Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Узровень футбола ў Д2 Беларусі не ўражвае, зусім іншая справа – памер выдаткаў. Вось колькі грошай трэба клубу без прэтэнзій

Узровень футбола ў Д2 Беларусі не ўражвае, зусім іншая справа – памер выдаткаў. Вось колькі грошай трэба клубу без прэтэнзій

Не адна кватэра ў Мінску.

Аўтар — bytribuna com
13 красавіка 2023, 15:54
Узровень футбола ў Д2 Беларусі не ўражвае, зусім іншая справа – памер выдаткаў. Вось колькі грошай трэба клубу без прэтэнзій

У чэмпіянаце Беларусі ў першай лізе, дзе ў гэтым сезоне сабраліся 17 каманд, мінула ўсяго два туры. І ўжо загучалі скаргі, як няпроста жывецца ў Д2. Дырэктар «Жодзіна-Паўднёвага», навічка дывізіёна, Віталь Мурашка наўпрост заявіў, што «выйсці ў першую лігу можна, а пацягнуць яе ў некаторых момантах, асабліва ў фінансавых, значна складаней, таму што першая ліга мяркуе яшчэ ліцэнзаванне і шмат усялякіх нюансаў, якіх у другой лізе проста няма». Таксама Мурашка дадаў, што ягоны клуб па бюджэце, напэўна, самы бедны ў Д2.

"Трыбуна" даведалася, колькі трэба грошай, каб гуляць у першай лізе.

Падрыхтоўка да сезону

Усе каманды першай лігі, як і вышэйшай, праводзяць перадсезонныя зборы. У кожнага яны цягнуцца свае тэрміны і праходзяць на клубных базах ці стадыёнах, што бяруцца ў арэнду. На вучэбна-трэніровачны збор клубы закладаюць свае каштарысы, але ў сярэднім па Д2 на адзін збор ідзе да 10 тысяч рублёў на ўсю каманду. Калі з заездам кудысьці - напрыклад, у санаторый ці гасцінічны комплекс, дзе ёсць палі, - то можна выкласці і некалькі дзясяткаў тысяч рублёў за збор. І гэта без уліку абавязковых выдаткаў, што звязаныя з патрабаваннямі АБФФ.

Перад гэтым сезонам усіх удзельнікаў першай лігі федэрацыя абавязала праводзіць медыцынскі агляд футбалістаў у адным месцы - у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры спорту. Едуць туды і сталічныя калектывы, і калектывы з раённых і абласных цэнтраў. Раней гульцам можна было праходзіць агляд у медыцынскім цэнтры МТЗ, і на гэта патрабавалася менш грошай, чым зараз. А якасць абслугоўвання, на думку спартсменаў, у медцэнтры МТЗ калі не вышэйшая, то як мінімум не горшая. АБФФ правілы памяняла - і ўсе цяпер правяраюцца ў РНПЦ. Выдаткі на агляд - да пяці тысяч рублёў з каманды. І гэтая сума - толькі сам агляд двух дзясяткаў футбалістаў асноўнай каманды. А яшчэ трэба давезці людзей да цэнтра, пасля завезці назад. Пра гэтыя выдаткі - крыху ніжэй.

Што да здароўя, адным толькі аглядам у РНПЦ клубы не абмяжоўваюцца. Па рэгламенце спартсмены павінны быць застрахаваныя. На гэты пункт выдаткаў можа сыходзіць да пяці тысяч рублёў на ўсю каманду. Адзначым, што страхавы перыяд доўжыцца ад першага туру да апошняга. Астатні час дзеяння кантракта - па індывідуальнай дамоўленасці з гульцом або па ўмовах пагаднення. У любым выпадку, пакуль гулец з'яўляецца чальцом ФК, клуб нясе за яго адказнасць. І калі спартовец атрымлівае траўму, то, незалежна ад наяўнасці страхоўкі, клуб нясе (ну, прынамсі, павінен несці) выдаткі на лячэнне.

Каб сачыць за станам гульцоў падчас трэніровак і матчаў, некаторыя клубы закупляюць палары - спецыяльныя датчыкі, што мацуюцца на цела і дапамагаюць фіксаваць сардэчны рытм і пульс. Сярэдні кошт аднаго палара ў Беларусі - 200-300 рублёў за штуку.

Далей - трэба апрануць і абуць футбалістаў. Адразу зазначым, што буцы спартсмены, якія выступаюць у Д2 (як, зрэшты, і большасць футбалістаў наогул у Беларусі), купляюць самі. Так што клуб на гэта не выдаткоўвае ні капейкі. У адваротным выпадку, калі б прыйшлося абуваць гульцоў, то з клубнага бюджэту пайшло б яшчэ каля 20 тысяч рублёў. І гэта пры тым, што на адзенне ўжо закладзеныя сур'ёзныя траты. Так, перад сезонам клубы Д2 забяспечваюць спартсменаў наступным камплектам адзення: трэніровачная форма, дамашняя і гасцявая для выступлення ў лізе, зімовая экіпіроўка, заплечнікі. У сярэднім клуб першай лігі на гэта выдаткоўвае каля 50 тысяч рублёў.

Безумоўна, для трэніровак патрэбны і адпаведны інвентар. Немагчыма з аднымі і тымі ж фішкамі правесці ўвесь сезон - нешта зношваецца, нешта ламаецца. Адпаведна, інвентар увесь час дакупляецца. На працягу сезона як мінімум адно абнаўленне інвентара адбываецца, а гэта - зноў выдаткі. Праўда, тут клуб выдаткі рэгламентуе сам - у залежнасці ад вытворцы інвентара, ад яго кошту. Але мінімум некалькі тысяч рублёў (у пачатку сезона, а потым яшчэ па меры неабходнасці) на фішкі, сетку, пераносныя вароты і гэтак далей, неабходна вылучыць.

Да нядаўняга мінулага некаторыя ўдзельнікі першай лігі аддавалі грошы за доступ да статыстычных платформ InStat і WyScout. Кантракт з клубам Д2 каштаваў да пяці тысяч рублёў. Але, як вядома, з гэтага сезона кампаніі працаваць з Беларуссю не будуць, а таму гэты пункт выдаткаў сёння неактуальны.

Заявачны ўнёсак для ўдзелу ў Д2

Абавязковы пункт выдаткаў - грошы, якія неабходна аддаць АБФФ, каб федэрацыя дазволіла ўдзельнічаць у чэмпіянаце. Згодна з рэгламентам, каманды могуць падзяліць аплату ўнёску на дзве часткі. Калі казаць канкрэтна пра першую лігу, то не менш за 50 працэнтаў трэба заплаціць да старту чэмпіянату, астатнюю частку - да 11 жніўня. У рэгламенце таксама адзначана, што калі клуб не ўнёс неабходную частку сумы да старту сезона, то яго могуць не дапусціць да чэмпіянату, нават калі ўсе астатнія крытэры выкананыя. А калі не аплачаная другая частка ўнёску, то да ФК могуць быць ужытыя розныя дысцыплінарныя спагнанні.

Таксама ў дакуменце прапісана, што АБФФ мае права павялічваць памер унёску на працягу сезона "ў выпадку з'яўлення абгрунтаваных дадатковых выдаткаў". Зрэшты, такіх выпадкаў удзельнікі чэмпіянатаў не памятаюць. Ужо некалькі гадоў заявачныя ўнёскі трымаюцца на адным узроўні. Клубы-ўдзельнікі першай лігі павінны пералічыць АБФФ у агульнай складанасці 9500 рублёў. Для параўнання, удзельнікі другой лігі плацяць у якасці заявачнага ўнёску 1500 рублёў, а каманды «вышкі» - 41 тысячу рублёў.

Зарплаты ў першай лізе

Другі дывізіён у Беларусі лічыцца прафесійным, а таму ўсе футбалісты маюць кантракты, дзе, натуральна, прапісаныя заробкі і прэміяльныя (у асноўным - за перамогі і дасягненне мэты, але сумы зусім невялікія). Як удалося даведацца «Трыбуне», у гэтым сезоне сярэдні заробак у першай лізе складае 800-1200 рублёў. Адзінай камандай, якая, паводле нашых звестак, вылучаецца на фоне супернікаў, - віцебскі "Макслайн". Там гульцы атрымліваюць заробкі, якія могуць сабе дазволіць клубы другой паловы вышэйшай лігі.

Пры гэтым у некаторых клубах дзейнічае сістэма штрафаў за неабавязковыя парушэнні дысцыпліны. Напрыклад, за непатрэбныя выдаленні падчас матчаў, спазненні на трэніроўку і іншае. Так што не заўсёды футбалісты атрымліваюць усе грошы, што належаць ім па кантракце.

Натуральна, і астатнія супрацоўнікі ФК працуюць не за дзякуй. Згодна з рэгламентам, клуб Д2 для праходжання ліцэнзавання павінен уводзіць у штатны расклад спецыялістаў, без якіх можна абысціся, выступаючы ў Д3. Напрыклад, абавязковая наяўнасць прэс-сакратара, спецыяліста, які адказвае за сістэму comet, афіцэра сумленнасці, спецыяліста па пытаннях ліцэнзавання. Адпаведны спіс з указаннем абавязковых пасад выдаецца ў АБФФ пры праходжанні ліцэнзавання. Колькі плацяць таму ці іншаму супрацоўніку, сказаць складана, тым не менш і заробкі гэтых людзей - частка выдаткаў любога ФК.

Што тычыцца трэнераў, то, па правілах АБФФ, у першай лізе камандамі могуць кіраваць спецыялісты з катэгорыяй А і вышэй, іх памочнікі павінны мець як мінімум катэгорыю В. З дзецьмі (пра гэта - крыху ніжэй) павінны працаваць спецыялісты з ліцэнзіяй С. Адпаведна, і заробкі трэнерам (у кожнага свае запыты) таксама павінны налічвацца.

Не трэба забывацца і на падаткі. З налічэння супрацоўніка ўтрымліваецца адзін працэнт у пенсійны фонд і 13 працэнтаў падаходнага падатку. То-бок, калі б не гэтыя падаткі, то супрацоўнік атрымліваў бы на 14 працэнтаў больш. Ну а само прадпрыемства плаціць па 34 працэнты ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і «Белдзяржстраху» 0,52 працэнта ад зарплаты за кожнага супрацоўніка.

Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне матчу

Тут жыццё клубаў у Д2 адрозніваецца. У некаторых удзельнікаў турніру ёсць свае стадыёны ("Дняпро", "Ліда", "Баранавічы", "Хваля"). Не ўласныя, вядома, а муніцыпальныя, але так як і клубы знаходзяцца на балансе гарадскіх уладаў, то плаціць за арэнду арэн калектывам пры правядзенні дамашніх матчаў не трэба - гэтыя выдаткі бярэ на сябе гарадскі або абласны бюджэт.

А вось клубам, якія вымушаныя арандаваць арэны, каб прымаць супернікаў, трэба планаваць гэтыя выдаткі. Стадыён арандуецца мінімум на тры гадзіны: каб пераапрануцца да і пасля матчу, правесці размінку і, уласна, адгуляць сам паядынак. У залежнасці ад рэгіёна арэнда каштуе ад 900 да некалькіх тысяч рублёў. Самыя дарагія стадыёны ў Мінску. Так, напрыклад, САК "Алімпійскі" за тры гадзіны свайго штучнага газона патрабуе паўтары тысячы рублёў. У горадзе ёсць яшчэ РЦАР БДУ, стадыён "Мінска", "Дынама-Юні". І кошт арэнды на адзін матч можа даходзіць да трох тысяч рублёў. Каманды з аддаленых рэгіёнаў і невялікіх гарадоў плацяць у сябе, зразумела, менш.

Таксама, згодна з рэгламентам, на стадыёне падчас матча павінна прысутнічаць медыцынская брыгада. У асноўным каманда-гаспадыня за паслугі карэты хуткай дапамогі плаціць 600-700 рублёў за матч. Цікава, што клубам, якія жывуць за кошт дзяржбюджэту, і ў гэтым плане лягчэй - частку выдаткаў пакрывае выканкам. Такія ФК плацяць за медперсанал каля 200 рублёў за матч.

Неабходная і прысутнасць супрацоўнікаў так званых МНС і міліцыі. Пажарная машына з парай супрацоўнікаў, а таксама прадстаўнікі лукашэнкаўскіх сілавікоў - гэта яшчэ некалькі соцень рублёў за матч.

Рэгламент абавязвае мець на стадыёне і сцюардаў (праўда, мала хто выконвае гэты пункт, але АБФФ і сама ставіцца да яго непрынцыпова). За працу некалькіх чалавек у манішках (у асноўным, супрацоўнаў мясцовых спартовых школ) таксама даводзіцца плаціць 20-50 рублёў за матч кожнаму.

Натуральна, трэба і трэнавацца перад матчамі. Клубы, якія не плацяць за арэнду арэны для дамашніх матчаў, не выдтакоўваюцца і на трэніроўкі. Базы і стадыёны працуюць за кошт гарадскога або абласнога бюджэту. Астатнія калектывы вымушаны шукаць фінансы на тое, каб арандаваць палі для заняткаў. Ізноў жа, сумы розняцца ад рэгіёна да рэгіёна, але ў сярэднім па краіне за адну трэніроўку ФК плацяць стадыёнам у раёне 100 рублёў (гэта дае доступ да поля і распранален).

Частка клубаў Д2 не адмаўляецца ад правядзення шоў напярэдадні матчаў і робіць праграмкі - усё гэта таксама выдаткі. Што тычыцца прыбытку ад продажу білетаў, то тут усё па дамоўленасці: нейкія клубы забіраюць грошы сабе ў бюджэт, нейкія аддаюць у лік арэнды стадыёну. Але казаць пра вялікія сумы не выпадае.

Выдаткі на выязны матч

Адным з самых істотных пунктаў выдаткаў для любога клуба з'яўляюцца "выязныя матчы". Па нашай інфармацыі, толькі за адзін гасцявы матч клуб можа выкласці да чатырох тысяч рублёў.

Што сюды ўваходзіць? У першую чаргу - пражыванне каманды, калі калектыў прыязджае не ў дзень матчу. У сярэднім за жыллё ў гатэлі і харчаванне там жа трэба аддаць каля 2,5 тысячы рублёў. Калі матч прызначаны на вечар, большасць ФК першай лігі выязджае раніцай, размінаецца на стадыёне і пасля гульні адразу ж адпраўляецца дадому. Гэта дазваляе істотна эканоміць на гатэлях. Наогул жа ні адна каманда, у колькі б матч ні скончыўся, не застаецца ў горадзе на ноч.

Далей - транспартныя выдаткі. У залежнасці ад далёкасці выезду выдаткі на арэнду аўтобуса (калі ў клуба няма свайго) могуць вар'явацца ад 500 да 1500 рублёў (сюды ўваходзіць, уласна, сама арэнда транспартнага сродку і паліва).

Выдаткі на юнацкі футбол

Клубы-ўдзельнікі другой лігі - гэта толькі адна каманда, якая выступае на дарослым рэспубліканскім узроўні. А вось для праходжання ліцэнзавання для ўдзелу ў першай лізе, ФК па рэгламенце павінны мець у сваёй структуры ўжо як мінімум два калектывы ліцэнзійнага ўзросту - гэта значыць складзеных з рабят 14-17 гадоў. І гэты пункт таксама прадугледжвае немалыя выдаткі.

Па-першае, заробкі трэнерам і персаналу каманды ліцэнзавання. Уся экіпіроўка (форма, мячы, іншы інвентар) таксама купляецца за кошт клуба, хаця часам дапамагаюць бацькі юных футбалістаў. На сезон адной камандзе, напрыклад, патрэбна мінімум 20 мячоў (у залежнасці ад колькасці гульцоў). Адзін каштуе ў раёне 80 рублёў. Няцяжка палічыць, колькі траціцца толькі на мячы. Форма ж для падлеткаў хіба што крыху таннейшая, чым для дарослых гульцоў.

У бюджэт закладваецца і сума, неабходная для забеспячэння харчавання падлеткам. Пры гэтым нават калі ў некаторых клубах гульцы асноўных каманд могуць харчавацца дома ці ў іншых месцах (не за кошт ФК), то па ўзросту ліцэнзавання выдаткі на ежу абавязковыя. Харчаванне адной толькі групы падрыхтоўкі пасля аднаго матча юнацкага першынства можа вылівацца камандам у 200 рублёў. А такіх калектываў можа быць і два, і чатыры, і шэсць. У месяц на харчаванне адной каманды ідзе да 800 рублёў. Чым больш калектываў ліцэнзавання, тым вышэйшыя выдаткі

Немалыя грошы трацяцца на раз'езды падлеткавых каманд. Калі ўдзел у спаборніцтвах у асноўным бясплатны (расходы бярэ на сябе АБФФ), то за аўтобусы і бензін плаціць клуб. Каб зразумець маштаб затрат, дастаткова зірнуць на лічбы, якія на выезды марнуе асноўная каманда - атрымаецца супастаўная сума. І пры гэтым трэба ўлічваць, што ліцэнзійных груп можа быць не дзве і не тры. Але і тут клубам, якія знаходзяцца на балансе гарадскіх бюджэтаў, нашмат прасцей - асноўныя выдаткі бяруць на сябе мясцовыя ўлады. Жыццё няпростае ў прыватных клубаў, якія сродкі шукаюць самастойна.

А АБФФ нечым дапамагае?

Можна сказаць, што дапамога федэрацыі клубам-удзельнікам першай лігі мінімальная. Так, удзел для калектываў у дзіцяча-юнацкіх спаборніцтвах бясплатны, але ў астатнім - усё кладзецца на плечы ФК. АБФФ можа паставіць сабе ў заслугу хіба тое, што перад кожным сезонам выдзяляе да 40 мячоў асноўным складам.

Пры гэтым федэрацыя любіць «даіць» клубы на працягу сезона з нагоды і без. Размова пра штрафы, якія выпісвае кантрольна-дысцыплінарны камітэт практычна пасля кожнага тура. Не прагучаў гімн - штраф, няма неабходнага банэра на адпаведным месцы - штраф, штосьці дзесьці не працуе - штраф. Клубы перад сезонам закладваюць у бюджэт выдаткі на такія моманты, аднак часта рэальнасць аказваецца больш суворай. Справа ў тым, што ў АБФФ сістэма штрафаў назапашвальная, гэта значыць на працягу чэмпіянату парушальнік змушаныя плаціць больш і больш: пачынаецца ўсё з пяці базавых велічынь, а далей - павелічэнне ў кратным памеры. Таксама асобным пунктам прапісана ў рэгламенце тое, што за пратэрміноўку аплаты штрафу (месяц) яго памер павялічваецца ўдвая.

Такім чынам, колькі трэба для жыцця ў Д2?

Для выступу ў Д2 камандзе, якая хоча проста правесці сезон, без прэтэнзій на павышэнне ў класе, трэба мець бюджэт як мінімум у паўтара мільёна рублёў (амаль 500 тысяч долараў). Але і такіх грошай можа не хапіць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты