Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Біёнчык абураны ледзяным полем, Молашу бракуе спарынгаў за мяжой, Скрыпчанка спрабуе нешта сказаць, але ў выніку дзякуе за тое, што мае

Біёнчык абураны ледзяным полем, Молашу бракуе спарынгаў за мяжой, Скрыпчанка спрабуе нешта сказаць, але ў выніку дзякуе за тое, што мае

Як беларускія клубы рыхтуюцца да сезона без збораў.

Аўтар — KentYara98
22 студзеня, 13:40
1
Біёнчык абураны ледзяным полем, Молашу бракуе спарынгаў за мяжой, Скрыпчанка спрабуе нешта сказаць, але ў выніку дзякуе за тое, што мае

Беларускі футбол выйшаў з зімовай спячкі – каманды ўжо трэнуюцца і нават праводзяць спарынгі.

Адным з першых за справу ўзялося мінскае «Дынама». Пасля медагляду любімы калектыў чыноўнікаў адправіўся трэнавацца на «Дынама-Юні». І хоць гульцы ўсміхаліся для фота, ёсць падазрэнне, што трэнінг у мароз – не самая прыемная частка працэсу, асабліва калі зусім нядаўна грэўся дзе-небудзь пад дубайскім сонейкам. Ды яшчэ і калі прызавыя за чэмпіёнства не выплацілі.

Галоўны трэнер каманды Вадзім Скрыпчанка кажа, што надворʼе не перашкаджае працоўнаму працэсу, хаця тут жа сам адзначае, што трэнінгі могуць мяняцца месцамі праз снег, які перыядычна засынае поле. Але калі што, заўсёды можна правесці занятак на катку – там дакладна снегу няма.

У планах у «Дынама» – удзел у турніры ў Магілёве разам «Дняпром», «Нёманам» і «Гомелем». Скрыпчанка б і рады правесці спарынгі з замежнымі камандамі, але наракае на складанасці лагістыкі. Маўляў, каб выехаць кудысьці, трэба падрыхтавацца, ды і выходзіць на поле пажадана не адразу з колаў, бо гэта пагражае траўматызмам.

Трэнер не стаў казаць, што для выезда за мяжу неабходна атрымаць дазвол дынамаўскага куратара ад рэжыму – так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. Замест гэтага Скрыпчанка заявіў пра падзяку за тое, што ёсць, і пра імкненне шукаць і ў такіх умовах пазітыў.

Затое некаторыя праблемы прагаварыў галоўны трэнер «Славіі» Іван Біёнчык. Яго каманда выйшла з адпачынку адразу пасля калядных святаў і, нягледзячы на 15-градусны мароз, правяла трэнаванне на адкрытым паветры.

Затым мазырчукі перабраліся ў больш цёплае месца – у брэсцкі манеж. І ўсё б нічога, але для першага спарынгу з «Тарпеда-БелАЗ» прыйшлося адправіцца ў Магілёў амаль за 500 кіламетраў, і галоўны трэнер «Славіі» быў абураны станам поля. Біёнчык бедаваў, што гуляць давялося на лёдзе, і нават выбачаўся за гэта перад сваімі гульцамі.

Срэбны прызёр сезона «Нёман» яшчэ 14 студзеня ўладкаваўся ў гродзенскім крытым манежы. У планах – ажно 13 таварыскіх матчаў! Каманда заяўленая на турніры ў Магілёве, Жодзіне і Брэсце.

«Іслач» пачала падрыхтоўку на клубнай базе ў Бальшавіку ва ўсечаным складзе 4 студзеня – легіянеры і «больш дасведчаныя хлопцы» далучыліся праз тыдзень. «Ваўкі» ўжо правялі спарынг з «Маладзечна» з Д2 і перамаглі 1:0.

Пасля гульні галоўны трэнер каманды вышэйшай лігі Дзмітрый Камароўскі ацаніў стан падапечных як адпаведны пачатку года:

«Прысутнічаюць нейкія кандыцыі, але яны яшчэ далёкія ад аптымальных», – сказаў спецыяліст.

У планах у «Іслачы» – матчы з парай каманд вышкі, а таксама «Хваляй» і «Лакаматывам» з першай лігі.

Брэсцкае «Дынама» не захацела мерзнуць і 11 студзеня выйшла з адпачынку адразу на поле футбольнага манежа. Трэнінг стаў дэбютным для новага галоўнага трэнера калектыву Аляксандра Бразевіча і яго штаба.

Свой першы спарынг брэстаўчане правядуць 27 студзеня супраць «Славіі», а 3 лютага прымуць пінскую «Хвалю». На гульні плануюць пускаць заўзятараў, але не бясплатна – анансаваны кошт квітка ў 2 рублі (мала якія каманды бяруць грошы за прагляд такога футбола).

Таксама Брэст чакае хатні Winter Cup 2024, які пройдзе 9-11 лютага з удзелам «Нёмана», «Нафтана» і «Макслайна».

Бразевіч нібыта ўсім задаволены, але ёсць нюансы. – У нас, у Брэсце, створаныя ўсе ўмовы для якаснай працы. Шукаць нешта па краіне няма сэнсу, а выязджаць за мяжу ў нас няма магчымасці. Калі б былі спарынгі з камандамі з іншых краін, то мы атрымалі б вялікі досвед, – сказаў трэнер, не ўдаючыся ў падрабязнасці.

«Мінск», які 9 студзеня ўзначаліў Арцём Чалядзінскі, здаецца, яшчэ ні з чым не вызначыўся. У інтэрвʼю клубнай прэс-службе спецыяліст расказаў, што ёсць нейкія дамоўленасці пра спарынгі з «Шахцёрам» і «Слуцкам», і, магчыма, адбудуцца нейкія зборы, але пакуль каманда «ганяе двухбакоўку» пры мінусавай тэмпературы.

«Тарпеда-БелАЗ» – пакуль адзіная каманда, якая заікнулася пра магчымы замежны збор, праўда, з удакладненнем, што пройдзе ён у адной з краін СНД. Так туманна выказаўся галоўны трэнер жодзінцаў Дзмітрый Молаш, адзначаючы, што ў цяперашніх умовах ніхто не можа паехаць у Турцыю. Галоўную праблему міжсезоння трэнер бачыць у адсутнасці якасных спарынгаў:

«Пра гэта ўсе трэнеры вышэйшай лігі гавораць. Бракуе міжнароднага досведу. Варымся ва ўласным соку. Паміж сабой зімовы турнір праводзім, потым летні. Хацелася б больш спарынгаў. Тады і ў еўракубках лепшыя вынікі былі б. І ў зборнай гулялі б хлопцы, маючы вопыт. Пакуль што так. Гэта неацэнны досвед, калі гуляеш з моцнымі супернікамі з іншых краін. Глядзіш за тым, як людзі там гуляюць. Напэўна, гэтага нам не хапае, каб больш паспяхова выступаць у еўракубках».

Ну, а пакуль каманда трэнуецца ў тых умовах, якія ёсць.

Брамнікам, магчыма, нават весела.

Бядовы «Шахцёр» ужо паспеў пад кіраўніцтвам Станіслава Суворава патрэнавацца і на сваёй базе «Жамчужына», і ў мінскім манежы, і на адкрытым паветры. Каманда правяла два спарынгі, абгуляўшы з мінімальным лікам «Славію» і «Слуцк». Сімпатычны гол у матчы з апошнім арганізаваў дуэт Кавалевічаў – Максім асіставаў Дзянісу, які дакладна прабіў злёту.

Па паведамленнях прэс-службы, з «Шахцёрам» трэнуюцца і замежныя гульцы – расіяне Арцём Юран і Дзяніс Першын, а таксама італьянец Дыега Лопес.

БАТЭ разам з новым галоўным трэнерам Ігарам Крывушэнка адразу пасля адпачынку атабарыўся ў Мінску, дзе пачаў падрыхтоўку на штучным полі. Першы трэнінг прайшла па-хатняму – на стадыён пусцілі заўзятараў і нават сфатаграфаваліся з імі на полі.

20 студзеня каманда распачала тыднёвы збор у Віцебску, дзе правядзе спарынг з мясцовай камандай.

Галоўны трэнер «Слуцка» Аляксандр Гурыновіч кажа, што каманда скаваная і ў фінансавым, і ў матэрыяльна-тэхнічным планах, таму пакуль трэнуецца ўдома, але збіраецца зʼездзіць на зборы ў Гродне, а яшчэ для чагосьці правядзе спарынг са зборнай АБФФ U-16.

«Гомель» працуе ўдома. 20 студзеня сустрэўся з «Бранскам» (Д3, Расія) і аказаўся мацнейшым за 1:0. Далей – паездка на Mogilev Cup 2024.

Самай яскравай падзеяй у «Нафтана» стала прэс-канферэнцыя з удзелам рэжымных чыноўнікаў. Абмеркавалі задачы («стаць моцным серадняком чэмпіянату») і тое, што футбалістам і трэнерскаму штабу трэба актыўна ўлівацца ў жыццё горада – «удзельнічаць у патрыятычных, спартыўна-масавых мерапрыемствах, займацца дабрачыннасцю». Якая ўжо тут перадсезонка.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты