Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Яблонскі без клуба далей жыве з Козел на курорце – паўза не праблема, бо ад «Арыса» атрымаў велізарную суму

Яблонскі без клуба далей жыве з Козел на курорце – паўза не праблема, бо ад «Арыса» атрымаў велізарную суму

БАТЭ і сераднякi з Еўропы экс-капітану зборнай аказаліся нецікавыя.

Аўтар — bytribuna com
30 лістапада, 20:00
6
Яблонскі без клуба далей жыве з Козел на курорце – паўза не праблема, бо ад «Арыса» атрымаў велізарную суму

У траўні 2023 года беларускі паўабаронца Яўген Яблонскі разам з «Арысам» стаў чэмпіёнам Кіпра. А ў сярэдзіне ліпеня 28-гадовы падпісант за рэжым пакінуў каманду – кантракт быў скасаваны за год да яго заканчэння.

З таго часу ад Яблонскага нічога не чуваць – ні новага клуба, ні нават новых пастоў у сацсетках. Але мы раскажам, што зараз адбываецца ў жыцці футбаліста.

Сезон-2022/23 Яблонскі правёў у «Арысе» як гулец ратацыі – звычайна выходзіў на замену на пару дзясяткаў хвілін. Па ходзе паўабаронцу прапаноўвалi варыянты арэнды, але Яблонскі не ўбачыў у ёй сэнсу, калі ў клубе была зарплата ў 15 тысяч долараў, да якой прыкладаўся выдатны клімат кіпрскага курорта Лімасола. Падрабязней пра этап кар'еры гульца ў «Арысе» мы ўжо пісалі – можна пачытаць па спасылцы ніжэй.

У пачатку лета 2023-га здарыўся цікавы паварот – з «Арыса» раптам далi Яблонскаму зразумець, што жадаюць пакінуць яго на наступны сезон і нават павялічыць гульнявы час. Клуб нават не адпусціў гульца ў арэнду, на якую ён усё ж згаджаўся – гэта была каманда з больш сціплымі фінансавымі ўмовамі, затое таксама кіпрская. У такой сітуацыі апорнік паехаў у зборную Беларусі, за якую ў адборы да ЧЕ 16 чэрвеня згуляў 33 хвіліны з Ізраілем (1:2), а 19 чэрвеня правёў 88 хвілін з капітанскай павязкай у пераможным матчы з Косава (1:0).

Пасля гэтага Яблонскі вярнуўся ў «Арыс» – а там нечакана для гульца заявілі, што перадумалi, і трэнерскі штаб усё ж прыйшоў да высновы, што на месца гульца ёсць выканаўцы мацнейшыя. Да таго моманту кіпрскі клуб, які гатовы быў узяць Яблонскага ў арэнду, ужо набыў гульца ў апорную зону. У выніку праз некалькі тыдняў гулец і «Арыс» проста скасавалі кантракт.

Часу знайсці новае месца працы было дастаткова. Па некаторай інфармацыі, на Яблонскага нават выходзілі з БАТЭ, дзе апорнік выступаў з 2013 па 2021 год, аднак футбаліст даў зразумець, што вяртацца не збіраецца. Па нашых даных, у футбаліста хапала варыянтаў і ў Еўропе – кантракты прапаноўвалі клубы з Казахстана, Кіпра, Грэцыі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі. У прыватнасці, у паслугах паўабаронцы рэальна былі зацікаўлены «Вайводзіна» (5-е месца мінулага чэмпіянату Сербіі) і «Пансераікос» (чэмпіён Д2 Грэцыі, які падняўся ў эліту). Але дамовіцца з імі не ўдалося – футбаліста не задаволілі сумы прапаноў, ды і амбіцыі клубаў.

У выніку, паводле нашай інфармацыі, Яблонскі проста застаўся з сям'ёй жыць у Лімасоле – пераехаў на іншую кватэру, аплаціўшы яе да канца года. Цяпер гулец самастойна падтрымлівае форму, чакае новых прапаноў і бавіць час з дачкой. Яна ў Лімасоле ходзіць у дзіцячы сад – гэта таксама стала прычынай не пераязджаць. З грашыма ў Яблонскага праблем відавочна няма – як атрымалася даведацца, «Арыс» пасля скасавання дамовы выплаціў гульцу ўсю суму за неадыграны па кантракце год, гэта значыць амаль 200 тысяч долараў.

Тым часам жонка Яблонскага, экс-вядучая спартыўных праграм дзяржТБ Крысціна Козел у кастрычніку распавяла ў Instagram, што пачала займацца нумаралогіяй – ілжэнавукай, якая шукае нейкія сувязі паміж характарамі і лёсамі людзей з іх датамі нараджэння, імёнамі і гэтак далей. За «навучанне» пошуку такіх сувязей жанчына аддала каля тысячы долараў.

Пра «кар'еру» у новай сферы пакуль нічога не чуваць – мабыць, Козел і без таго ёсць чым заняцца. Як гавораць многія нашы суразмоўцы, у сям'і з Яблонскім яна грае ролю лідара і ўплывае на выбар мужам варыянтаў працягу кар'еры.

Фота: Instagram Яўгена Яблонскага

Іншыя пасты блога

Усе пасты