Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Снег і спякота на Ралі Швецыя. Другі этап новага сезону WRC выйшаў крыху нечаканым

Снег і спякота на Ралі Швецыя. Другі этап новага сезону WRC выйшаў крыху нечаканым

15 лютага 2023, 16:17
Снег і спякота на Ралі Швецыя. Другі этап новага сезону WRC выйшаў крыху нечаканым

Фота: wrc.com

Мала хто сумняваўся ў тым, што ў адсутнасць двух Себасцьенаў-чэмпіёнаў – Аж’е і Лёба – у Швецыі блісне дзейсны чэмпіён свету па ралі Кале Раванпэра. Але галоўныя ролі на другім этапе сусветнага пяршынства ў мінулы ўік-энд гралі гоншчыкі Hyundai і M-Sport Ford.

Гоначныя чэмпіянаты праводзяць свае спаборніцтвы на фоне вайны ва Украіне. Баязлівыя заходнія палітыкі дагэтуль баяцца даць нашым суседзям усю неабходную для перамогі над расійска-фашысцкімі захопнікамі зброю. «Гоначная псіхапатыя» працягвае заклікаць Захад узброіць Украіну і зычыць ёй поспеху. Нягледзячы нават на яўныя праблемы са зрокам у супрацоўнікаў Офісу яе прэзідэнта, дзе не бачаць падтрымкі з боку беларускіх дэмакратычных сіл, але бачаць нейкае правільнае разуменне вайны тутэйшым калгасным дыктатарам, які здрадзіў і свайму народу, і ўкраінскаму. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Маштаб бяды, з якой сутыкнулася Украіна, выдатна ведаюць у Польшчы і краінах Балтыі, якія гатовыя аддаць украінцам усю ўласную зброю. І ад гэтага вельмі радуюць поспехі спартсменаў адтуль, адзін з якіх у мінулыя выхадныя меў месца ў шведскім Умэа, дзе на этапе WRC перамогу атрымаў От Цянак з маленькай, але прыгожай Эстоніі.

Ралі Швецыя – адзінае на дадзены момант (у 2021-м было яшчэ Арктычнае ралі ў Фінляндыі, але яно якраз Швецыю і замяняла) поўнасцю зімовае ў календары. Так, Ралі Монтэ-Карла таксама праводзіцца ўзімку, але ў асноўным на асфальце. Праўда, у апошнія гады са снегам у Швецыі ў лютым былі праблемы, але, на радасць усім, не ў гэты раз.

Снежныя гонкі напэўна падабаюцца і Кале Раванпэры, але ён на правах фактычнага лідара чэмпіянату адкрываў спецучасткі ў чацвер і пятніцу, часткова выконваючы ролю бульдозера. Пры гэтым, аднак, на першым суперспэшле акурат у чацвер хутчэйшым за ўсіх быў якраз малады фін з Таёты, але ў пятніцу абавязак чысціць трасу перад канкурэнтамі адкінуў яго за межы першай тройкі.

Затое прынцыповую дуэль за лідарства распачалі Крэйг Брын, які ў гэтым годзе па скарочанай праграме выступае за Hyundai, і От Цянак, які пакінуў карэйскі калектыў і вярнуўся ў M-Sport Ford. У Монтэ-Карла эстонцу не ставала хуткасці, затое ў Швецыі ён быў ужо на кані, як, зрэшты, і ірландзец. І менавіта Крэйг скончыў першы дзень лідарам. Праўда, Цянака ён апярэдзіў пры гэтым усяго на 2,6 секунды.

Брын стрымліваў напор Цянака і цягам амаль усёй суботы, але па выніках трынаццатага допа От скараціў сваё адставанне ад канкурэнта з Hyundai да паловы секунды, а на чатырнаццатым, 17,3-кіламетровым Sävar 2, перадапошнім з суботніх, выйшаў наперад. Пры гэтым абодва гоншчыка славілі там па праколу, верагодна, напароўшыся на камяні, якія былі адкапаныя папярэднім праходам па гэтай дарозе. Сур’ёзна гэтыя маленькія непрыемнасці, зрэшты, не запаволілі нікога з прэтэндэнтаў на перамогу.

Цянак скончыў суботу з перавагай над Брынам у 8,6 секунды, але ўспрыняў гэта без эйфарыі. Маўляў, заўтра даўгі дзень і здарыцца можа што заўгодна. Хаця на самой справе ў нядзелю ўдзельнікаў Ралі Швецыя чакала толькі тры спецучасткі. І пасля перадапошняга сямнаццатага ў Hyundai вырашылі, што Цьеры Нэвіль, які абараняе колеры каманды на пастаяннай аснове, мае большую патрэбу ў ачках у чэмпіянаце, і наўмысна адправілі Брына на старт фінальнага суперспэшла са спазненнем, за што Крэйг атрымаў штраф у 10 секунд.

Бельгіец, які раней у шчыльнай барацьбе пакінуў ззаду Раванпэру, мусіў быў прасунуцца на другую пазіцыю, але на тым самым фінальным 10-кіламетровым Umeå 2 дапусціў памылку, паказаў толькі шосты вынік і застаўся трэцім па выніках усяго ралі. Брын паказаў там пяты час і заняў выніковае другое месца, ну а Цянак, які атрымаў два бонусных балы за чацвёрты час, атрымаў перамогу на шведскім этапе.

Заадно От выйшаў на першую пазіцыю ў чэмпіянаце, у якім у яго 41 ачко. Раванпэра, які заняў у Швецыі чацвёртае месца, застаўся другім, у яго 38 балаў. Нэвіль у сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю і мае 32 ачкі. Toyota, аднак, з 80-цю баламі засталася лідарам заліку вытворцаў. Каманда Hyundai па-ранейшаму другая, у яе 66 ачкоў, M-Sport Ford з 51-м балам на трэцяй пазіцыі.

На шведскі этап сусветнага ралійнага чэмпіянату прыехалі і прадстаўнікі ўсіх трох малодшых катэгорый: WRC2, WRC3 і юніорскага пяршынства. У першым выпадку мацнейшым за ўсіх стаў мясцовы герой Олівер Сольберг, які перасеў на новенькую Škoda Fabia RS Rally2.

Сын чэмпіёна свету 2003 года Петэра Сольберга дамінаваў увесь ўік-энд і амаль на адну хвіліну апярэдзіў свайго бліжэйшага канкурэнта на Volkswagen Polo GTi R5 Оле Крысціана Вэйбі. Трэцяе месца заняў чэмпіён 2021 года сярод юніораў Самі Паяры, які таксама выступае на Шкодзе.

Прадстаўнікі WRC3 і юніорскага чэмпіянату выступаюць на аднолькавых поўнапрывадных Ford Fiesta Rally3, таму і залікі ў іх фактычна аб’яднаныя. І малады фін Роопэ Корханен з умоўна старэйшай катэгорыі змагаўся ў тым ліку з ірландцам Вільямам Крэйтанам з умоўна малодшай. Занялі яны першае і другое месцы адпаведна, што не адмяніла перамогі Крэйтана ў юніорскім класе. Трэцяе месца заняў француз Ларэн Пеліе.

Пасля Швецыі ўдзельнікі чэмпіянату свету па ралі адпачываюць цэлы месяц, пакуль каманды перабіраюцца цераз Атлантычны акіян у Мексіку, дзе 16-19 сакавіка пройдзе трэці этап.

Іншыя пасты блога

Усе пасты