Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Беларус з чорнага спісу працягвае гуляць у Еўропе. Дапамог «Рызе» вярнуцца ў медалі, зараз трэба цягнуць «Жальгірыс» пасля правалу на старце сезону

Беларус з чорнага спісу працягвае гуляць у Еўропе. Дапамог «Рызе» вярнуцца ў медалі, зараз трэба цягнуць «Жальгірыс» пасля правалу на старце сезону

Юры Кендыш вырашыў не ездзіць у зборную пасля 0:8 ад Бельгіі, але яго і так не пазавуць.

Аўтар — bytribuna com
10 красавіка 2023, 09:51
Беларус з чорнага спісу працягвае гуляць у Еўропе. Дапамог «Рызе» вярнуцца ў медалі, зараз трэба цягнуць «Жальгірыс» пасля правалу на старце сезону

Пасля растання з «Рыгай» у пачатку сакавіка беларускі паўабаронца Юры Кендыш не доўга знаходзіўся без клуба. На днях ён заключыў кантракт да канца 2023-га з віленскім «Жальгірысам» - дзейным чэмпіёнам Літвы, які няўдала распачаў сезон (чацвёртае месца пасля сямі тураў з васьмю ачкамі адставання ад лідара).

Беларус ужо мае досвед выступу за гэтую літоўскую каманду. У ёй ён правёў сезон-2015, быў ключавым гульцом і дапамог узяць чэмпіёнскі тытул з Кубкам. У пачатку 2016-га футбаліста захацелі бачыць у Барысаве - Анатоль Капскі сплаціў «Жальгірысу» за апорніка 150 тысяч еўра.

Расказваем, што апошнім часам адбывалася ў кар'еры 32-гадовага хаўбека.

Дапамог купіць машыну для ўкраінскіх жаўнераў

Мінулы год Кендыш правёў у «Рызе», куды перайшоў з «Шахцёра» на правах свабоднага агента. Сезон атрымаўся насычаным - 37 матчаў ва ўсіх турнірах і шэсць мячоў. "Рыга" вярнулася ў тройку прызёраў, фінішаваўшы другой. Кендыш з ходу стаў ключавой фігурай, а праз некалькі месяцаў пасля пераходу яму пачалі давяраць капітанскую павязку.

З беларусам у складзе "Рыга" даволі далёка зайшла ў еўракубках - да трэцяга раунда кваліфікацыі Лігі канферэнцый, адолеўшы ірландскі "Дэры Сіці" (2:0, 2:0) і славацкі "Ружамберак" (3:0, 2:1). Каманду Кендыша здолеў спыніць толькі партугальскі «Жыл Вісэнтэ». Першы матч у Рызе завяршыўся ўнічыю 1:1, а ў другім латвійцы пацярпелі фіяска 0:4. Беларус з'явіўся на полі адразу пасля перапынку, калі ягоныя партнёры ўжо тройчы прапусцілі.

Пакуль Кендыш гуляў у «Рызе», пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. На той момант у калектыве знаходзіліся трое ўкраінцаў - паўабаронцы Уладлен Юрчанка, Юрый Вакулка і нападаючы Аляксандр Філіпаў. Разам з імі Кендыш купіў аўтамабіль Nissan X-Trail для гуманітарных мэт..

Не баяўся адказнасці праз беларускі пашпарт

Пасля пачатку вайны над Кендышам навісла пагроза звальнення з «Рыгі» - праз беларускі пашпарт. Юры спакойна рэагаваў на такую верагоднасць.

«Калі беларускія войскі ўсё ж зойдуць на тэрыторыю Украіны, і пасля гэтага нам, беларускім футбалістам, удзел у чэмпіянаце Латвіі абмяжуюць, то гэтае выпрабаванне трэба прыняць і прайсці яго з годнасцю. Таму што, аб'ектыўна, калі краіна ўдзельнічае ў вайне, усе павінны несці за гэта адказнасць», - заявіў Кендыш у першыя дні вайны.

Таксама футбаліст захапляўся мужнасцю ўкраінцаў, якія сталі на абарону краіны. Кендыш як мог падтрымліваў партнёраў, чые сем'і заставаліся ва Украіне і знаходзіліся пад бамбардзіроўкамі расійскіх войскаў.

Патрапіў у чорны спіс Мінспорту

Нядзіўна, што з такім стаўленнем да сусветных падзей Кендыш трапіў у спіс нядобранадзейных футбалістаў па версіі так званага міністэрства спорту. Там Юры апынуўся разам з яшчэ 47 гульцамі, сярод якіх чатыры падпісанты праўладнага ліста. Нядзіўна, што паўабаронца вырашыў працягваць кар'еру за мяжой.

Скончыў у зборнай пасля 0:8

У канцы 2020-га тагачасны галоўны трэнер зборнай Міхаіл Мархель пачаў выклікаць Кендыша да сябе ў зборную (хоць гулец прыязджаў у яе і раней). У пяці наступных матчах Юры забіў два мячы, паразіўшы вароты Румыніі (3:5) і Эстоніі (4:2).

Вызначальным на ўзроўні нацыянальных каманд у кар'еры футбаліста стаў сакавіцкі матч 2021-га ў Бельгіі. Тады беларуская зборная згарэла на выезде 0:8. Кендыш з'явіўся ў стартавым складзе і правёў 87 хвілін. Пасля той паразы Юры вырашыў завяршыць выступленні ў галоўнай камандзе АБФФ.

«Гульцы Бельгіі былі настолькі ўперадзе, што я лічу, што лепш даць шанец маладым, няхай яны едуць і гэтак жа прайграюць 0:8 ці 0:10, але яны будуць набіваць нейкія гузакі і, магчыма, праз пяць гадоў яны змогуць скласці ім канкурэнцыю . Я ім скласці канкурэнцыю не мог», - тлумачыў футбаліст уласнае рашэнне больш не ездзіць у зборную.

Аднак там не спяшаліся адмаўляцца ад гульца. Калі ў кастрычніку 2022-га ў Георгія Кандрацьева пацікавіліся, ці можа паўабаронца вярнуцца ў нацыяналку, той адказаў: «Вядома ёсць шанец вярнуцца - мы за ўсімі сочым, радуемся, калі хлопцы добра гуляюць. Пэўныя шанцы ў іх ёсць», - запэўніваў Кандрацьеў.

Прапаноўвалі літоўскі пашпарт

Цікава, што Кендыш мог наогул гуляць за іншую зборную. Яшчэ да першага пераходу ў "Жальгірыс" паўабаронцу паступала неафіцыйная прапанова памяняць пашпарт на літоўскі і выступаць за зборную суседзяў. На той момант Юры быў задзейнічаны толькі за беларускую маладзёжку, таму варыянт выглядаў рэальным. Жаданне паспрабаваць сябе на ўзроўні нацыянальных каманд было вялікім, таму Кендыш гатовы быў пагадзіцца на прапанову. Аднак супраць выступіла жонка, якую хвалявалі нейкія верагодныя праблемы з дакумэнтамі ў Беларусі.

«У той час я яшчэ не выклікаўся ў беларускую зборную. Была крыўда праз гэтага. Але потым я перайшоў у БАТЭ, і праз паўгода пры Хацкевічу мяне выклікалі ў зборную Беларусі», - распавядаў Кендыш.

Невысокага меркавання пра ЧБ

Пра гэта Кендыш пачаў казаць, калі яшчэ выступаў у вышэйшай лізе. Пасля вылету з "Шахцёрам" з Лігі канферэнцый ад люксембургскай "Фолы Эш" (1:2, 0:1) Юры канстатаваў:

«Мы скокнулі з абрыву, а калі прызямлімся, пакуль не ведаем. Дна не відаць», - сказаў футболіст.

Пра гэта ж Кендыш працягваў казаць і ў Прыбалтыцы.

«Узровень клубнага футбола ў Беларусі цяпер прыкладна такі ж, які быў у Латвіі восем-дзевяць гадоў таму. Калісьці мы з БАТЭ гулялі супраць латвійскіх каманд. Вось зараз у Беларусі тое ж самае. У беларускім футболе скарачаюцца бюджэты, гуляюць дзеці. Усе кажуць, што ўзровень чэмпіянату ўпаў ніжэй няма куды», - казаў Кендыш.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты