Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Афіцыйная біяграфія іспанца са зборнай Беларусі ўводзіць у зман наконт «Барсы» і зборнай Казахстана

Афіцыйная біяграфія іспанца са зборнай Беларусі ўводзіць у зман наконт «Барсы» і зборнай Казахстана

Дакладна не трэнаваў каталонцаў, са зборнай U-17 таксама не працаваў.

Аўтар — bytribuna com
1 снежня, 16:43
7
Афіцыйная біяграфія іспанца са зборнай Беларусі ўводзіць у зман наконт «Барсы» і зборнай Казахстана

Іспанскі трэнер Карлас Алос амаль паўгода ўзначальвае зборную Беларусі і ўжо мае пэўныя дасягненні – усё ж пры ім зʼявіліся перамогі ў афіцыйных матчах, у групе кваліфікацыі ЧЕ каманда фінішавала чацвёртай сярод шасці ўдзельнікаў. У калектыве адзначаюць паляпшэнне атмасферы.

Але калі ў пачатку жніўня спецыяліста прызначалі на пасаду, хапала скепсісу. Маўляў, да гэтага няўдала працаваў са зборнай Руанды, на клубным узроўні таксама мае сціплае рэзюмэ. Хіба што ў вочы кідаўся радок пра тое, што Алос працаваў у «Барселоне», дзе ўзначальваў каманду U-19. Гаворачы па праўдзе, гэта гучыць куды больш цікава, чым было насамрэч. Вось чаму ўсе мы апынуліся ў некаторым сэнсе ў змане.

Працаваў у «Барселоне», але ад каманды U-19 быў далёка

7 жніўня на афіцыйным сайце АБФФ зʼявілася навіна пра тое, што Карлас Алос і федэрацыя футбола Беларусі заключылі кантракт да канца 2024 года. Прадстаўляючы спецыяліста, прэс-служба пераказала, у прынцыпе, вядомыя біяграфічныя факты. З 2003-га па 2009-ы, на старце карʼеры, працаваў у структурах клубаў «Ампаста», «Рокетэн», «Тартаса» на Радзіме. Затым цягам трох гадоў быў асістэнтам галоўнага трэнера ў клубе «Кітчы» з Ганконга. А з 2011-га па 2014-ы працаваў з юніёрскай (U-19) камандай футбольнага клуба «Барселона». Некаторыя медыі пісалі, што ён нават узначальваў гэты калектыў. І такая сувязь з легендарным клубам у многіх, вядома, выклікала павагу. Не кожнаму ўдаецца папрацаваць з будучымі зоркамі сусветнага маштабу, няхай i на парозе дарослага футбола.

Тым часам гэтая інфармацыя далёкая ад ісціны. Да 2011 года Алос сапраўды ўваходзіў у штаб ганконскага «Кітчы», а затым стаў супрацоўнікам «Барселоны», аднак пры гэтым нават не вярнуўся на Радзіму і ўжо тым больш не ўзначаліў каманду U-19.

З Ганконга Алос вярнуўся ў Еўропу, але не ў Іспанію, а ў Польшчу. У той час у Варшаве дзейнічаў іспанска-польскі праект – акадэмія «Барселоны» заключыла пагадненне з мясцовым клубам «Варсовія» па падрыхтоўцы дзяцей. Гэта той самы клуб, які нядаўна быў на слыху ў шмат каго з беларускіх заўзятараў. «Варсовія» 16 жніўня 2023 года ў 1/128 фіналу Кубка Польшчы гуляла з «Пагоняй Варшава», за якую выступае Аляксандр Івулін, і перамагла 1:0.

Дык вось, акадэмія «Барселоны» адкрыла, па сутнасці, у Варшаве свой філіял пад назвай Escola Varsovia Academy. Самыя перспектыўныя рабяты (і дзяўчынкі, і хлопчыкі) потым мелі шанцы паказаць сябе на трэнаваннях непасрэдна ў акадэміі «Барселоны», а трэнеры, якія працавалі на праект у Варшаве, ездзілі на стажыроўкі ў Каталонію, а іспанскія коўчы прыязджалі ў Польшчу. У падобным фармаце ў Мінску працавала акадэмія «Інтэра», якая адкрылася на базе футбольнай школы Мікалая Мурашкі ў 2018-м і куды перыядычна прыязджалі італьянскія спецыялісты, а беларусы (дзеці і трэнеры) выбіраліся ў Мілан, каб займацца на базе «чорна-сініх».

Алоса запрасілі ў праект «Варсовіі» і «Барселоны», які дзейнічае да гэтага часу. У некаторых крыніцах пазначана, што іспанец зʼяўляўся тэхнічным дырэктарам па міжнародных праектах «Барселоны», аднак па факце з 2011-га па 2014-ы ён быў звычайным трэнерам футбольнай акадэміі пад шыльдай каталонскага клуба ў Варшаве. Займаліся ў акадэміі дзеці ва ўзросце ад трох да 12 год.

Увогуле, да «Барселоны» U-19 Алос ніякага дачынення не меў. Сведчыць пра гэта і тое, што ў пратаколах тагачасных матчаў з удзелам маладых каталонцаў вы не знойдзеце прозвішча цяперашняга трэнера зборнай Беларусі. Напрыклад, вясной 2014-га «Барса» выйграла Юнацкую лігу УЕФА, перамогшы ў фінале «Бенфіку» 3:0. Трэнаваў іспанцаў на той момант Хордзі Віньялс Марторы. Яго папярэднікам быў Оскар Гарсія (працаваў з камандай ад 1 ліпеня 2010-га па 30 чэрвеня 2012-га). Ні ў штаб Гарсіі, ні ў штаб Марторы Алос не ўваходзіў.

Са зборнай Казахстану U-17 не правёў ніводнага афіцыйнага матчу

Яшчэ адна дэталь з біяграфіі Алоса вартая тлумачэнняў. На сайце АБФФ пазначана, што трэнер з 2015-га па 2017-ы ўзначальваў юнацкую (U-17) зборную Казахстана. Аднак і гэта не зусім праўда.

Пасля працы ў польскай акадэміі пад шыльдай «Барселоны» Алос у 2015-м са студзеня па травень узначальваў «Пагоню» з Седльцэ, якая выступала на той момант у Д2 і фінішавала па выніках сезона 16-й сярод 18 удзельнікаў. Алоса звольнілі за пяць тураў да канца, а ў жніўні таго года ён сапраўды прыбыў у Казахстан, вось толькі трэнерам зборнай U-17 стаў не адразу.

У жніўні-2015 Алос пачаў працу ў Казахстане, куды яго запрасіла мясцовая федэрацыя дапамагаць развіваць моладзевы футбол. Іспанца прызначылі галоўным трэнерам акадэміі «Антусцік» у Шымкенце. Там ён яшчэ працаваў з хлопцамі 2001 года нараджэння, а паралельна зʼяўляўся спецыялістам аддзелу масавага футбола федэрацыі. Алос сярод іншага адказваў за правядзенне розных мерапрыемстваў для папулярызацыі віду спорту ў Казахстане. Такі ж аддзел, напрыклад, ёсць у АБФФ, і спецыялісты адтуль, у прыватнасці, ладзяць штогадовы фестываль «Мама, тата, я – футбольная сямʼя».

Толькі ў студзені 2017-га іспанец быў прызначаны на пасаду галоўнага трэнера зборнай U-17, а не ў жніўні 2015-га, як паведамлялі некаторыя медыі. Перад Алосам стаяла задача вывесці каманду ў элітны раўнд адборачнага этапу чэмпіянату Еўропы-2018. Для гэтага патрабавалася заняць адно з двух першых месцаў у групе з Францыяй, Славеніяй і Беларуссю (нашую зборную тады трэнаваў Валянцін Міхееў). Але, што самае цікавае, Алос не прабыў на пасадзе нават да старту турніру – улетку 2017-га ён прыняў прапанову «Кайрата» і сышоў са зборнай, не правёўшы з калектывам ніводнага афіцыйнага матчу.

Падлеткі з Казахстану тады не змаглі адабрацца на Еўра. Турнір у адно кола праходзіў у Воршы і Магілёве, казахстанцы прайгралі ўсе матчы і сталі апошнімі (гаспадары фінішавалі на радок вышэй). Так што Алос мог апынуцца ў Беларусі на некалькі гадоў раней.

Пасля гэтага біяграфія трэнера развівалася па шляху, які адпавядае рэчаіснасці і не патрабуе тлумачэнняў: «Кайрат», мараканскі ФАР, «Катар СК», кіпрскі «Эносіс», зборная Руанды і, нарэшце, Беларусь.

Іншыя пасты блога

Усе пасты