Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Адны ўпісаліся за яго, іншыя ўсё роўна не пусцілі ў фінал. Як у АБФФ адбыўся «нонсэнс» праз зорку «Нёмана»

Адны ўпісаліся за яго, іншыя ўсё роўна не пусцілі ў фінал. Як у АБФФ адбыўся «нонсэнс» праз зорку «Нёмана»

Мог быць прэцэдэнт, але не.

Аўтар — bytribuna com
24 траўня, 14:36
Адны ўпісаліся за яго, іншыя ўсё роўна не пусцілі ў фінал. Як у АБФФ адбыўся «нонсэнс» праз зорку «Нёмана»

25 траўня «Нёман» згуляе ў фінале Кубка Беларусі з «Іслаччу». Але вымушана абыдзецца не толькі без галоўнага трэнера (Ігар Кавалевіч атрымаў 4 матчы дыскваліфікацыі за выхадкі ў другiм паўфінале з мінскім «Дынама»), але і без аднаго з лідараў на полі – паўабаронцы Гулжыгіта Алыкулава. Кіргіз атрымаў жоўтую картку ў паўфінале ў адказ з дынамаўцамі за сімуляцыю – а разам з ёй і адхіленне ад матчу за трафей.

«Нёман» аспрэчыў рашэнне ў адной са структур АБФФ, дзе прыйшлі да высновы, што сімуляцыі не было, і хадайнічалі перад іншай структурай АБФФ пра адмену папярэджання, аднак там нічога адмяняць не сталі і наогул непразрыста намякнулі, што калегі самі нарабілі парушэнняў.

Завошта жоўтая і наколькі яна справядлівая?

8 траўня ў Гродне праходзіў матч у адказ паўфіналу Кубка Беларусі паміж «Нёманам» і мінскім «Дынама». На 64-й хвіліне Алыкулаў, спрабуючы абгуляць абаронцаў, у выніку барацьбы ўпаў на газон. Рэферы Сяргей Сцяцурын знаходзіўся побач з эпізодам. Дзеянні кіргіза палічыў сімуляцыяй і паказаў яму жоўтую картку. Улічваючы, што ў папярэднім матчы з «Дынама» Алыкулаў таксама атрымаў жоўтую, то папярэджанне ў другой гульні запар пацягнула дыскваліфікацыя. Адпаведна, футбаліст прапусціць фінал.

Ці сапраўды Алыкулаў сімуляваў у тым моманце ці Сцяцурын памыліўся? Мы папрасілі падзяліцца меркаваннем экс-арбітра АБФФ Віталя Аніхімоўскага.

– Ацэньваць эпізод толькі з аднаго ракурсу і рабіць адназначныя высновы немагчыма. Можна толькі меркаваць. Галоўны арбітр знаходзіцца ў добрай пазіцыі, бачыць эпізод і ўмомант прымае рашэнне. Асабіста ў мяне няма падстаў не давяраць Сцяцурыну. Хутчэй наадварот, падзенне гульца атакі выглядае ненатуральным, ён відавочна шукае кантакт і спрабуе яго ўзмацніць (калі малазаўважны кантакт усё ж быў). Ці варта тут паказваць жоўтую картку за сімуляцыю? Не ведаю, дакладнага паўтору і ракурсу ў нас няма. Магчыма, рэпутацыя Алыкулава (аднаго з, а, можа, і самага галоўнага, на мой погляд, сімулянта ЧБ апошніх гадоў) згуляла з ім злы жарт.

Як унутры АБФФ разышліся меркаванні

10 траўня «Нёман» падаў заяву ў Судзейска-экспертную камісію (СЭК) па памылковым, на погляд клуба і Алыкулава (футбаліст сцвярджаў, што яго штурхнулі ў спіну), рашэнню арбітра, заплаціўшы за разгляд пошліну ў 50 базавых велічынь (2 тысячы рублёў). 23 траўня АБФФ у сябе на сайце паведаміла, што Судзейска-экспертная камісія прызнала рашэнне суддзі памылковым і хадайнічала перад кантрольна-дысцыплінарным камітэтам (КДК) федэрацыі пра скасаванне гэтага рашэння. Аднак па рэгламенце дыскваліфікацыя можа быць перагледжаная толькі ў выпадку, калі рашэнне было не проста памылковым, а відавочна памылковым. У выніку КДК не стаў нічога адмяняць – легіянер у фінале не згуляе.

– З улікам канкрэтных абставін справы, неадназначнасці меркаванняў членаў СЭК у частцы відавочнасці або невідавочнасці памылковасці рашэння суддзі, грунтуючыся на агульных прынцыпах стандарту даказвання, КДК не змог з дастатковай ступенню ўпэўненасці прыйсці да адназначнай высновы адносна відавочнага характару памылкі суддзі, – напісана ў заяве.

Таксама сваю адмову адмяняць рашэнне Сцяцурына КДК растлумачыў тым, што Судзейска-экспертная камісія прыняла зварот з парушэннем тэрмінаў, а таксама не ацаніла, наколькі заява адпавядае палажэнню камісіі, і наогул ці можа яна быць прынятая да разгляду. Таксама СЭК нібыта не вывучыла нейкія тлумачальныя запіскі суддзяў, якія абслугоўвалі матч.

Для пачатку мы паспрабавалі разабрацца, што гэта ўвогуле за Судзейска-экспертная камісія. Такая структура прадугледжаная рэгламентам АБФФ, аднак на сайце федэрацыі пра яе няма ні слова, у тым ліку пра склад. Як распавялі нам інфармаваныя крыніцы, СЭК – гэта нешта накшталт падраздзялення дэпартамента судзейства і інспектавання. Збіраецца не пасля кожнага матчу, а толькі па прапанове старшыні камісіі, калі той бачыць, што нейкае судзейскае рашэнне ў матчы выклікае пытанні і можа паўплываць на ацэнку брыгадзе – і што для выстаўлення ацэнкі патрэбнае калектыўнае меркаванне.

У камісію ўваходзяць пяць чалавек. Звычайна гэта прадстаўнікі камітэта судзейства і інспектавання. Рашэнне па тым ці іншым эпізодзе і, адпаведна, ацэнцы суддзі прымаецца большасцю галасоў.

– Пры гэтым ніхто ў СЭК ніколі не вырашае такія пытанні, як адмена гола, жоўтай карткі, афсайду ці іншага. Па выніках паседжання камісіі ўсе рашэнні, прынятыя падчас паядынку, застаюцца ў сіле. СЭК збіраецца выключна для таго, каб ацаніць працу суддзі і разабраць складаныя моманты. І калі эксперты прымаюць рашэнне, што арбітр памылкова нешта залічыў або прадʼявіў – напрыклад, чырвоную гульцу, – гэта адбіваецца на яго ацэнцы і далейшых прызначэннях. Ніколі, паўтаруся, ніколі камісія не адмяняла і не хадайнічала аб адмене чагосьці, і ўжо тым больш жоўтай карткі, – спецыяльна для тэлеграм-канала «О, спорт! Ты – свет!» пракаментаваў сітуацыю экс-начальнік дэпартамента судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа. – Атрымліваецца, створаны прэцэдэнт. Не ведаю якім чынам, хто так паўплываў на камісію, але яна зрабіла тое, чаго ніколі не рабіла: хадайнічала ў КДК пра адмену жоўтай карткі гульцу. Выходзіць, цяпер можна падаваць дакументы на любое папярэджанне, аспрэчваць яго, калі нешта не падабаецца клубу? І СЭК будзе разглядаць эпізоды? Гэта проста нонсэнс нейкі, бардак! Па правілах ніякай адмены жоўтай карткі ці хадайніцтва аб гэтым быць не магло.

Працуючы ў АБФФ, Чэпа сам быў старшынём Судзейска-экспертнай камісіі. Таксама ў яе ўваходзілі сябры дэпартамента судзейства і інспектавання Юрый Дупанаў, Георгій Вярбіцкі, Віктар Мацюшаў і Аляксандр Яўневіч. Хто сёння уваходзіць у СЭК, не ведае ні Чэпа, ні нават дзейныя суддзі АБФФ, з якімі нам удалося пагутарыць. Адзінае, што ведаюць нашыя суразмоўцы, старшынём камісіі зʼяўляецца сябра выканкама АБФФ, старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці, экс-арбітр ФІФА Алег Чыкун. Пры гэтым сябрам дэпартамента судзейства і інспектавання, паводле сайта федэрацыі, ён не зʼяўляецца.

На якое парушэнне тэрмінаў падачы дакументаў указвае КДК? Згодна з рэгламентам АБФФ, пратэст можна падаць цягам 24 гадзін пасля заканчэння матча. Аднак «Нёман» звярнуўся ў камісію толькі 10 траўня, хаця гулялі 8-га. Нягледзячы на гэта, СЭК заяву прыняў.

– Але ж у гэтым выпадку гаворка не пра пратэст (тое, што гэта быў не пратэст, пацвердзілі нам некалькі крыніц з белфутбола, знаёмыя са справай, – заўв.), – разважае Чэпа. – У такім выпадку тэрміны невядомыя. У наш час клубы ў СЭК дакументы не дасылалі, камісія засядала з ўласнай ініцыятывы. Што да тлумачальных запісак, раней яны пісаліся на зборах у Турцыі, калі па тых ці іншых прычынах арбітр спазніўся на трэнінг, напрыклад. Але ўсё гэта датычылася бытавых пытанняў. Ніколі не чуў, каб былі тлумачальныя запіскі, якія пішуцца пасля матчаў.

Пра запіскі мы задавалі пытанні дзейным арбітрам АБФФ. Ніхто з суразмоўцаў нічога пра гэта не чуў.

А да суддзі былі пытанні?

Якую адзнаку за працу на кубкавым матчы ў Гродне атрымаў Сцяцурын, нам даведацца не ўдалося. Аднак у 8-м туры, які прайшоў неўзабаве пасля паўфіналу, прызначэння ён не атрымаў. Зрэшты, як тлумачаць прадстаўнікі судзейскага корпуса АБФФ, гэта яшчэ не азначае нейкай незадаволенасці з боку федэрацыі. Па-першае, практыкуецца чаргаванне арбітраў. Па-другое, даваць працаваць суддзі на матчах на працягу чатырох-пяці дзён наўрад ці нехта стаў бы. У 9-м туры Сцяцурын ужо абслугоўваў сустрэчу паміж «Мінскам» і «Віцебскам».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу нам удалося даведацца, што дэпартамент судзейства і інспектавання АБФФ прызначыў пазачарговую здачу нарматываў для арбітраў. Як кажуць суразмоўцы, «відаць, хочуць паразмаўляць, незадаволеныя тым, як працуюць суддзі». Здача нарматываў адбудзецца праз тыдзень.

Іншыя пасты блога

Усе пасты