Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Даведаліся, чаму Ясінскі ўсё яшчэ трэніруе «маладзёжку» – хоць звольніць хацелі яшчэ летам, а ў штабе бардак

Даведаліся, чаму Ясінскі ўсё яшчэ трэніруе «маладзёжку» – хоць звольніць хацелі яшчэ летам, а ў штабе бардак

АБФФ знаходзіць арыгінальныя прычыны.

Аўтар — bytribuna com
19 кастрычніка, 23:00
Даведаліся, чаму Ясінскі ўсё яшчэ трэніруе «маладзёжку» – хоць звольніць хацелі яшчэ летам, а ў штабе бардак

Маладзёжная зборная Беларусі па футболе праваліла адбор на МЧЕ-2025: дзве нічыіх з Андорай, паражэнне ад Фарэр, 0:5 і 1:6 ад Партугаліі. А гульцы каманды яшчэ і дазваляюць сабе пасля такіх вынікаў ужываць алкаголь.

Было меркаванне, што галоўнага трэнера «маладзёжкі» Сяргея Ясінскага знімуць, але яго, нягледзячы на ўсе правалы, вырашылі пакінуць да канца года. Чаму ж Ясінскі настолькі ўстойлівы? «Трыбуна» пастаралася разабрацца.

Ясінскі ўзначаліў маладзёжную зборную Беларусі 11 снежня 2020 года, у той жа дзень скасаваўшы кантракт з «Віцебскам». Спачатку Ясінскі быў в. а. галоўнага трэнера, а напрыканцы студзеня яго афіцыйна зацвердзілі на пасадзе. А першапачаткова прапанаваў кандыдатуру коўча на чарговым выканкаме АБФФ тады першы намеснік старшыні АБФФ Юры Вяргейчык – з аргументацыяй, што Ясінскі, маўляў, класна працуе з маладымі гульцамі ў клубе. Іншых кандыдатур на змену Сяргею Яромку, увогуле, і не было. Прапанову Вяргейчыка на выканкаме падтрымалі.

Наперадзе быў адбор на МЧЕ-2023, які стаяла задача прайсці. Але гэта і блізка не атрымалася – беларуская каманда па два разы абыграла больш слабыя Ліхтэнштэйн і Кіпр, а ўсе астатнія матчы прайграла і фінішавала чацвёртай з шасці каманд. Аднак, нягледзячы на такі вынiк, адстаўкі не адбылося. Больш за тое, у федэрацыі засталіся задаволеныя працай трэнера. Як быццам забыўшыся на пастаўленую задачу, у АБФФ вырашылі, што коўч паказаў прагрэс: пры Яромку ў адборы да МЧЕ-2021 «маладзёжка» набрала ў групе 8 ачкоў пры розніцы мячоў 8:24, а каманда Ясінскага атрымала 12 балаў і забіла больш, чым прапусціла (16:15). Па такой своеасаблівай логіцы Сяргея і пакінулі на пасадзе. Больш за тое, нашы суразмоўцы з футбольнага свету Беларусі ўзгадваюць, што тады і многія калегі Ясінскага казалі, што той з камандай рушыў наперад, і станоўча ацэньвалі яго працу.

Адбор на МЧЕ-2025 з новым беларускім пакаленнем, якому працягвае «дапамагаць» спецыяльны ліміт у «вышцы», як ужо сказана, правальны: тры нічыіх ды чатыры паражэнні (наперадзе яшчэ тры матчы, але яны відавочна не выратуюць сітуацыю). Перамогі ў Ясінскага ў «маладзёжцы» былі яшчэ толькі ў таварыскіх матчах, прычым з пяці такіх сустрэч тры былі з камандамі U-20 (двойчы з іранскай і аднойчы з расійскай). Бязвыйгрышная серыя ў афіцыйных матчах доўжыцца з 4 чэрвеня 2022 года (дзевяць паядынкаў, шэсць з якіх – паразы).

Ясінскі мог пазбавіцца сваёй пасады на выканкаме АБФФ у канцы чэрвеня 2023 года – да таго моманту «маладзёжка» ў адборы МЧЕ-2025 паспела набраць ачко ў матчы з Грэцыяй (1:1) і двойчы не змагла абыграць Андору (0:0, 1: 1). Ясінскі прыйшоў са справаздачай аб праведзенай рабоце з камандай, а ў сваім выступленні заявіў, што каманда робіць крокі наперад, і пасля выпадковых збояў далей будзе толькі лепш. Некалькі членаў выканкама так уразіліся прамовай (ну, ці загадзя выбралі стратэгію паводзін), што выступілі за спецыяліста – і па выніку кіраўнік АБФФ Мікалай Шарснёў (да таго ж вялікі аматар справаздач) падтрымаў ідэю нічога не мяняць у трэнерскім штабе «маладзёжкі».

Зрэшты, на руку Ясінскаму згуляў і іншы момант – сітуацыя з тады галоўным трэнерам першай зборнай Георгіем Кандрацьевым, які наогул не з“явіўся на выканкаме. Перад мерапрыемствам Шарстнёў даведаўся, што Кандрацьеў наогул не падрыхтаваў ніякай справаздачы – відаць, быў упэўнены ў сабе пасля першай за 17 афіцыйных матчаў перамогі (2:1 над Косава). Тады кіраўнік АБФФ заявіў трэнерскаму штабу Георгія пра адстаўку ў поўным складзе.

На выканкаме ўсе былі здзіўленыя няяўкай Кандрацьева, потым Шарснёў абвясціў аб раставанні, а ўжо потым чарга дайшла да Ясінскага – на якога да таго моманту ўжо і забыліся. Па нашых даных, да выканкама ў кулуарах многія выказвалі незадаволенасць працай спецыяліста і казалі, што час нешта мяняць. Але ў сітуацыі на самім паседжанні ніхто як быццам ужо не хацеў адцягвацца ад сітуацыі з першай зборнай – члены не сталі паглыбляцца ў нюансы працы Ясінскага, не высвятлялі, чаму і калі ў «маладзёжкі» усё нібыта стане лепш. Па сутнасці, Кандрацьеў дапамог свайму калегу «праскочыць».

Ясінскі застаўся рыхтаваць «маладзёжку» да вераснёўскіх матчаў, якія былі прайграныя – Фарэрам 2:3, Партугаліі 0:5. Аднак і пасля іх «Трыбуне» стала вядома, што Ясінскі застанецца на сваёй пасадзе як мінімум да канца года – якраз да 31 снежня дзейнічае кантракт трэнера.

Па нашых дадзеных, у федэрацыі прынялі такое рашэнне, таму што ў 2023-м у каманды заставаліся паядынкі з Партугаліяй і двойчы з Харватыяй. Шанцаў на поспех у гэтых матчах не бачылі ні з якім трэнерам – і не захацелі, каб кар“ера новага трэнера ў камандзе стартавала з паражэнняў. Так што і тут абставіны аказаліся на баку Ясінскага (які ўжо прайграў 1:6 Партугаліі і 0:2 Харватыі).

Дададзiм, што, паводле нашых звестак, за час сваёй працы з камандай, нягледзячы на няўдачы, Ясінскі ні разу не пісаў заяў на адстаўку.

На днях агент Валерый Ісаеў узняў тэму штаба Ясінскага – заявіў, што «штаб не адзіны, і кожны трэнер шукае магчымасць навучыць па-свойму». Як нам удалося даведацца, поўнага ўзаемаразумення ў галоўнага трэнера з асістэнтамі сапраўды няма. Ясінскім у штаб прыцягваюцца галоўны трэнер дзяржынскага «Арсенала» Аляксандр Бразевіч і яго калега з «Гомеля» Андрэй Гараўцоў – і вопытныя і амбіцыйныя коўчы даносяць гульцам сваё бачанне футбола, часам адрознае ад таго, што выкладае Ясінскі.

Давяршаюць сітуацыю ўжо згаданыя парушэнні спартыўнага рэжыму з боку футбалістаў «маладзёжкі». Яны мелі месца і да выпадку з Русланам Лісаковічам, аднак Ясінскі ніякіх сур“ёзных захадаў не рабіў. Хоць раней трэнер заяўляў, што нібыта «ёсць межы, за якія нельга заходзіць», і «калі паводзіны футбалістаў ідуць на шкоду камандзе, пачынаецца дыктат, у такіх рэчах вельмі жорсткі». Але, як бачым, словы са справай разышліся.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты