Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Ці нахамутаў суддзя супраць беларусаў у матчы з Ізраілем? Давайце паспрабуем разабрацца

Ці нахамутаў суддзя супраць беларусаў у матчы з Ізраілем? Давайце паспрабуем разабрацца

Былы рэферы ЧБ дзеліцца меркаваннем.

Аўтар — bytribuna com
19 чэрвеня, 10:33
2
Ці нахамутаў суддзя супраць беларусаў у матчы з Ізраілем? Давайце паспрабуем разабрацца

Зборная Беларусі працягвае серыю без перамог у афіцыйных сустрэчах, якая ўжо дасягнула 16 матчаў. Калі ўзяць толькі адборы на чэмпіянат Еўропы і чэмпіянат свету, то нацыяналка саступіла ў дзесяці апошніх гульнях. Крайняя няўдача (але не факт, што апошняя) - у матчы з Ізраілем у мінулую пятніцу. Да 85-й хвіліны беларусы вялі 1:0, аднак прапусцілі два мячы і па выніку прайгралі.

Пасля матчу галоўны трэнер каманды АБФФ Георгій Кандрацьеў заявіў, што яго футбалістам даводзілася "змагацца не толькі з супернікамі, але і з суддзямі" і наогул "нас ніхто не любіць". Усе спрэчныя эпізоды адбыліся ў канцоўцы гульні. Там быў і адменены гол у вароты беларусаў, і пенальці на карысць Ізраіля, і падзенне Івана Бахара ў штрафной суперніка.

Ці была логіка (а можа, прадузятасць) у рашэннях рэферы з Аўстраліі Джарэда Джылета? Гэта мы абмеркавалі з экс-арбітрам вышэйшай лігі Віталём Аніхімоўскім.

- Давайце пачнем з эпізоду на 74-й хвіліне, калі Сяргей Паліцевіч адправіў мяч ва ўласныя вароты. Арбітр скарыстаўся ВАР, каб разабрацца ў моманце. Пасля прагляду паўтораў аўстраліец скасаваў узяцце варот.

- У дынаміцы атакі адбыўся фол футбаліста зборнай Ізраіля па неасцярожнасці. Парушэнне было ў нагах, а ў такіх эпізодах дастаткова проста нязначнага кантакту, пасля якога Паліцевіч страціў раўнавагу і ўпаў. Праз гэта абаронца не змог паўнавартасна ўдзельнічаць у абарончых дзеяннях, таму гол аўстралійцам адменены слушна.

Арбітр не заўважыў гэты кантакт, таму яго першапачатковым рашэннем было залічыць гол. Чалавек на ВАР жа ўбачыў парушэнне ў беларускай штрафной, таму і запрасіў галоўнага арбітра да экрана для прагляду эпізоду. Аднак адзначу, што канчатковае рашэнне заўсёды застаецца за галоўным суддзёй - менавіта ён з'яўляецца галоўным ва ўсёй брыгадзе.

- Праз дзясятак хвілін у цэнтры ўвагі зноў апынуўся Паліцевіч. На гэты раз па версіі Джылета абаронца сфаліў на ізраільцяніне, за што быў прызначаны пенальці, з якога супернік зраўняў лік.

- У гэтым эпізодзе Паліцевіч гуляе ў мяч і ў далейшым нават не спрабуе прыбраць нагу - наадварот, выстаўляе ступню з адкрытымі шыпамі ў нагу суперніка. Гэтае парушэнне з пункту гледжання правіл гульні ў футбол з'яўляецца бясспрэчным. Па метадычных матэрыялах УЕФА падобныя парушэнні, у якіх магчымая сур'ёзная траўма, заўсёды караюцца строга і адназначна. Думаю, пры відэапраглядзе эпізоду арбітры абмяркоўвалі магчымасць паказаць Паліцевічу нават чырвоную картку. Аднак выкажу здагадку, што інтэнсіўнасць у эпізодзе і вобласць кантакту дазволілі абмяжуецца 11-метровым ударам і жоўтай карткай абаронцу за грубую гульню.

- Пасля матчу Паліцевіч сказаў, што не хоча апраўдвацца - маўляў, ён не разумее, ці было парушэнне. Вас не здзівіла, што дасведчаны футбаліст не можа тлумачыць свае дзеянні на полі з пазіцыі правіл?

- Мне гэта нагадала пакаяннае відэа, дзе чалавек спрабуе сказаць загадзя ілжывую інфармацыю. Думаю, Паліцевіч сам цудоўна разумее, што гэта было парушэнне. А вось яго рыторыка пра «чувака і па інерцыі тупа не мог» (пасля матчу Паліцевіч сказаў, што «ледзь зачапіў чувака, па інерцыі тупа не мог» - Tribuna.com) у мяне выклікала здзіўленне. Ніколі не думаў, што капітан нацыянальнай зборнай можа так казаць.

- На пятай кампенсаванай хвіліне другога тайма, калі Ізраіль павёў у ліку, спрэчны эпізод адбыўся ўжо ў штрафной суперніка. Іван Бахар апынуўся на газоне, а Джылет нават не скарыстаўся ВАР...

- Тут эпізод крыху больш складана. На мой погляд, у галоўнага арбітра былі ўсе падставы для прызначэння 11-метровага ўдару. Футбаліст у абароне адкрыта штурхае Бахара ў спіну, пры гэтым мяч знаходзіцца ў гульні. Іван глядзіць на мяч, і характар падзення для мяне выглядае натуральным.

Галоўны суддзя ў полі і відэаарбітр могуць абмеркаваць складаны эпізод. Размова можа быць ініцыявана як самім рэферы, так і арбітрам ВАР, калі ў яго ёсць падставы меркаваць, што нейкія дэталі маглі быць не ўлічаны пры прыняцці судзейскага рашэння. Згодна з пратаколам ВАР, спачатку галоўны суддзя тлумачыць сваё бачанне і сваё рашэнне. Затым відэаарбітр расказвае, што ўбачыў ён. Калі пасля гэтага ў рэферы ў полі ўзнікаюць сумневы, ён ідзе і пераглядае спрэчны эпізод.

Думаю, рэферы, знаходзячыся ў нядрэннай пазіцыі падчас моманту з Бахарам, бачыў адзінаборства. І для яго гэта не парушэнне. Рашэнні па такіх эпізодах часта вельмі суб'ектыўныя. Відэаарбітр па пратаколе ВАР ніяк не мог умяшацца ў сітуацыю.

- Пасля гульні з Ізраілем Кандрацьева заявіў, што ў паразе вінаватыя суддзі. Наколькі згодны з гэтым?

- Калі каманда прайграе 20 матчаў з 26, то абвінавачванні на адрас арбітраў выглядаюць як мінімум нікчэмна. Але выглядаць нікчэмна для Георгія Пятровіча ўжо звыклая справа. Ён цудоўна разумее, што ў такой бесхрыбетнай каманды няма прыхільнікаў. Кандрацьеў разумее, што ніякую высокую задачу выканаць не ў стане. Яго тлумачэнні ў інтэрв'ю адрасуюцца купцы чыноўнікаў, для якіх галоўны вынік - гэта лаяльнасць. Несувымерна высокая заработная плата - адзіная матывацыя Кандрацьева. "Нас ніхто не любіць". А як вас можна любіць?..

Іншыя пасты блога

Усе пасты