Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: вяртанне ў Шэйбу на дванаццатым этапе

Дакар-2023: вяртанне ў Шэйбу на дванаццатым этапе

14 студзеня 2023, 13:06
Дакар-2023: вяртанне ў Шэйбу на дванаццатым этапе

Фота: A.S.O.

Фініш ралі сорак пятага ралі Дакар усё бліжэй, але інтрыга ў асобных катэгорыях яшчэ жывая. І кароткія спецучасткі, як учарашні 185-кіламетровы на шляху ў Шэйбу з пустыні Руб-эль-Халі, часам толькі спрыяюць гэтаму.

Для каго субота пачынаецца з падвядзення вынікаў чарговага дня Дакара, а для каго, як для жыхароў Кіева і Харкава, з ракетных абстрэлаў. Вайна ва Украіне працягваецца, і не скончыцца, пакуль расійска-фашысцкія захопнікі не будуць разбітыя. Іх параза наблізіць і перамогу беларусаў над мясцовым фашызмам, і мы зычым поспеху нашым суседзям і заклікаем краіны Захаду даць ім усю неабходную зброю. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль адзін звар’яцелы дыктатар заваёўвае любоў да свайго народа, забіваючы іншы, шматнацыянальная дакараўская супольнасць сябруе, нягледзячы на суперніцтва на трасах. Гоншчыкі дапамагаюць адзін аднаму, калі хтосьці з іх сустракаецца з непрыемнасцямі. А яны здараюцца нават на такіх адносна кароткіх спецучастках, як на дванаццатым этапе – другой частцы марафонскага адрэзку.

Галоўныя героі катэгорыі матацыклаў, праўда, пераадолелі ўчарашнія 185 кіламетраў адносна без прыгод. Пры гэтым, аднак, гоншчык завадской каманды Husqvarna Скайлер Хаўс, які вярнуў быў сабе лідарства днём раней, прыбыў да фінішу спецучастка толькі з шостым вынікам, амаль тры хвіліны прайграўшы завадчаніну Хонды Хасэ Ігнасіа Карнэха Фларыма.

Чыліец пераадолеў баявую дыстанцыю за 1 гадзіну 57 хвілін 27 секунд, на 49 секунд абагнаўшы канкурэнта з завадской каманды GasGas Даніэля Сандэрса, які заняў другое месца. Яны па-ранейшаму побач і ў генеральнай класіфікацыі – на восьмай і сёмай пазіцыях адпаведна. Карнэха Фларыма адстае ад лідара крыху болей, чым на дваццаць тры хвіліны, Сандэрс – на дваццаць.

Лідарам жа з’яўляецца ўжо не Хаўс, а завадскі гоншчык KTM Тобі Прайс, чый агульны час складае 40 гадзін 47 хвілін 36 секунд. Амерыканца, зрэшты, ён апярэджвае ўсяго на 28 секунд, а ў пятніцу паказаў трэці вынік, саступіўшы Карнэха Фларыма 1 хвіліну 58 секунд. Трэцюю пазіцыю ў абсалюце захоўвае яго партнёр па камандзе Кэвін Бенавідэс, які адстае ад яго на 2 хвіліны 40 секунд. Пераможцу ўчарашняга этапу ён саступіў болей за дзве хвіліны, заняўшы пятае месца.

На кароткіх спецучастках цяжка моцна адыграцца, а вось страціць многае – лёгка. Не дапусціць гэтага ёсць галоўнай задачай для лідара катэгорыі квадрацыклаў Александра Жыру, чый час пасля дванаццаці этапаў складае 51 гадзіну 50 хвілін 39 секунд. Яго галоўны пераследнік Франсіска Марэна Флорэс сваё адставанне скараціў учора да 44 хвілін, замкнуўшы першую тройку і саступіўшы пераможцу 5 хвілін 16 секунд.

Тады як француз затраціў на пераадоленне спецучастка амаль на сорак дзве хвіліны болей, фінішаваўшы толькі сёмым. Перамог жа ў чарговы раз аўтсайдэр Марсэла Медэйрас, які замыкае абсалют, знаходзячыся на дзясятай пазіцыі і адстаючы ад Жыру болей чым на трыццаць гадзін. З баявой дыстанцыяй дванаццатага этапу бразілец справіўся за 2 гадзіны 37 хвілін 4 секунды, на 4 хвіліны 7 секунд апярэдзіўшы Джавані Энрыка, які заняў другое месца.

Чыліец у агульным заліку замыкае першую пяцёрку, адстаючы ад лідара на пяць гадзін. Трэцім жа ідзе амерыканец Пабла Капэці, які адстае ад Жыру на 2 гадзіны 2 хвіліны 30 секунд. Ён учора заняў шостае месца, амаль трыццаць сем хвілін прайграўшы Медэйрасу.

У класе лёгкіх прататыпаў-SSV катэгорыі T3 перамогай таксама адзначыўся той, хто на выніковае першае месца даўно не прэтэндуе – амерыканец Мітчэл Гатры. Ён спецучастак пераадолеў за 2 гадзіны 17 хвілін 11 секунд, але ад лідара – свайго суайчынніка і партнёра па калектыве Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Осціна Джонса, чый агульны час складае 47 гадзін 39 хвілін 47 секунд, адстае амаль на дваццаць восем гадзін, займаючы дваццаць чацвёртую пазіцыю.

Учора ён быў хутчэйшым за Джонса, які паказаў пяты вынік, болей чым на тры хвіліны. Чыліец Ігнасіа Касале, які заняў другое месца, адстаў ад яго на 29 секунд, а былы лідар Гіём дэ Мэвіус – на 52. Бельгіец напярэдадні сутыкнуўся з праблемамі з рухавіком, згубіў шмат часу і страціў надзеі на перамогу, апусціўшыся на трэцюю пазіцыю. Джонсу ён прайграе 1 гадзіну 25 хвілін 50 секунд. Адставанне Касале, які замыкае першую дзясятку, складае болей за сем гадзін.

Яшчэ адзін амерыканскі прадстаўнік Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Сэт Кінтэра захаваў другую пазіцыю. Ад Джонса яго аддзяляе 1 гадзіна 4 хвіліны 37 секунд, а пераможцу дванаццатага этапу ён саступіў дванаццаць хвілін, паказаўшы трынаццаты вынік.

Літовец Рокаш Бацюшка, які з часам 49 гадзін 2 хвіліны 2 секунды лідзіруе ў катэгорыі серыйных SSV T4, працягвае стрымліваць націск польскай радні Гочалаў. На дванаццатым этапе ён прапусціў толькі Міхала, і тое ўсяго на 13 секунд, заняўшы другое месца.

Ды Міхал, які справіўся са спецучасткам за 2 гадзіны 19 хвілін 7 секунд, на выніковую перамогу і не прэтэндуе, ідучы сёмым у чатырох гадзінах ад Рокаша. А вось яго брат Марэк і пляменнік Эрык – прэтэндуюць. Малодшы з іх да літоўца бліжэй, на другой пазіцыі і ў 7 хвілінах 43 секундах.

Старэйшы займае трэцюю пазіцыю і саступае Бацюшку 16 хвілін 43 секунды, але менавіта ён лепей выступіў у пятніцу, заняўшы трэцяе месца і прайграўшы брату 2 хвіліны 38 секунд. Эрык задаволіўся чацвёртым месцам, саступіўшы дзядзю больш за тры з паловай хвіліны.

Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб шанцы на выніковую перамогу страціў даўно, і цяпер можа не асцярожнічаць, а ехаць на ўсе грошы. І на дванаццатым этапе ён ужо ў пяты раз запар стаў лепшым, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 1 гадзіну 56 хвілін 21 секунду. 3 хвіліны 19 секунд яму саступіў Маціас Экстром, які адзін абараняе гонар Audi. Швед учора заняў другое месца, а ў абсалютным заліку ён знаходзіцца на васямнаццатай пазіцыі, адстаючы ад лідара амаль на сем гадін.

Лідарам застаецца Насэр Аль-Ація, чый агульны час складае 41 гадзіну 16 хвілін 25 секунд. Учора чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакару фінішаваў трэцім, саступіўшы Лёбу 3 хвіліны 31 секунду. Пры гэтым француз з Bahrain Raid Xtreme цяпер з’яўляецца бліжэйшым пераследнікам гоншчыка завадской Таёты з Катара, прайграючы яму 1 гадзіну 27 хвілін 10 секунд. Бразільскі гоншчык Overdrive Racing Лукаш Мараэш апусціўся на трэцюю пазіцыю і адстае ад Аль-Аціі на 1 гадзіну 29 хвілін 11 секунд. Учора ён заняў дзясятае месца, болей за адзінаццаць з паловай хвілін прайграўшы Лёбу.

У катэгорыі грузавікоў лідар вызначаны не так яўна, але па выніках дванаццатага этапу ён якраз адарваўся ад пераследнікаў і калег па камандзе Жэрара дэ Рооя на Iveco PowerStar. Агульны час Януса ван Кастэрэна складае 49 гадзін 32 хвіліны 50 секунд, а яго суайчыннік Марцін ван дэн Брынк, які займае другую пазіцыю, адстае ад яго на 33 хвіліны 3 секунды.

Пройгрыш вырас ў параўнанні са станам пасля адзінаццатага этапу праз праблемы са скрыняй перадач – Марцін не мог пераключацца вышэй за чацвёртую ступень і разганяцца болей чым да 100 км/г. У выніку ён заняў на дванаццатым этапе трэцяе месца, 31 хвіліну 51 секунду прайграўшы якраз ван Кастэрэну, які перамог з вынікам 2 гадзіны 30 хвілін 38 секунд.

Наперадзе апынуўся і сын Марціна Мітчэл, які саступіў ван Кастэрэну 18 хвілін 38 секунд. У агульным заліку ён займае чацвёртую пазіцыю, адстаючы ад Януса без малога на чатыры гадзіны.

Замыкае ж першую тройку чэх Марцін Мацык, які таксама выступае на Iveco PowerStar, але сваёй уласнай каманды. Яго адставанне ад ван Кастэрэна ў пятніцу вырасла да 1 гадзіны 20 хвілін 7 секунд праз непаладку датчыка турбіны, які ў палявых умовах прыйшлося мяняць разам з кабелямі. У выніку Марцін фінішаваў чацвёртым болей чым у палове гадзіны ад ван Кастэрэна.

Сёння ўдзельнікі Дакару перабіраюцца з Шэйбы ў Аль-Хуфуф, пераадольваючы агулам 675 кіламетраў. Спецучастак пры гэтым адзін з самых кароткіх на гэтым ралі – усяго 154-кіламетровы, і гоншчыкі яго ў гэтыя хвіліны ўжо завяршаюць. Хто з іх і як справіўся з яго пяскамі і дзюнамі, мы даведаемся заўтра.

Іншыя пасты блога

Усе пасты