чым запомніўся. У 20 стаў стабільным гульцом асновы СКА і заваяваў з ім два Кубкі чэмпіёнаў. У пачатку 90-х укаціў у Іспанію, дзе зрабіў сабе імя, нягледзячы на тое, што ў асноўным гуляў у камандах-сярэдняках. Пры гэтым станавіўся найлепшым бамбардзірам першынства, уваходзіў у топ гульцоў лігі. У пачатку 2000-х разыгравальнік адмовіўся ад прапановы «Барселоны», пра што пасля моцна шкадаваў. Завяршыў карʼеру, бо стаміўся ад гандбола.

Дзе сёння. Вярнуўся ў Беларусь і заняўся ўласным аўтарамонтным бізнесам. Пасля таго, як у 2008-м у беларускім гандболе зʼявіўся клуб «Дынама-Мінск», Парашчанку запрасілі туды на пасаду спартовага дырэктара. Займаў пост аж да развалу праекту ў 2014-м. Пасля зноў сканцэнтраваўся на бізнесе, чым і займаецца да гэтага часу.

Іван Броўка, 43 гады

Чым запомніўся. Прафесійнаму гандболу мінчук прысвяціў 23 гады, выступаў і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Нямеччыне. Завяршыў жа карʼеру ў 2020-м у СКА, дзе і пачынаў шлях у вялікім спорце. На ўзроўні зборнай Беларусі левы крайні стаў адной з легенд айчыннага гандбола: больш за 200 матчаў, звыш 600 мячоў (другі ў спісе найлепшых бамбардзіраў «нацыяналкі») з 1998-га па 2020-ы. Паўдзельнічаў у трох чэмпіянатах свету і трох чэмпіянату Еўропы, а ў 2000-м стаў срэбным прызёрам моладзевага ЧЕ.

Дзе сёння. Застаўся і ў гандболе, і ў мінскім клубе – заняў пасаду начальніка каманды БДУФК-СКА, фарма «армейцаў». У 2020-м, як і яшчэ амаль тры дзясяткі прадстаўнікоў структуры СКА, апынуўся сярод падпісантаў за гвалт. Праз год уступіў у славесную бітву ў Фэйсбуку з прадстаўнікамі гандбольнага «Віцязя» Аляксандрам Апейкіным, Канстанцінам Якаўлевым і экс-гульцом СКА Раманам Абраменкам, паспрачаўшыся, хто і ў якім статусе ўвойдзе ў гісторыю беларускага гандбола ў сувязі з паслявыбарчымі падзеямі.

29 жніўня 2023 года Броўка стаў галоўным трэнерам БДУФК-СКА, замяніўшы на пасадзе іншага экс-зборніка Дзмітрыя Шыловіча. На канец верасня каманда пасля чатырох гульняў займала другое месца (тры перамогі і адна параза), адстаючы на два балы ад СКА. Акрамя гэтага Броўка ўваходзіць у трэнерскі штаб зборнай Беларусі U-19.

Аляксандр Каршакевіч, 64 гады

Чым запомніўся. Як і Барбашынскі, ураджэнец Ашмян. Алімпійскі чэмпіён Сеула са зборнай СССР, тройчы пераможца Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў са СКА. На думку спецыялістаў, Каршакевіч быў у свой час адным з лепшых крайніх сусветнага гандболу. Тройчы трапляў у зборную свету. Першым прыдумаў і актыўна пачаў выкарыстоўваць кідок з «падкруткай», дзякуючы чаму мог закідваць мячы ў вароты суперніка практычна з «нулявога» кута.

Дзе сёння. Завяршыўшы карʼеру ў сярэдзіне 1990-х, пагрузіўся ў трэнаванне. Працаваў у СКА, быў старшым трэнерам, а пасля – галоўным трэнерам моладзевых зборных Беларусі. У 2001-м заняў пасаду старэйшага трэнера нацыянальнай зборнай. Некаторы час працаваў адным з трэнераў у школе СКА, будучы памочнікам свайго экс-трэнера Спартака Мірановіча. Цяпер, паводле нашай інфармацыі, працуе ахоўнікам у РЦАП «Раўбічы».

У 2020-м, займаючы пасаду трэнера па навукова-метадычнай рабоце ў СКА, падпісаў ліст за рэпрэсіі. Увесну таго ж года па выніках апытання «Прэсбола» прызнаны найлепшым беларускім гандбалістам усіх часоў.

Канстанцін Шаравараў, 59 гадоў

Чым запомніўся. Правы крайні з Мінска таксама станавіўся алімпійскім чэмпіёнам у 1988-м, перамагаў на самых розных турнірах са зборнай СССР. На клубным этапе, які змясціў выступы ў камандах Беларусі, Германіі, Ізраілю і Швецыі, узяў некалькі трафеяў як нацыянальнага ўзроўню, так і еўрапейскага.

Дзе сёння. Скончыўшы гуляць, засяродзіўся на працы ў жаночым гандболе, узначальваў нацыянальную жаночую зборную Беларусі. Вось ужо больш за 15 гадоў зʼяўляецца галоўным трэнерам аднаго з лідараў айчыннага жаночага гандбола «БНТУ-БелАЗ». Шаравараў неаднаразова прыводзіў калектыў да чэмпіёнства, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, пра якія трэнер не баіцца казаць услых. У сёлетнім чэмпіянаце «БНТУ-БелАЗ» ідзе другім (чатыры перамогі, дзве паразы), адстаючы на бал ад «Гомелю».

Андрэй Курчаў, 43 гады

Чым запомніўся. Курчаў нарадзіўся ў Мінску і пачынаў у СКА, але 99 працэнтаў карʼеры правёў у Германіі, дзе з 2000-га па 2014-ы паспеў пагуляць за восем клубаў. Правёў больш за 70 матчаў за зборную Беларусі, у якіх закінуў 340 мячоў (шосты паказнік у гісторыі). Срэбны прызёр, найлепшы бамбардзір і найлепшы правы паўсярэдні моладзевага чэмпіянату Еўропы-2000. У тым жа годзе стаў чэмпіёнам Еўропы па пляжным гандболе.

Дзе сёння. Пасля заканчэння карʼеры канчаткова асеў у Нямеччыне. Там у мінчука пачаўся трэнерскі шлях, які пралягае ў ніжэйшых лігах. Курчаў працаваў галоўным як з дарослымі камандамі, так і з юніёрамі, быў памочнікам у «Эмсдэтэне» з Д3. У жніўні 2022-га ўзначаліў моладзевы склад клуба «Любеке» з моладзевай бундэслігі. Там працуе дагэтуль. Пад кіраўніцтвам Курчава гуляе і ягоны сын Іван.

Дзмітрый Нікуленкаў, 39 гадоў

Чым запомніўся. У якасці прафесійнага гандбаліста адгуляў больш за 15 гадоў, на працягу якіх выступаў як у Беларусі, так і ў Польшчы. У суседняй краіне ў складзе «Кельцэ» паспеў стаць уладальнікам Кубка, але куды большых поспехаў дасягнуў на Радзіме: 11-разовы чэмпіён Беларусі, 8-разовы ўладальнік Кубка. Плюс доўгая і вельмі яркая карʼера ў зборнай: больш за 100 матчаў і звыш за 100 мячоў.

Дзе сёння. Скончыў гуляць цэнтральны абаронца ў 2020-м у складзе СКА і тут жа стаў асістэнтам Ігара Папругі, на той момант галоўнага трэнера каманды. Ужо праз год, не сыходзячы са СКА, атрымаў прызначэнне на пасаду галоўнага трэнера нацкаманды юнакоў 2006/2007 гадоў нараджэння. Таксама стаў галоўным трэнерам моладзевых зборных па ўсіх узростах на перыяд з 2022 па 2024 гады. Цяпер уваходзіць у трэнерскі штаб Юрыя Шаўцова ў галоўнай камандзе краіны. У чэрвені 2023-га стаў галоўным трэнерам СКА, змяніўшы Папругу, які перайшоў на пасаду спартыўнага дырэктара.

Андрэй Клімавец, 49 гадоў

Чым запомніўся. Выхаванец гомельскага гандбола прафесійную карʼеру пачынаў у СКА, з якім з 1993-га па 1995-ы станавіўся чэмпіёнам краіны. Далей лінейны пакаціў у Германію, дзе і правёў наступныя 18 гадоў карʼеры, паспеўшы згуляць за дзевяць клубаў. З 1993-га па 2001-ы быў адным з асноўных гульцоў зборнай Беларусі (больш за 100 матчаў і звыш за 320 галоў), аднак у 2005-м далучыўся да нямецкай зборнай. З камандай праз два гады ўзяў залатыя медалі чэмпіянату свету (пяць матчаў, адзін мяч на турніры).

Дзе сёння. У 2013-м Клімавец пачаў трэнерскую карʼеру, узначаліўшы «Пфорцхайм» з трэцяй Бундэслігі. Тады за каманду выступаў ягоны сын Аляксандр, якога прыцягвалі да матчаў юнацкай зборнай Беларусі. У «Пфорцхайме» прапрацаваў да 2019-га. Пасля гадавога перапынку вярнуўся ў гэты ж калектыў. У лістападзе 2022-га стаў галоўным трэнерам «Вільштэта» з трэцяй Бундэслігі.

Жывучы і працуючы ў Нямеччыне, Клімавец усё роўна сачыў за падзеямі ў Беларусі напярэдадні і пасля выбараў. І лічыў, што родная краіна для зменаў саспела. Праводзячы аналогію са спортам, казаў, што калі ў «камандзе нелады, то перш за ўсё мяняюць трэнера, а не ўсю каманду».

Генадзь Халепа, 54 гады

Чым запомніўся. Яшчэ адзін гамяльчук, які прафесійную карʼеру пачынаў у СКА. За амаль 20 гадоў пагуляў і ў Беларусі, і ў Швейцарыі, але больш за ўсё часу правёў у нямецкім гандболе. Праўда, абышоўся там без тытулаў (а вось са СКА паспеў стаць і чэмпіёнам СССР, і чэмпіёнам Беларусі).

За зборную Беларусі правёў 67 матчаў і закінуў 286 мячоў (замыкае топ-10 бамбардзіраў калектыву).

Дзе сёння. Левы паўсярэдні вырашыў жыць у Германіі, дзе ў 2008-м пачаў трэнерскую карʼеру. Праўда, у гэтай ролі дасягнуць чагосьці выбітнага не здолеў, змяніўшы за восем гадоў пяць клубаў. Прычым з «Ветцлара», напрыклад, беларуса звальнялі за дрэнныя вынікі. Працаваў ён і з жаночай аматарскай камандай «Айбельсхаўзен-Эверсбах». З сярэдзіны 2010-х да 2020-га не быў звязаны з гандболам, у 2013-м адхіліў прапанову ўзначаліць мінскае «Дынама», ну а ў 2020-м атрымаў пасаду галоўнага трэнера моладзевай каманды ўжо знаёмага «Вецлара», дзе працуе дагэтуль.

Сяргей Убожанка, 48 гадоў

Чым запомніўся. Ураджэнец Гомеля гуляў і ў Беларусі, дзе са СКА чатыры разы станавіўся чэмпіёнам і тройчы найлепшым гульцом першынства, і ў Іспаніі, і ў Аўстрыі (прызнаваўся найлепшым гульцом чэмпіянату), і ў Славеніі, і ў Босніі і Герцагавіне. Правёў за зборную Беларусі 85 матчаў і закінуў 206 мячоў, быў капітанам. У 2000-м паўсярэдні пад кіраўніцтвам Мірановіча станавіўся чэмпіёнам Еўропы па пляжным гандболе.

Дзе сёння. Пасля завяршэння карʼеры (пайшоў на пенсію пасля сезона-2009/10) Убожанка застаўся ў гандболе – стаў дзіцячым трэнерам у РЦАП у Мінску, праўда, прапрацаваў з дзецьмі ўсяго паўгода, «не ўбачыўшы перспектыў», таму што грошай на жыццё не хапала. У выніку сышоў з трэнавання, крыху гуляў у непрафесійнай лізе за каманду «Саюз» у чэмпіянаце і Кубку Мінска, а таксама адкрыў фірму па ўнутраным аздабленні кватэр. Праўда, пасля прызнаваўся, што адразу разумеў, што гэта не ягонае, але трэба было неяк зарабляць.

Аднак вось ужо некалькі гадоў Убожанка зноў займаецца выхаваннем юных гандбалістаў. Экс-гулец зборнай працуе трэнерам у горацкай ДзЮСШ, дзе вядзе і групы дзяўчынак, і групы хлопчыкаў.

У чэрвені-2023 на рэспубліканскай спартакіядзе ДзЮСШ па гандболе сярод дзяўчынак 2012-2013 гадоў нараджэння калектыў Убожэнкі заняў другое месца. Найлепшая варатарка і найлепшая лінейная па выніках турніру былі з ягонай каманды.

Максім Няхайчык, 49 гадоў

Чым запомніўся. Найперш левы крайні ўвайшоў у гісторыю беларускага гандбола як адзін з рэкардсменаў па колькасці сезонаў за БГК Мяшкова. Выступаў за клуб з 2003-га па 2010-ы, насіў капітанскую павязку, правёў больш за 300 матчаў, закінуў амаль сем сотняў мячоў.

З 1994-га па 2010-ы гуляў за зборную, у складзе якой правёў 107 матчаў і закінуў 112 мячоў. Таксама станавіўся чэмпіёнам Еўропы па пляжным гандболе.

Дзе сёння. Чым цяпер займаецца Няхайчык, даведацца не атрымалася. Былыя партнёры, з якімі паразмаўляла «Трыбуна», нічога не змаглі сказаць на гэты конт. У 2019 годзе ў прэсе паведамлялася, напрыклад, Няхайчык выступаў куратарам праекту «ПапаЗал», які праходзіў у Бараўлянскай СШ №3. Дзякуючы праекту таты атрымлівалі магчымасць кожную суботу разам са сваімі дзецьмі на базе школы бясплатна займацца спортам, карыстаючыся трэнажорамі і басейнам. Неўзабаве Няхайчык пачаў курыраваць і аналагічны праект для мам і дзяцей «Мамазал».

Іншыя пасты блога

Усе пасты