Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«4 гады прайшло, а ўся краіна гаворыць». Псеўданiм з цытаты Багi натхнiў трэнера «Шахцёра» на адказ аўтарам фраз пра «тупых фiзрукоў»

«4 гады прайшло, а ўся краіна гаворыць». Псеўданiм з цытаты Багi натхнiў трэнера «Шахцёра» на адказ аўтарам фраз пра «тупых фiзрукоў»

Як гэта звязана, засталося таямнiцай.

Аўтар — Alex Zagorski
25 лютага 2023, 06:45
«4 гады прайшло, а ўся краіна гаворыць». Псеўданiм з цытаты Багi натхнiў трэнера «Шахцёра» на адказ аўтарам фраз пра «тупых фiзрукоў»

25 лютага ў 16:00 адкрыецца новы футбольны сезон у Беларусi – у матчы за Суперкубак сустрэнуцца «Гомель» і «Шахцёр». За дзень да сустрэчы адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнiкоў каманд, самы яскравы момант якой – пытанне, якое павесяліла прысутных. Дакладней, не само пытанне, а псеўданiм таго, хто яго задаў. Нехта з нікнэймам «лепш чым сэкс» запытаўся ў галоўнага трэнера салігарчан Аляксея Багі, каго ён лічыць найлепшым трэнерам краіны пасля сябе.

Бага ў адказ даволі жвава ўспомніў тых, хто мае невысокае меркаванне пра здольнасцi трэнераў у белфутболе, і як абвяржэнне для такіх людзей прывёў той факт, што нехта памятае яго фразу чатырохгадовай даўніны. Як гэты факт можа сведчыць пра прафесійны ўзровень коўчаў і чаму з-за адной згадкі Бага, назваўшы сябе «дзiваком», прыплёў нібыта цэлую Беларусь, засталося таямніцай.

– Што за нiк такi… Прадстаўляеце, што адбываецца? Чатыры гады мінула, а гэта не дае спакою нікому. А з кожнага праса крычаць: «У нас фізрукі ўсе тупыя». Дзівак сказаў чатыры гады таму – дагэтуль уся краіна кажа. Значыць, не такiя мы ўжо i фiзрукi, – так гучала раптоўная заява Багi.

Для тых, хто не адносіцца да «краіны Багі» і ўжо не памятае, пра што тут вядзецца: 14 лютага 2019-га дома БАТЭ абыграў лонданскі «Арсенал» у першай гульнi 1/16 фіналу Лігі Еўропы (1:0), i на пасляматчавай прэс-канферэнцыi тады галоўны трэнер барысаўчан Бага дадаў перцу ў рамантычную дату, пасля ўсiх слов наконт перамогi сказаўшы: «Хай выбачаць мяне прысутныя тут жанчыны, гэта было лепш, чым секс». Варта прызнаць, што па футбольнай супольнасці фраза разышлася сапраўды шырока і ў выніку патрапіла ў спартыўны топ-20 дзесяцігоддзя па версіі «Трыбуны».

Іншыя пасты блога

Усе пасты