Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Іспанец у зборнай Беларусі ўспомніў пра сына беларускі, які бегае за другі склад «Севільі». Раней ён не надта ўражваў, а вось як гуляе цяпер

Іспанец у зборнай Беларусі ўспомніў пра сына беларускі, які бегае за другі склад «Севільі». Раней ён не надта ўражваў, а вось як гуляе цяпер

Слабыя і моцныя бакі Леанарда Маскара-Капілевіча.

Аўтар — bytribuna com
22 жніўня, 09:44
1
Іспанец у зборнай Беларусі ўспомніў пра сына беларускі, які бегае за другі склад «Севільі». Раней ён не надта ўражваў, а вось як гуляе цяпер

Карлас Алос узначаліў зборную Беларусі 8 жніўня – за месяц да матчаў кваліфікацыі Еўра-2024 супраць Андоры (9 верасня) і Ізраіля (12 верасня). Двух тыдняў працы іспанцу хапіла, каб агучыць не самы тыповы пашыраны спіс кандыдатаў на гэтыя гульні. Канешне, там хапае знаёмых імёнаў, але ёсць і нязвыклыя ў кантэксце нацыянальнай каманды персанажы. З «Нёмана» могуць паклікаць 20-гадовага абаронцу Ягора Пархоменка (за мінулы сезон не правёў ніводнага матча ў вышэйшай лізе) і 32-гадовага галкіпера Канстанціна Рудзянка (адразу пасля не самага ўдалага матчу ў Лізе канферэнцый з «Цэле»). З самарскіх «Крылаў Саветаў», магчыма, 19-гадовага форварда Ягора Карпіцкага (яшчэ нядаўна лічыўся занадта маладым для зборнай). У «Мінску» звярнулі ўвагу на 21-гадовага гульца абароны Глеба Якушэвіча.

Ну і галоўная разыначка – 20-гадовы абаронца Леанарда Маскара-Капілевіч.

Мала хто ў Беларусі ведае пра гэтага футбаліста, хаця пару гадоў таму «Трыбуна» распавядала пра хлопца, які нарадзіўся на Маёрцы ў сямʼі іспанца і беларускі. У 11 гадоў Леа патрапіў у сістэму «Мальёркі», ужо да таго часу абраўшы пазіцыю ў цэнтры абароны. У Беларусі не вельмі падазравалі пра існаванне такога футбаліста. На АБФФ выйшлі самі іспанцы – агенты кампаніі, якая працуе з юніёрскімі камандамі «Мальёркі». Галоўны трэнер зборнай U-19 Андрэй Скарабагацька зацікавіўся гульцом маладзёжнай каманды клуба Прымеры і паклікаў таго ў верасні 2021-га на два спарынгі з Расіяй. У абодвух матчах (3:3, 0:1) Леа правёў па 90 хвілін, аднак сваёй гульнёй асабліва не ўразіў.

З таго часу пра Маскара-Капілевіча беларускія трэнеры ўспаміналі толькі раз. У верасні мінулага года Сяргей Ясінскі накіраваў яму выклік у зборную U-21 на таварыскія матчы з Расіяй і Казахстанам, аднак футбаліст з невядомай прычыны ў Мінск не прыляцеў.

Да таго моманту Леа ўжо некалькі месяцаў як перабраўся з моладзевай каманды «Мальёркі» (выступала ў Д5 Іспаніі) у кантынентальную частку краіны. У ліпені 2022-га абаронца, будучы свабодным агентам, падпісаў трохгадовы кантракт з «Севільяй».

Адразу футбаліста адправілі ў трэці склад сістэмы клуба, але неўзабаве перавялі ў другую каманду, якая толькі вылецела ў Д4, – «Севілью Атлетыка». Там Маскара-Капілевіч адгуляў увесь мінулы сезон.

Першую палову чэмпіянату «Севілья Атлетыка» правяла вельмі дрэнна. Неяк нават прайграла сем матчаў запар. Няўдачы прывялі да трэнерскай адстаўкі, пасля якой калектыў прыняў Антоніа Ідальга. Першы час трэнер, як і яго папярэднік, асабліва не давяраў Леа. Да канца лютага 2023-га абаронца правёў усяго тры матчы ў Д4, двойчы зʼяўляючыся з першых хвілін. На той момант «Севілья Атлетыка» ішла на перадапошнім, 17-м, месцы і адставала ад выратавальнага 13-га радка на сем балаў.

Кардынальна змяніць сітуацыю Ідальга ўдалося ў тым ліку пасля ўводу ў склад Маскара-Капілевіча. За астатніх 12 тураў другая каманда «Севільі» перамагла восем разоў, пацярпеўшы толькі адну паразу. Леа зʼявіўся на полі ў дзесяці гульнях – праўда, у старце выйшаў усяго двойчы. У астатніх выпадках абаронцу выпускалі на замену і ў сярэднім адводзілі 11 хвілін. Рывок на фінішы дазволіў «Севілье Атлетыка» скончыць чэмпіянат на 10-м месцы.

У адрас Маскара-Капілевіча часам гучалі прыемныя словы. Пасля красавіцкай перамогі над «Утрэрай» 2:0, калі абаронца адгуляў поўны матч, Ідальга асобна вылучыў падапечнага.

- У Леа велізарны патэнцыял. Ён павінен ведаць, што такое свет прафесіяналаў, каб думаць на полі яшчэ хутчэй. Калі ён гэта зробіць, то атрымаецца добры цэнтральны абаронца, – сказаў Ідальга.

Чым жа Леа з такога глыбокага мінору мог прыцягнуць увагу Алоса акрамя як датычнасцю да іспанскага футбола? Маскара-Капілевіч валодае добрай для сваёй пазіцыі антрапаметрыяй (рост 190 сантыметраў). Таксама заўважна, як дэф упэўнена працуе з мячом абедзвюма нагамі, з-за чаго яго сталі выкарыстоўваць як левага цэнтральнага абаронцы яшчэ з часоў маладзёжак «Мальёркі». «Дзвюнагосць» прыкметная і пры дрыблінгу. Нават калі Леа вядзе мяч на дастаткова высокай хуткасці, яго галава паднятая для кантролю прасторы наперадзе (адзнака 1:05).

Леа валодае нядрэнным першым пасам (гэта прыкметна і на відэа вышэй). Адзначым, што перадачы наперад абаронца пераважна робіць усё ж такі правай нагой. Але бываюць і выключэнні – як прыклад, найдакладная дыяганаль праз паўполя левай пад ціскам суперніка.

Пасы ад Маскара-Капілевіча нярэдка разразаюць абарончыя лініі суперніка – гэты скіл у цэнтрдэфаў у сучасным футболе шануецца асабліва.

Часам Леа не баіцца браць мяч і бегчы наперад, калі там ёсць вольная прастора. Бывае, ідзе ў обыгрыш, і гэта выглядае даволі эфектна (але, вядома ж, з папраўкай на ўзровень супраціву ў Д4 Іспаніі).

Слабасці Леа асабліва праяўляюцца пры абарончых дзеяннях. Ён не заўсёды паспявае рэагаваць на доўгія перадачы сабе за спіну, часам дазваляючы забягаць туды нападаючым. Напрыклад, у кастрычніку праз гэта «Севілья Атлетыка» ў дадатковы час выпусціла пункт ў гульні з «Атлетыка Санлукеньё» (2:3).

У той жа гульні Леа праз спешку і няўважлівасць прымудрыўся прывезці яшчэ адзін гол.

Не ўсё ў парадку ў Маскара-Капілевіча з апекай апанентаў ва ўласнай штрафной перад тым, як туды ідзе перадача. У такіх эпізодах дэф канцэнтруе ўвагу на становішчы мяча, чым карыстаюцца форварды, якія вызваляюцца ад апекі. Для зборнай Беларусі падоўгу знаходзіцца ў абароне – звычайная справа, таму такая слабасць у гульні Леа можа стаць вызначальнай для Алоса пры фінальным выбары на вераснёўскія матчы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты