Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/10 найцікавейшых форм сезона-2023/24, якія ўжо «злілі» ў інтэрнэт: ад піксельнага «Інтэра» да рознакаляровай «Баварыі»

10 найцікавейшых форм сезона-2023/24, якія ўжо «злілі» ў інтэрнэт: ад піксельнага «Інтэра» да рознакаляровай «Баварыі»

А таксама стыльныя «Ювентус» і «Рэал».

6 траўня 2023, 10:55
10 найцікавейшых форм сезона-2023/24, якія ўжо «злілі» ў інтэрнэт: ад піксельнага «Інтэра» да рознакаляровай «Баварыі»

Культура футбольных джэрсі працягвае набіраць папулярнасць, таму ўсё больш клубаў ускладняюць канцэпты знешняга выгляду каманд на полі, часам нават адыходзячы ад традыцый.

Мы пашукалі, якія формы ўжо «запалілі» на Footy Headlines і сабралі 10 найцікавейшых сярод іх. Гэта суб'ектыўны рэйтынг, таму вы можаце скласці ўласны ў каментарыях або захейціць гэты.

Хатняя форма «Барселоны»

Ці не найбольш за ўсё спрэчак круціцца вакол хатняй формы «Барселоны». Калі ў пытанні футболкі інсайдары адзіныя, то з шортамі сітуацыя супрацьлеглая. Не выключана, што яны будуць аднатонна сінія, але варыянт з ромбападобным прынтам цікавейшы. Але ў такім разе футболка будзе выглядаць несумяшчальнай з шортамі, пагаджаецеся?

Хатні камплект «Баварыі»

Будучая новая хатняя форма «Баварыі» спалучае ў сабе традыцыйныя колеры клуба, але ў іншым стылі, чым звычайна. Гэта першы за апошняе дзесяцігоддзе камплект, дзе аснова футболкі белага колеру. Здаецца, што Adidas узяў за рэферэнс алдовую джэрсі мюнхенцаў, а своеасаблівы перазапуск прымеркаваны да 120-годдзя клуба.

Акрамя таго, усярэдзіне каўнерыка ёсць надпіс «Rot & Weiß ein Leben lang» – «Чырвона-белы на ўсё жыццё». Чакаецца, што футболка будзе прадстаўлена ў сярэдзіне мая.

Выязная форма «ПСЖ»

Абодва варыянты выязной футболкі «ПСЖ» на наступны сезон выглядаюць крута – тэкстурны прынт, ненавязлівы градыент на рукавах. Адзіным істотным адрозненнем паміж макетамі з'яўляецца наяўнасць паласы, якая служыць фонам для спонсара. Чакаецца, што менавіта такі варыянт будзе фінальным.

Хатняя форма «Ювентуса»

У наступным сезоне ў «Ювентуса» будзе не менш цікавы дызайн хатняга камплекта формы. Ярка-жоўтая акантоўка крута ўпісалася ў традыцыйную чорна-белую палоску, якая, дарэчы, на гэты раз ну вельмі нагадвае афарбоўку зебры. Нельга не адзначыць і маланку на імі фундатара – невялікі неонавы элемент класна ўпісаўся ў агульную карціну.

Трэці камплект «Арсенала»

Ізумрудны камплект «Арсенала» ўжо выклікаў немалы ажыятаж сярод заўзятараў, але, па ўсёй верагоднасці, у канчатковым варыянце некаторыя элементы будуць зменены. Напрыклад, лагатып і іншыя дробныя элементы будуць зроблены ў светла-ружовым колеры.

Шорты будуць цёмна-сіняга колеру – у тон да рукавоў. Таксама Adidas працуе над лайфстайл-варыянтам гэтай футболкі для фанаў.

Выязная форма «Інтэра»

Чакаецца, што Nike выпусціць хатнюю форму «Інтэра» ўжо ў гэтым месяцы, а вось выязную давядзецца пачакаць да ліпеня. Калі хатні камплект выкананы ў сіне-чорнай палосцы, то ў выязным акцэнт зроблены на дыяганальны «пояс» з піксельнай перабіўкай. Верагодна, піксель стане фішкай усіх камплектаў «нерадзуры» ў новым сезоне.

Выязная форма «Баварыі»

Больш за ўсё ў гэтым рэйтынгу здзівіла «Баварыя». На выязной футболцы з'явяцца традыцыйныя чорны колер і ромбы, а таксама зялёныя і ружовыя элементы – гэтыя колеры ніколі не выкарыстоўваліся ў экіпіроўцы клуба.

Невідавочнае тут і значэнне: дызайн футболкі звязваюць са знакамітым скрыжаваннем Сібуя ў Токіа. Гэта самы людны пешаходны пераход у свеце, дзе адначасова перасякаюцца да 3000 чалавек.

Такім чынам, мюнхенцы нібыта хочуць наладзіць сувязь з заўзятарамі па ўсім свеце і пашырыць сваю базу фанатаў у Азіі. «Баварыя» згуляе два матчы ў Токіа: адзін супраць «Манчэстэр Сіці» і адзін супраць яшчэ не анансаванага суперніка.

Трэці камплект «Ліверпуля»

Адзін з камплектаў формы мерсісайдцаў у наступным сезоне будзе нетыповым для клуба – фіялетавым. Таксама на футболцы размешчаны чорныя і белыя элементы, а найлепшай яго часткай стаў воблакападобны прынт у дэфармаваную палоску.

Выязная форма «Ювентуса»

Верагодна, афіцыйны варыянт будзе выглядаць так, як на калажы з левага боку – яго адрозненне ў тым, што каляровыя палосы некалькі больш тоўстыя.

На самых палосках Adidas не проста так адлюстраваў горны прынт – гэта ўшанаванне горнага масіва ва ўсходняй частцы Пенінскіх Альпаў, паміж Італіяй і Швейцарыяй пад назвай Монтэ-Роза. Афіцыйны дроп формы чакаем ужо ў чэрвені.

Выязная форма «Рэала»

Adidas ладна папрацаваў над выязной футболкай «Рэала» на наступны сезон. Графічны прынт, V-падобны каўнер, рознакаляровыя палоскі на плячах і ідэальна падабраныя колеры.

За аснову ўзяты цёмна-сіні колер «Легендарнае чарніла» (так, гэта яго назва), які дазваляе вылучацца белым лагатыпам. Кідаюцца ў вочы і знакі бясконцасці, з якіх і выкананы прынт. Чакаем афіцыйнай прэзентацыі камплекта ў ліпені.

***

Ужо рыхтуемся вярнуцца да вас з рэйтынгам афіцыйных джэрсі. А пакуль пішыце сваіх фаварытаў у каментарыях.

Фота і графіка: Footy Headlines

Іншыя пасты блога

Усе пасты