Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Вехцеў – не толькі трэнер-танцор, але і чалавек, які з ЧБ паехаў у «Барусію». Хадзіў на дыскатэкі з зоркамі, у Кітаі еў сабаку

Вехцеў – не толькі трэнер-танцор, але і чалавек, які з ЧБ паехаў у «Барусію». Хадзіў на дыскатэкі з зоркамі, у Кітаі еў сабаку

І нават армія не перашкодзіла паказаць сябе ў футболе.

Аўтар — bytribuna com
4 лістапада 2022, 16:41
Вехцеў – не толькі трэнер-танцор, але і чалавек, які з ЧБ паехаў у «Барусію». Хадзіў на дыскатэкі з зоркамі, у Кітаі еў сабаку

Галоўны трэнер «Электрона» з Вялікага Ноўгарада Сяргей Вехцеў стаў галоўным ньюсмейкерам мінуўшага тура расійскага Д3. Пасля другой перамогі ў сезоне (над піцерскім «Ядром» 2:0) беларускі коуч выканаў запальны танец у распранальні. Відэа хутка завірусілася ў сеціве. Глядзіце і атрымлівайце асалоду.

«Перад гульнёй у Санкт-Пецярбурзе папрасіў нашага брамніка Мікіту Піўкіна згуляць на нуль. Ён, у сваю чаргу, сказаў, што калі яму гэта ўдасца, дык з мяне танец. Што не зробіш дзеля перамогі! Так што я быў гатовы. І прадчуваў: павінны выйграць. Ну, і пацешыў каманду. Праўда, не чакаў, што наша прэс-служба апублікуе відэа і будзе такі рэзананс», – тлумачыў свой парыў Вехцеў.

Перамога дазволіла "Электрону" падняцца з апошняга месца ў сваёй групе Д3 і парадаваць прыхільнікаў каманды, якія могуць прад'явіць прэтэнзіі трэнеру нават на прэс-канферэнцыі.

Вехцеў добра вядомы ў беларускім футболе і асабліва ў Віцебску, дзе лічыцца мясцовай легендай. Расказваем пра трэнера, які ў часы гульнявой кар'еры нават паспеў пабыць паўнапраўным футбалістам дортмундскай "Барусіі".

Вырас у Расіі, але пачынаў у Беларусі

Увогуле, Ветхеў нарадзіўся і спасцігаў футбольныя азы ў Смаленску. У выпускных класах хлопец зразумеў, што жадае звязваць лёс з футболам. Па ўспамінах Вехцева, трапіць у смаленскую «Іскру» было нерэальна, таму рослы на той момант цэнтральны абаронца (187 см) адправіўся ў Віцебск, каб там прабівацца ў дарослы футбол.

Пасля прагляду ён апынуўся ў другой камандзе КІМ (ранейшая назва «Віцебску») у Вячаслава Акшаева. Аднак хутка прабіцца ў першы склад і згуляць у мінорных дывізіёнах чэмпіянату СССР футбалісту было не наканавана.

Служыў у войску ад званка да званка

Неўзабаве пасля пераезду ў Віцебск 18-гадовы юнак атрымаў позву ў ваенкамат. Клуб спрабаваў дапамагчы Вехцеву вырашыць пытанне з войскам, але нешта пайшло не па плане, таму футбалісту давялося служыць без патуранняў. У ваенкамаце прапанавалі два месцы службы – Маскву і Мінск. Вехцеў спыніўся на другім варыянце, каб быць бліжэй да Віцебска.

У сталіцы БССР гулец КІМ апынуўся ў роце аховы штаба ваеннай акругі. На гэты час футбол амаль выпаў з жыцця Вехцева. Салдату толькі дазвалялі наведваць матчы маладзёжкі КІМ у Мінску. Увесь астатні час футбаліст аддаваў абавязак Радзіме.

«Паставілі мяне на пост, каб ахоўваў дом камандуючага нашай вайсковай акругай. Тры гадзіны ночы – нехта ходзіць на маім участку. Я па статуце крычу: "Стой, хто ідзе!" Прыгледзеўся, здаецца, ідзе сам камандуючы. Падыходзіць ён да мяне: «Служыш? Малайчына, глядзі, каб мяне не выкралі!» – успамінаў Вехцеў.

Дэмабілізацыя прыпала на апошнія месяцы існавання СССР. У верасні 1991-га на некалькі дзён увялі ваеннае становішча з-за путчу ў Маскве, што насцярожана ўспрынялі салдаты ў Мінску. Але абышлося – ужо праз два месяцы віцябляніна дэмабілізавалі.

Праз гады Вехцеў распавядаў, што адлучка ад футбола ў войска толькі ўзмацніла яго любоў да гульні. Плюс ён нарасціў мышачную масу дзякуючы пастаянным трэніроўкам у вайсковай трэнажорнай залі.

Дапамагаў Віцебску браць першыя медалі

Пасля вяртання ў каманду Акшаеў вырашыў зрабіць з Вехцева нападніка. Менавіта ў гэтай ролі футбаліста хутка перавялі ў першы склад напярэдадні дэбютнага чэмпіянату Беларусі.

Малады форвард хутка стаў гульцом старту, за чатыры сезоны забіўшы 30 мячоў у 104 матчах эліты. Тады ж пайшлі першыя медалі ў кар'еры Вехцева: у 1993-м і 1995-м ён браў срэбра, а паміж імі і бронзу. Асабліва эфектыўным у нападаючага выдаўся сезон-1994/95, калі з 13 галамі ён стаў пятым бамбардзірам «вышкі».

У тыя гады Вехцеў дэбютаваў за зборную Беларусі. Нападніка ўзялі на паўднёваамерыканскае турнэ, дзе выпусцілі толькі ў канцоўцы заключнага матчу з Перу (1:1). Усяго за нацыяналку форвард правёў чатыры матчы, з'явіўшыся з першых хвілін толькі адзін раз – у 1996-м у спарынгу з ААЭ (0:1).

Пераходзіў да дзейнага чэмпіёна Германіі

У 1995-м на той момант ужо пераназванаю з КІМа у "Дзвіну" камандау напаткалі фінансавыя праблемы. Работнікі клуба маглі не бачыць заробак па паўгода. Не ад добрага жыцця Вехцеў стаў шукаць варыянты працягу кар'еры за мяжой. Адразу нападнік накіраваўся на прагляд да «Крылаў Саветаў» у Маскву. Футбаліст спадабаўся клубу, аднак не атрымалася дамовіцца аб пераходзе з «Дзвіной».

Улетку таго ж года агент Герд Буцэк, які працаваў з гульцамі ЧБ, прапанаваў Вехцеву, а таксама Юрыю Вяргейчыку і Эдуарду Дземенкаўцу паспрабаваць сябе ў Еўропе. Адразу тройка выправілася ў Бельгію на прагляд у "Маленбек". Футбалісты спадабаліся клубу, але па выніку кантракт падпісаў толькі Вяргейчык. Праз некаторы час Дземенкавец з'ехаў у дацкі "Вайле", а ў Вехцева з'явіўся варыянт з новаспечаным чэмпіёнам Германіі – дортмундскай "Барусіяй". Праўда, прыйшлося ехаць не ў першую каманду, а ў дубль. Сяргей крыху патрэніраваўся там, пасля чаго кіраўніцтва клуба запрасіла яго і агента ў офіс.

«Да гэтага Герд вазіў нас на сваім БМВ. У той дзень выходжу з дому, а ён адчыняе гараж і выганяе найкруцейшы кабрыялет «Паршэ». Буцэк кажа: "Трэба выглядаць самавіта". Па аўтабане з адкрытым верхам на хуткасці 200 кіламетраў ехалі. Мае думкі апярэджвалі аўтамабіль…» – распавядаў Вехцеў.

Пасля невялікай гутаркі з босамі «Барусіі» нападніку прапанавалі 2-гадовы кантракт, на які навабранец адразу ж пагадзіўся. Зарплата была ў дзесяць разоў вышэйшая, чым у «Дзвіне». Адразу пасля падпісання дакументаў Ветхеву прыйшлося хутка збірацца на самалёт – у Швейцарыі на зборах ужо знаходзіўся першы склад «Барусіі», дзе форварду вырашылі даць шанец сябе праявіць.

Не прабіўся ў першую каманду, але танчыў на дыскатэках

Апынуўшыся ў распранальні дортмундцаў, у гульца адкрыўся рот ад прысутнасці там Патрыка Бергера, Матыяса Замера, Штэфана Клоса і Сфэтана Шапюізы. Яшчэ месяц таму за дзеяннямі гэтых футбалістаў Вехцеў назіраў па тэлевізары, а тут яму выпаў шанец трэніравацца з імі. Легіянер намагаўся праявіць сябе на трэніроўках, таму рабіў шмат бегавой работы. Праз свой імпэт нападаючы нават атрымаў заўвагу ад галоўнага трэнера Отмара Хітцфельда, які папрасіў падапечнага супакоіцца. Падчас збору Вехцева выпусцілі ў спарынгу супраць «Грасхопера», якому беларус забіў адзін мяч.

Але правесці хаця б адзін паядынак за «Барусію» футбалісту не было наканавана. Пасля тых летніх збораў 1995-га «чмялі» падпісалі лепшага бамбардзіра Бундэслігі Хейкі Херліха з менхенгладбахскай «Барусіі», а Вехцева спусцілі ў другую каманду, дзе ён правёў увесь сезон-1995/96.

Магчыма, палымяна танчыць форвард навучыўся на дыскатэках Дортмунда, куды яго некалькі разоў запрашаў аднаклубнік Штэфен Фройнд, які ў 1996-м выйграў ЧЕ ў складзе зборнай Германіі.

«У нас жа дыскатэкі звычайна з васьмі да дванаццаці. У СССР не было начных клубаў. Другое, што кінулася ў вочы, – не трэба было плаціць за ўваход. Мы зайшлі на дыскатэку, а нам далі толькі нейкую картку. Прыносяць напоі, ня трэба плаціць ніякіх грошай. Проста робяць нейкія пазнакі на гэтай картцы. Думаю, куды я патрапіў? Усё вакол бясплатна! Што за камунізм у Нямеччыне? Аказалася, калі ты выходзіш з клуба, то на выхадзе разлічваешся за ўсё», – дзяліўся ўспамінамі Вехцеў.

Улетку 1996-га футбалісту прыйшлося шукаць варыянт з арэндай у іншым клубе. Справа ў тым, што кіраўніцтва «Барусіі» ўвяло ўзроставы цэнз у другой камандзе да 23 гадоў, а беларусу на той момант было ўжо 25. Так на сезон Вехцеў апынуўся ў «Дзюльмене» з Оберлігі (Д5).

Апошнія паўгоды дзеяння кантракту з «Барусіяй» нападаючаму актыўна тэлефанавалі з «Балтыкі» і прапаноўвалі тыя ж грошы, што плаціў Дортмунд. Акрамя гэтага ў Калінінградзе беларусу абяцалі стабільную ігравую практыку. Буцэк не меў ілюзій, што "Барусія" прапануе новы кантракт, таму прапанаваў падапечнаму самому выбраць, дзе гуляць далей. Так летам 1997-га ў кар'еры Вехцева завяршыўся нямецкі перыяд.

Няўдача з «Балтыкай» і перамога ў Кубку Беларусі

У «Балтыцы» Сяргей сустрэў яшчэ траіх беларусаў – Сяргея Герасімца, Валерыя Шанталосава і Юрыя Шуканава. Праўда, гульнявой практыкі стала не надта больш. За другую палову чэмпіянату-1997 Вехцеў правёў усяго чатыры матчы. Прычыны форвард знаходзіў не ў нейкіх нефутбольных справах, а ў асобе свайго канкурэнта па пазіцыі Андрэя Фядзькова.

«Я разумею трэнера. Нешта мяняць, калі чалавек забівае, не мае сэнсу. Трэба было чакаць свайго шанцу і імкнуцца даказваць сваю здатнасць», – прызнаваў Вехцеў.

Пасля сезона-1997 у нападніка былі нейкія варыянты ў Нямеччыне, але ён адгукнуўся на прапанову Ашкаева, які на той момант узначальваў віцебскі «Лакаматыў-96». За чэмпіянат-1998 Вехцеў забіў дзевяць мячоў у 27 матчах, стаўшы лепшым бамбардзірам каманды і восьмым па лізе. Аднак зусім не гэтае дасягненне тады грэла душу Сяргея – у траўні «чыгуначнікі» прывезлі ў Віцебск Кубак Беларусі, у дадатковы час абгуляўшы мінскае «Дынама» 2:1.

Пагуляў у Кітаі, дзе каштаваў сабачаціну

У пачатку 1999-га агент Валерый Ісаеў прапанаваў Вехцеву 10-дзённы прагляд у адным з кітайскіх клубаў. Футбаліст вырашыў, што шанцам пабываць у Паднябеснай трэба скарыстацца.

За дзесяць дзён нападнік паўдзельнічаў у чатырох спарынгах, пасля чаго атрымаў добрую прапанову ад «Ухані» на адзін год. У 1999-м камандзе не ўдалося захаваць месца ў кітайскай эліце – тры перамогі ў 26 матчах і апошняе, 14-е, месца. Сам Вехцеў аформіў сем галоў у 24 сустрэчах.

Кітай запомніўся легіянеру не толькі незвычайным футболам, але і экзатычнай для еўрапейца кухняй. Яму давялося пакаштаваць змей, суп з чарапахі і нават мяса сабакі. Апошні выпадак адбыўся падчас выезду на гасцявы матч. Каманда прыйшла ў рэстаран на шведскі стол.

«Я наклаў сабе мяса. Толькі сабраўся есці, адкусіў маленькі кавалачак мяса, да мяне падыходзіць камандны доктар: "Ты любіш гэтую ежу?" Я пытаю: "А што?" Ён адказвае, маўляў, сабака. Выплёўваю хутчэй, адразу ў бок адставіў гэтую талерку. Але вялікай розніцы паміж гэтым мясам і ялавічынай не адчуў», – успамінаў Вехцеў.

Доўгачаканае чэмпіёнства і тры аперацыі

Пасля вылету ў Д2 з «Уханью» у футбаліста быў варыянт з працаўладкаваннем у лізе Ганконга. Сяргей быў не супраць, але мясцовы агент у апошні момант некуды знік. На гэтым Вехцеў вырашыў зноў збіраць валізкі ў Віцебск, дзе паступова станавіўся легендай мясцовага футбола.

«Пабываўшы ў Нямеччыне, зразумеў, што футбол – гульня для заўзятараў. Калі вяртаўся ў Віцебск, стараўся надаваць шмат увагі фанатам. Пасля кожнага гола падбягаў да іх, каб аддзячыць за падтрымку», – распавядаў Вехцеў.

Праўда, да таго моманту віцебская каманда ператварылася са стабільнага прэтэндэнта на медалі ў серадняка вышэйшай лігі. У 2000-м Вехцеў набраў за «Лакаматыў-96» 9+7 у 27 матчах (сёмы паказчык па лізе), а наступны сезон пачаў у «Белшыне», куды зноў жа запрасіў Акшаеў. У 2001-м бабруйчане аформілі дабл, выйграўшы чэмпіянат і Кубак Беларусі. Калі ў кубкавым фінале нападнік гуляў, то ў чэмпіянаце правёў толькі палову матчаў. Віной таму пералом пятай плюсневай касці ў паядынку з мінскім "Дынама". З-за траўмы Сяргей тройчы клаўся на аперацыйны стол, што стала яго самым сур'ёзным пашкоджаннем за кар'еру.

Астатнія пяць сезонаў у вялікім футболе Вехцеў баражаваў паміж вышэйшай і першай лігамі, выступаючы за «Нафтан», «Славію» і віцебскі «Лакаматыў». Пасля сезона-2006, калі нападніку было ўжо 35, яму прапанавалі ці шукаць новы клуб, ці пераходзіць на трэнерскую працу. Вехцеў абраў другі варыянт.

Усяго за "Віцебск", які выступаў пад рознымі назвамі, Сяргей правёў 185 матчаў і забіў 52 мячы.

Выводзіў «Віцебск» у «вышку»

Адразу Вехцеў асіставаў галоўнаму трэнеру дубля «паўночнікаў», а затым яго перавялі ў першую каманду, каб дапамагаў Аляксандру Хацкевічу і Юрыю Канаплёву. Пад кіраўніцтвам апошняга ў 2014-м "Віцебск" няўдала правёў першы круг у Д2, які скончыў пятым. Тады да канца сезона выпраўляць сітуацыю паставілі Вехцева. Той падняў каманду на трэцяе месца, а ў пераходных матчах з «Дняпром» (2:0, 1:1) вярнуў яе ў вышэйшую лігу.

Аднак у эліце Вехцеў пратрымаўся толькі адзін круг. "Віцебск" выйграў усяго адзін матч з 13 і ішоў апошнім. Ветхеў саступіў пасаду Сяргею Ясінскаму, а сам на два з паловай гады зрабіўся яго памочнікам.

Тройчы аднаўляў кар'еру

Апошні паўнавартасны сезон Вехцева як футбаліста датаваны сезонам-2006. Як аказалася, нападнік яшчэ тройчы вернецца на поле.

Першы раз зафіксаваны ў 2009-м, калі Вехцеў працаваў у трэнерскім штабе «Віцебску». Ён правёў адзін матч у «вышцы» і яшчэ тры за віцебскі «Мясакамбінат» у Д3. Праз чатыры гады Вехцеў, якому ўжо было за 40, ізноў апынуўся ў заяўцы "Віцебска" на сезон як гулец. Сяргей дзевяць разоў выходзіў на замену ў Д2, у сярэднім праводзячы на ​​поле па 13 хвілін. Праўда, тады дапамагчы "паўночнікам" вярнуцца ў эліту не ўдалося – каманда фінішавала трэцяй, прапусціўшы наперад "Слуцк" ды "Гарадзею".

У 2019-м, пакуль у трэці і апошні раз, Вехцеў зноў зняў буцы з цвіка, ужо каб дапамагчы «Дзецкасельскаму» з Гарадка ў першым раундзе Кубка Беларусі. 48-гадовы форвард у матчы супраць "СМІаўтатранса" з'явіўся на полі на 73-й хвіліне і ў дадатковы час атрымаў прамую чырвоную картку, збіўшы адразу дваіх супернікаў.

У меншасці «Дзецкасельскі» дацярпеў да серыі пенальці, дзе апынуўся менш майстравітым за суперніка.

У Д3 Расіі патрапіў з жаночага футбола

Летам 2018-га Вехцеў выправіўся на поўдзень ад Віцебска, каб працаваць самастойна. Коуч атрымаў прапанову ўзначаліць «Оршу», куды запрасілі на змену Акшаеву. Там Вехцеў затрымаўся на паўтара года. Чэмпіянат-2018 "Орша" скончыла 12-й, 2019 – 10-й.

Пасля творчага адпачынку Вехцеў аб'явіўся ў жаночым футболе, калі на пачатку 2021 года ачоліў толькі створаны «Віцебск». Трэнеру ўдалося сабраць па іншых беларускіх камандах выхаванак віцебскага футбола і за кароткі тэрмін стварыць баяздольны калектыў. Але праца з дзяўчынамі аказалася нядоўгай – у верасні 2021-га Вехцеў з'ехаў трэніраваць «Перасвет» з расійскага Д3. Беларуса з ходу прызналі лепшым трэнерам месяца, а каманда фінішавала на 12-м месцы з 22 у групе 3.

У мінулым верасні Вехцеў узначаліў «Электрон». Пакуль у каманды больш засмучэнняў, чым радасці: у дзесяці матчах дзве перамогі і дзве нічыі. Трэнер прызнаваўся, што кіраўніцтва "Электрона" паставіла перад ім задачу па выніках сезона патрапіць у шасцёрку сваёй групы. Па словах Вехцева, да часу яго прызначэння шанцы на такі вынік яшчэ былі, але зараз іх ужо няма.

Іншыя пасты блога

Усе пасты