Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Ажно 14 з 26 гульцоў зборнай Марока нарадзіліся ў іншых краінах. Нават трэнер

Ажно 14 з 26 гульцоў зборнай Марока нарадзіліся ў іншых краінах. Нават трэнер

Геаграфія шырокая – ад Канады да Парыжа.

11 снежня 2022, 15:32
Ажно 14 з 26 гульцоў зборнай Марока нарадзіліся ў іншых краінах. Нават трэнер

Зборная Марока – адна з галоўных сенсацый гэтага ЧС. Яны ўжо ўвайшлі ў гісторыю як першая афрыканская зборная, якая выйшла ў паўфінал.

Гэтая каманда, хоць і выглядае маналітна, насамрэч была сабрана па усім свеце.

Адкуль гульцы

З 26 гульцоў заяўкі 12 нарадзіліся ў Марока. Прычым ні адзін – са сталіцы Марока, горада Рабат. Самы папулярны горад паходжання – Касабланка, там нарадзіліся адразу чатыры футбалісты.

Двое з іх цалкам мелі права выступаць за іншыя зборныя. Абдэльхамід Сабіры з 3 гадоў жыў у Германіі, там рабіў свае першыя футбольныя крокі і цалкам лагічна мае нямецкі пашпарт. Вікіпедыя наогул піша пра яго як пра «нямецкага футбаліста мараканскага паходжання». Абдэ Эзалзулі з сямі гадоў жыве ў Іспаніі – калі б хацеў і была неабходнасць, мог у 1/8 апынуцца на баку Луіса Энрыке.

Адразу 14 футбалістаў нарадзіліся не ў самім Марока.

Геаграфічнае размеркаванне – даволі шырокае: па 4 футбалісты нарадзіліся ў Нідэрландах і Бельгіі, па 2 – у Францыі і Іспаніі (хаця па Мелільі ёсць пытанні), яшчэ па адным – у Італіі і Канадзе.

Галоўны трэнер каманды Валід Рэграгі таксама нарадзіўся ў Францыі – у прыгарадзе Парыжа.

Чаму ў Еўропе так шмат мараканцаў

Чыста статыстычна такая колькасць «іншаземных» гульцоў зборнай не павінна здзіўляць. Толькі паводле справаздачы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, па стане на 2017 год 4,3 мільёна мараканцаў жылі за мяжой. Праз гэта ў краіне нават існуе профільнае міністэрства – па справах мараканцаў, якія жывуць за мяжой.

Асноўныя краіны, дзе жыве найбольш мараканцаў, – Францыя (33% ад агульнай колькасці дыяспары), Іспанія (24%), Італія (18%), Бельгія (11%), Нідэрланды (8%).

Але пры гэтым мігранты з Марока не ўцякалі ад войнаў – дэкаланізацыя прайшла практычна бязбольна, а ўлада ў краіне больш-менш стабільная. Галоўная прычына такой значнай дыяспары – працоўныя дамовы з былымі метраполіямі (Францыя, Іспанія), а таксама з Бельгіяй і Нідэрландамі. Супрацоўніцтва было ўзаемавыгадным: краіны атрымоўвалі надзвычай танную працоўную сілу, мараканцы – шанец на лепшае жыццё.

Затым у ходзе лібералізацыі еўрапейскія краіны запусцілі працэс «ўз'яднання» сем'яў, якім дазволілі легалізаваць сваё права на жыхарства не толькі ўласна працоўным з Марока, але і іх сем'ям. Дзякуючы гэтаму мараканская дыяспара вырасла фактычна да цяперашніх памераў – XXI стагоддзе ў Еўропе прайшло ўжо пад знакам барацьбы з міграцыяй, а не яе прыцягненнем.

***

Ясіна Буну занесла ў Канаду, хутчэй за ўсё, з-за жадання бацькоў атрымаць адукацыю – гэтая краіна разам з ЗША былі галоўнымі месцамі для пераезду мараканцаў менавіта з гэтай мэтай. Ды і тое, што ён з сям“ёй пераехаў у Касабланку ўжо ў трохгадовым узросце, сведчыць, што яго знаходжанне ў Канадзе і павінна было быць нядоўгім.

Іншыя пасты блога

Усе пасты