Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Знаходка Юрэвіча аплочвае шэзлонг Скрыпчанкі (насамрэч не) і пасадзіў у запас найлепшага гульца Беларусі-2022

Знаходка Юрэвіча аплочвае шэзлонг Скрыпчанкі (насамрэч не) і пасадзіў у запас найлепшага гульца Беларусі-2022

Як у Душана Бакіча гэта атрымліваецца.

Аўтар — bytribuna com
25 верасня, 12:34
2
Знаходка Юрэвіча аплочвае шэзлонг Скрыпчанкі (насамрэч не) і пасадзіў у запас найлепшага гульца Беларусі-2022

У шасці апошніх турах у мінскага «Дынама» пяць перамог пры адной нічыёй, у тым ліку над галоўным праследавацелем «Нёманам» – ўпэўненая хада, каб дабрацца да чэмпіёнства і пацешыць свайго куратара Сяргея Кавальчука, галоўнага ад Лукашэнкі па спорце. Проста цяпер у каманды Вадзіма Скрыпчанкі чатыры перамогі запар – і ў кожнай з іх голам паўдзельнічаў Душан Бакіч (а наогул пункты па «гол+пас» ён выбіваў у шасці апошніх матчах). На сёння ў 24-гадовага чарнагорца ў чэмпіянаце-2023 7+7 за 19 гульняў – гэта пятае месца ў гонцы бамбардзіраў і трэці паказнік па «гол+пас». У сярэднім на полі нападаючы праводзіць усяго 59 хвілін, а на старце сезону ўвогуле прайграваў канкурэнцыю Уладзіславу Марозаву і Уладзіміру Хвашчынскаму, выходзячы хіба што на замену. Бліжэй да лета Бакіч прабіўся ў старт, пасадзіўшы ў запас Хвашчынскага – найлепшага футбаліста Беларусі-2022.

Гол у мінулыя выходныя ў вароты «Шахцёра» стаў для балканца 37-м (22+15) пунктам у чэмпіянаце Беларусі і зрабіў яго самым карысным легіянерам вышэйшай лігі за апошнія пяць гадоў. Па гэтым паказніку Бакіч абышоў экс-гульца «Энергетыка-БДУ», брэсцкага «Дынама» і «Руха» Уладзіслава Васільева, у якога 36 (15+21) балаў.

Манера гульні Бакіча зусім не падобная да футбола Марозава, з якім ён дзейнічае ў пары. Калі беларус больш скіраваны на прастору за спінамі гульцоў лініі абароны і выкарыстоўвае свае хуткасныя якасці, то Бакіч аддае перавагу, каб атрымліваць мяч у штрафной, шукаючы прастору ўжо там паміж абаронцамі. Адабраць мяч у гэтага футбаліста даволі складана. Большасць галоў у Беларусі ён аформіў дзякуючы ўменню трымаць у нагах мяч, знаходзячыся якраз у штрафной. Для нагляднасці возьмем ягоны травеньскі гол «Гомелю» (4:0). Бакіч не дазволіў здзейсніць адбор двум абаронцам, пасля чаго прарваўся паміж імі.

Прыкладна такія ж мячы летась Бакіч забіў «Энергетыку-БДУ».

Таксама заўважнае жаданне нападаючага працаваць з мячом у мінімум дотыкаў, што высока цэніцца ў сучасным футболе ў гульцоў групы атакі. На прыкладзе гульні Бакіча можна паказваць у дзіцячых школах прынцып «раз-два»: першым дотыкам прыняў мяч, другім – ударыў.

Акрамя гэтага Бакіч мае добры далёкі удар. Не сказаць, што ён моцны па сіле, але даволі дакладны. З гэтым пагодзіцца Сяргей Чэрнік, які прапусціў пасля спробы балканца ў мінулым туры.

Гэты скіл карысны і пры выкананні штрафных. Так Бакіч уразіў вароты «Слуцка» (2:1).

Але, мабыць, самае галоўнае ў гэтага нападаючага – адчуванне. Чарнагорац умее апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Возьмем хаця б мяч у нядаўнім матчы з «Нёманам», калі форвард падпільнаваў памылку Канстанціна Рудзянка.

Або гол «Нафтану», калі мяч адскочыў менавіта балканцу. Адзначым, што Бакіч не стаў выключацца з эпізоду пасля свайго ж удару, чаго не скажаш пра абаронцаў Наваполацку.

У белфутбол форварда прывёў Анатоль Юрэвіч. У пачатку 2020-га «Энергетык-БДУ» падпісаў Бакіча, які на той момант меў пасрэдную статыстыку ў чэмпіянаце Чарнагорыі за «Будучнасць» (два галы ў 35 матчах), але ўжо ўдзельнічаў у еўракубках (гол у пяці гульнях кваліфікацыі Лігі Еўропы). За «студэнтаў» легіянер вызначыўся ў дэбютным матчы, выйшаўшы ў канцоўцы супраць БАТЭ і ўстанавіўшы канчатковы лік 3:1 на карысць сваёй каманды (адзнака 6:36).

Першую палову сезона-2020 Бакіч знаходзіўся ў цені Жасура Яхшыбоева. Пасля сыходу ўзбека ў «Шахцёр» балканец нарэшце стаў стабільным гульцом старту «Энергетыка-БДУ». За той чэмпіянат нападаючы выбіў 8+5 у 24 матчах, што цалкам нядрэнна для гульца з дзясятай каманды лігі. Тады ж Бакіч атрымаў выклік у зборную Чарнагорыі. Праўда, дэбютаваў за яе толькі праз два гады – у лістападзе 2022-га. На сёння на рахунку форварда тры матчы за нацыяналку, але ніводзін з іх не быў афіцыйным.

Бакіч прыцягнуў да сябе ўвагу мінскага «Дынама» ва ўсё тым жа 2020-м у матчы 29-га тура. Тады чарнагорца аформіў дубль у вароты «бела-блакітных» і прымудрыўся злавіць чырвоную картку. Дынамаўцы перамаглі 3:2, але ўжо ў найбліжэйшае міжсезонне падпісалі Бакіча, у якога якраз скончыўся кантракт з «Энергетыкам-БДУ». Аднак зайграць у Леаніда Кучука замежнік не здолеў. Прычынай таму стала высокая канкурэнцыя наперадзе (у асноўным Кучук ставіў Аблая Мбенга), праз якую Бакіч часта аказваўся па-за заяўкай і бегаў за дубль (у першым крузе правёў у чэмпіянаце рэзервістаў 11 матчаў пры 3+2 па «гол+пас»). У траўні-2021 Кучука змяніў Арцём Чалядзінскі, у якога чарнагорца таксама не карыстаўся попытам. Улетку таго года Бакіч, так і не дэбютаваўшы за «Дынама», адправіўся за практыкай у эстонскі «Легіён». За пятую каманду прыбалтыйскай лігі нападаючы стабільна гуляў па 90 хвілін і набраў 3+4 у 14 матчах.

У міжсезонне-2021/22 склад «Дынама» парадзеў на выканаўцаў у нападзе, і давер да Бакіча прыкметна вырас. На старце сезоне-2022 Чалядзінскі ўжо быў гатовы выпускаць чарнагорца ў стартавым складзе, аднак гэтаму замінаў маладзёжны ліміт, праз які даводзілася ставіць у атаку маладых дынамаўскіх выхаванцаў. У другой частцы чэмпіянату легіянер усё ўжо стаў для коўча стабільным гульцом старту, што станоўча адбілася на статыстыцы: калі ў першым крузе было 3+1, то ў другім ужо атрымалася 5+3.

На старце сезона-2023 форвард ізноў прайграваў канкурэнцыю, а калі ў траўні Бакіч пачаў усё ж вяртаць месца ў стартавым складзе, гэта раззлавала агента Дзмітрыя Селюка, які зімой прывёў у «Дынама» Джозэфа Ада. Агент разлічваў, што Скрыпчанка будзе давяраць менавіта нігерыйцу, але той выбіраў Бакіча. Ада ж бегаў за дынамаўскі дубль.

«Гэта гулец [Бакіч] узроўня «Слуцка», пры ўсёй маёй павазе да гэтай каманды. Але чалавек цяпер выходзіць у старце на пастаяннай аснове. Я не разумею, Скрыпчанка адпачывае ў Чарнагорыі ў ягоных сваякоў, альбо ў яго ляжак там ёсць і Бакіч яго аплачвае?» – абураўся Сялюк, які пасля ўладкаваў Ада ў ізраільскі Д2.

Сёння партал Transfermarkt ацэньвае Бакіча ў 500 тысяч еўра – гэта пяты паказнік у «Дынама» пасля Максіма Швяцова (750 тысяч еўра), Івана Бахара, Уладзіслава Марозава (абодва – 600 тысяч еўра) і Арцёма Быкава (550 тысяч еўра). Аднак пра заробак на трансферы чарнагорца дынамаўскае кіраўніцтва наўрад ці думае. Кантракт Бакіча з клубам заканчваецца ў канцы 2023-га і наўрад ці яму нешта перашкодзіць сысці вольным агентам. Калі, вядома, поспехі ў сённяшнім чэмпіянаце Беларусі кагосьці ўразяць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты