Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: сёмы этап без матацыклаў і квадрацыклаў

Дакар-2023: сёмы этап без матацыклаў і квадрацыклаў

8 студзеня 2023, 14:57
Дакар-2023: сёмы этап без матацыклаў і квадрацыклаў

Фота: A.S.O.

Нябесная канцылярыя ўносіць свае карэктывы ў маршрут і расклад сорак пятага ралі Дакар. Праз дажджы і паводку ўдзельнікі катэгорый матацыклаў і квадрацыклаў позна дабраліся да бівуака напярэдадні, і арганізатары адмянілі для іх сёмы этап Эр-Рыяд – Аль-Дувадзімі.

На вялікі жаль, адмяняць войны чалавецтва пакуль што не навучылася. І не навучыцца, пакуль дыктатары атрымліваюць ад цывілізаванага свету мільярды за газ і нафту. Гэта цывілізаваны свет, які зараз баіцца даць Украіне ўсю неабходную зброю, не баяўся разбэсціць расійскага дыктатара, які карумпіраваў яго эліты. Зараз яго памылкі выпраўляюць украінскія героі, якія змагаюцца не толькі за сваю свабоду. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Спорт і, у прыватнасці, ралі Дакар сімвалізуюць мір і сяброўства, хоць суперніцтва тут бывае моцным і прынцыповым. Вось і ў катэгорыі T3 для прататыпаў-SSV яно менавіта такое, і бельгійцу Гіёму дэ Мэвіусу, які лідзіруе з часам 31 гадзіна 43 хвіліны 12 секунд, не дае расслабіцца амерыканец Осцін Джонс, які адстае на 8 хвілін 29 секунд.

На сёмым этапе, дарэчы, ніхто з іх не бліснуў. Джонс фінішаваў сёмым, дэ Мэвіус – восьмым. Яны амаль і болей за восем хвілін адпаведна прайгралі яшчэ аднаму амерыканцу, партнёру Осціна па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Мітчэлу Гатры, які сам лідзіраваў не так даўно, але тэхнічная паломка на пятым этапе пазбавіла яго шанцаў на выніковую перамогу. Учарашні спецучастак ён пераадолеў за 3 гадзіны 39 хвілін 37 секунд, а ў генеральнай класіфікацыі займае дваццаць дзявятую пазіцыю, адстаючы ад дэ Мэвіуса амаль на дваццаць пяць гадзін.

Другі вынік у суботу паказаў яшчэ адзін былы лідар Франсіска Лопес, якому не пашанцавала на трэцім этапе. Ён саступіў Гатры 1 хвіліну 45 секунд, а ў генеральнай класіфікацыі ідзе чацвёртым, болей чым у дзвюх з паловай гадзінах ад лідара. Партугалец Хоан Ферэйра заняў учора трэцяе месца, у агульным заліку трыццаць дзявяты, да дэ Мэвіуса яму болей за сорак пяць гадзін.

Першую ж тройку у генеральнай класіфікацыі замыкае яшчэ адзін амерыканец Сэт Кінтэра. Гатры ён на сёмым этапе саступіў амаль тры хвіліны, фінішаваўшы чацвёртым, а ад дэ Мэвіуса яго адставанне складае 1 гадзіну 2 хвіліны 55 секунд.

Як сумленныя і незайздрослівыя суседзі, беларусы могуць парадавацца поспеху на Дакары літоўца Рокаша Бацюшкі. На сёмым этапе ён перамог у катэгорыі T4 (серыйныя SSV) і ўзначаліў агульны залік. Са спецучасткам Рокаш справіўся за 3 гадзіны 45 хвілін 34 секунды, а яго агульны час складае 33 гадзіны 8 хвілін 46 секунд. Ён на 1 хвіліну 3 секунды апярэдзіў бразільца Крышціану Бацісту і на 2 хвіліны 51 секунду мясцовага гоншчыка Ясіра Сейдана, якія фінішавалі другім і трэцім адпаведна.

Але не яны з’яўляюцца непасроднымі канкурэнтамі Бацюшкі. Баціста займае восьмую пазіцыю і саступае літоўцу болей за гадзіну, Сейдан наогул дваццаць сёмы, амаль у сямнаццаці гадзінах ад Рокаша. Галоўнай пагрозай для яго ёсць іншыя нашы суседзі – палякі Гочалы, бацька Марэк і сын Эрык. Старэйшы саступае літоўцу 5 хвілін 42 секунды, малодшы – 6 хвілін 23 секунды. На сёмым этапе хутчэй быў якраз сын, які фінішаваў з чацвёртым вынікам і саступіў Бацюшку крыху болей за тры хвіліны. Бацька фінішаваў следам, амаль у трох з паловай хвілінах ад Рокаша.

Не пашанцавала ўчора яшчэ аднаму фаварыту катэгорыі T4 – бразільцу Радрыга Лупі дэ Алівэйры. Праз пракол на 161-м кіламетры ён страціў амаль сорак хвілін і фінішаваў толькі дванаццатым. Пры гэтым ад Бацюшкі ён адстаў не так і на многа – усяго на дванаццаць хвілін. Дый у генеральнай класіфікацыі саступае літоўцу зусім не катастрафічныя дваццаць з паловай хвілін, займаючы шостую пазіцыю.

Хіба што толькі катастрофа можа спыніць на шляху да пятай перамогі мінулагодняга трыумфатара Дакару ў катэгорыі легкавых пазадарожнікаў Насэра Аль-Ацію. Ну, або сур’ёзная навігацыйная памылка. Дапусціць яе можа нават такі дасведчаны гоншчык, што і адбылося на сёмым этапе, дзе катарцу прыйшлося паблукаць па дзюнах у пошуках правільнага напрамку.

Фінішаваў прадстаўнік завадской Таёты ў выніку толькі чатырнаццатым, болей за дзевятнаццаць хвілін прайграўшы яшчэ адной мясцовай зорцы з каманды Overdrive Racing Язіду Аль-Раджы. Напярэдадні ён згубіў час і шмат пазіцый у абсалюце, перакуліўшыся, а ўчора перамог, пераадолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 6 хвілін 23 секунды. Што, праўда, не надта дапамагло яму глабальна – у генеральнай класіфікацыі ён дваццаць чацвёрты, ад Аль-Аціі адстае болей чым на пяць гадзін.

Не асабліва адыграліся і літовец з каманды Teltonika Racing Вайдотас Жала і француз Герлен Шышэры, які прадстаўляе ўласны калектыў (абодва выступаюць на поўнапрывадных прататыпах Prodrive Hunter BRX). Жала фінішаваў з другім вынікам, Шышэры – з трэцім. Аль-Раджы яны саступілі 8 хвілін 54 секунды і 10 хвілін 15 секунд адпаведна, але Аль-Ація ў агульным заліку адарваўся ад абодвух далёка – болей чым на пяць ад француза і амаль на шэсцьдзесят восем ад літоўца. Шышэры займае дваццаць шостую пазіцыю, Жала – сто трыццаць першую.

Агульны час Аль-Аціі складае 27 гадзін 26 хвілін 23 секунды. Насэр на 1 гадзіну 1 хвіліну 4 секунды апярэджвае свайго партнёра па камандзе Хэнка Латэгана, які займае другую пазіцыю. У суботу гоншчык з Паўднёвай Афрыкі фінішаваў шостым, прайграўшы Аль-Раджы амаль трынаццаць з паловай хвілін. Трэцім застаецца бразільскі партнёр Язід па камандзе Лукаш Мараэс, які саступае Аль-Аціі 1 гадзіну 11 хвілін 24 секунды. Учора ён фінішаваў з адзінаццатым вынікам, саступіўшы Аль-Раджы болей за сямнаццаць хвілін.

У катэгорыі грузавікоў працягваецца не вайна, канечне, а мірнае чэшска-нідэрландскае супрацьстаянне. Адзін з нідэрландцаў бліснуў на сёмым этапе – Янус ван Кастэрэн на Iveco PowerStar пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 35 хвілін 10 секунд, на 3 хвіліны 42 секунды апярэдзіўшы чэха Алеша Лапрайса на Praga V4S DKR, які паказаў другі вынік.

Аднак у абсалюце Алеш, чый час складае 32 гадзіны 22 хвіліны 5 секунд, не проста захаваў лідарства, але і да дзвюх хвілін павялічыў адрыў ад Марціна ван дэн Брынка, які застаўся на другой пазіцыі. На сёмым этапе ён замкнуў першую тройку, саступіўшы ван Кастэрэну 6 хвілін 19 секунд. Янус у сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі. Ад Лапрайса ён адстае на 22 хвіліны 11 секунд.

У гэтыя хвіліны ўдзельнікі Дакару ўжо фінішуюць на восьмым этапе. За Аль-Дувадзімі яны вяртаюцца ў Эр-Рыяд, але па іншым маршруце. Агульная працягласць шляху складае амаль 823 кіламетры, з якіх 346 баявыя. Этап пераважна горны, з перападам вышынь ад 800 да 1 300 метраў над узроўнем мора. Заўтра ж у сталіцы Саудаўскай Аравіі гоншчыкі будуць адпачываць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты