Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/VAR рэальна можа прыйсці ў ЧБ ужо ў 2024-м – ёсць варыянт, дзе ўзяць грошы (але пакуль не факт)

VAR рэальна можа прыйсці ў ЧБ ужо ў 2024-м – ёсць варыянт, дзе ўзяць грошы (але пакуль не факт)

Суддзяў ужо навучаюць, але без гарантыяў.

Аўтар — bytribuna com
25 снежня, 07:39
VAR рэальна можа прыйсці ў ЧБ ужо ў 2024-м – ёсць варыянт, дзе ўзяць грошы (але пакуль не факт)

У верасні кіраўнік Беларуская федэрацыі футбола Мікалай Шарснёў выступіў за зʼяўленне VAR у Беларусі. Праўда, без удакладнення тэрмінаў, што прымусіла ўспомніць ранейшыя словы цяперашняга намесніка старшыні Уладзіміра Базанава наконт занадта высокага кошту ўкаранення сістэмы. Следам «Трыбуна» даследавала тэму і расказала пра тое, чаму VAR у Беларусь прыйдзе не вельмі хутка і якія для ягонага зʼяўлення патрэбныя фінансы, інфраструктура і кваліфікаваныя спецыялісты.

Аднак у пачатку лістапада нам стала вядома, што АБФФ хочуць паскорыць працэс – і ўвесці VAR у ЧБ у сезоне-2025. Ну а ў снежні федэрацыя адсправаздачылася аб тым, што ў Мінску стартавала навучанне суддзяў для працы на VAR, а першы намеснік старшыні Андрэй Васілевіч перанёс тэрмін гатовасці белфутбола да ўвядзення сістэмы ўвогуле на лета-2024.

«Трыбуна» даведалася пра навучанне і пра тое, дзе АБФФ збіраецца браць грошы на нятанную сістэму відэапраглядаў.

Навучанне на англійскай і выдаткі са сваёй кішэні

Першы этап навучання беларускіх суддзяў VAR стартаваў 12 снежня на базе Дома футбола. На атрыманне ліцэнзій прэтэндуюць 21 арбітр – і галоўныя, і лінейныя. Зрэшты, як удалося даведацца «Трыбуне», група падзелены на дзве часткі, і толькі першая з іх ужо пачала навучанне – а другая пачне ў сакавіку 2024-га.

Для навучання суддзяў Беларусь выпісала спецыяліста з Расіі. Наогул 50-гадовы міжнародны інструктар ФІФА Далібор Джурджавіч – серб, але цяпер працуе намеснікам кіраўніка ў дэпартаменце судзейства РФС, які ўзначальвае Міларад Мажыч. На полі Джурджавіч многія гады быў лайнсменам у брыгадзе Мажыча, якая працавала на самых топавых матчах, у лік якіх увайшлі гульні ЧС у 2014 і 2018 гадах і фінал ЛЧ-2018. Працаваць з VAR Джурджавіч пачаў яшчэ ў 2017-м, калі сістэма толькі ўводзілася, а ў 2023-м атрымаў кваліфікацыю менеджара сістэмы.

Вось толькі, запрасіўшы Джурджавіча, АБФФ не ўлічыла адзін нюанс. Заняткі, якія праходзілі два дні па паўтары гадзіны, серб вёў выключна на англійскай мове, якой у прынцыпе валодаюць далёка не ўсе беларускія сушукальнікі ліцэнзій, ды і тыя, хто можа размаўляць па-англійску, не ўсё ўхоплівалі, таму што лекцыі змяшчалі шмат спецыфічнай інфармацыі. Федэрацыя ж не дала ніякага перакладчыка. Карацей, тое яшчэ пытанне, якія веды здолелі атрымаць суддзі ад інструктара.

Далібор Джурджавіч злева

Пасля заняткаў ад серба беларускія рэферы адправіліся на другі этап навучання ў Маскву, дзе практыкаваліся на сімулятарах сістэмы VAR – яшчэ тры дні заняткаў па паўтары гадзіны. Пры гэтым, як удалося даведацца, праезд у Расію і пражыванне там арбітры аплачвалі са сваёй кішэні – цалкам бясплатны для суддзяў толькі працэс навучання.

Пры гэтым не факт, што напрыканцы навучання рэферы атрымаюць такі сертыфікат, які задаволіць ФІФА. Наогул дэпартамент судзейства РФС мае права навучаць на ліцэнзію VAR, аднак, як кажуць нашыя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, з прызнаннем атрыманых у Расіі дыпломаў могуць узнікнуць праблемы праз санкцыі, што накладзеныя на расійскі футбол у сувязі з вайной ва Украіне.

Ёсць і яшчэ адзін момант, які можа напружыць ФІФА. Згодна з яе правіламі, навучанне на VAR могуць прайсці толькі суддзі катэгорыі ФІФА, якіх у Беларусі менш за 20 – а слухачоў курсаў, як мы ўжо ведаем, больш. Атрымліваецца, насуперак міжнароднаму парадку, да навучання дапушчаныя сушукальнікі без патрэбнай кваліфікацыі, што, па словах нашых суразмоўцаў са свету футбола, можа прымусіць ФІФА яшчэ мацней усумніцца ў сіле ліцэнзіі VAR ад РФС.

Тым не менш навучанне ідзе, у ім наперадзе яшчэ адзін этап. У канцы студзеня-2024 у мінскім футбольным манежы будуць арганізаваны таварыскія матчы (хутчэй за ўсё, сярод дзіцячых каманд), дзе суддзі будуць прымяняць на практыцы веды, што атрымалі на тэарэтычных занятках. Для гэтага, па нашых звестках, асаблівых тэхнічных сродкаў не спатрэбіцца – можна будзе абысціся рэсурсамі кампаній, якія арганізуюць для АБФФ трансляцыі матчаў ЧБ.

Што да другой часткі групы арбітраў, то яна ўсе названыя этапы навучання скончыць, верагодна, летам 2024-га.

А адкуль грошы для VAR?

Але, акрамя падрыхтоўкі суддзяў, застаецца іншая, мабыць, галоўная перашкода для VAR у ЧБ – фінансы. Базанаў у 2019-м называў суму прыблізна ў мільён долараў – «Трыбуна» расказвала, што гэтыя грошы патрэбныя, у прыватнасці, для закупу транспарта з неабходным абсталяваннем (адзін спецыяльны мікрааўтобус каштуе ў раёне 300 тысяч еўра, але можна зэканоміць, калі ўзяць машыну, якая была ў выкарыстанні), маніторы для перагляду момантаў, неабходная колькасць камер (мінімум 12 для размяшчэння ў розных кропках).

Як распавялі нашыя крыніцы, такія грошы АБФФ выдаткаваць на сістэму не можа. Аднак варыянт знайсці грошы ёсць – прычым цалкам рэальны.

Справа ў тым, што кожныя чатыры гады ФІФА і УЕФА выдзяляюць сваім членам сродкі, у тым ліку для рэалізацыі розных праектаў. У межах бягучага фінансавага цыклу большая частка выдзеленых для АБФФ грошай была выдаткаваная на інфраструктуру, у прыватнасці, на адкрыццё новых палёў. Але цыкл заканчваецца летам 2024-га – а значыць, неўзабаве УЕФА і ФІФА зноў павінны даслаць грошы. І АБФФ мае права папрасіць дазволу частку сродкаў пусціць якраз на ўкараненне сістэмы VAR у ЧБ.

Па словах спецыялістаў, з якімі пагутарыла «Трыбуна», ФІФА і УЕФА цалкам могуць пагадзіцца на такую прапанову. Аднак калі ж асацыяцыі накладуць табу, то пайсці супраць іх АБФФ не зможа – у адваротным выпадку нарвецца на санкцыі за нямэтавае выкарыстанне сродкаў. Прыйдзецца шукаць фундатара або прыватнага інвестара, але пакуль ахвочых дапамагчы фінансава няма – так што, хутчэй за ўсё, праект проста адкладуць на нявызначаны тэрмін.

Зрэшты, нават калі грошы будуць выдзеленыя, застаецца пытанне інфраструктуры – на некаторых стадыёнах, якія дапускаюцца да матчаў вышэйшай лігі, проста канструктыўна немагчыма паставіць патрэбную колькасць камер, ды і сродкаў на абсталяванне ўсіх магчымых арэн можа ўсё роўна не хапіць. Але якія стадыёны (ці стадыён) забяспечваць VAR і як праводзіць ЧБ у выпадку толькі частковага пакрыцця сістэмай – пра ўсё гэта ў АБФФ пакуль не думаюць. Там збіраюцца вырашаць праблемы чарзе – і спачатку дачакацца рашэння ФІФА і УЕФА наконт фінансавання.

Фота: abff.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты