Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ралі Харватыя імя Крэйга Брына. Чацвёрты этап чэмпіянату свету стаў трыб’ютам загінуламу ірландскаму гоншчыку

Ралі Харватыя імя Крэйга Брына. Чацвёрты этап чэмпіянату свету стаў трыб’ютам загінуламу ірландскаму гоншчыку

25 красавіка 2023, 15:51
Ралі Харватыя імя Крэйга Брына. Чацвёрты этап чэмпіянату свету стаў трыб’ютам загінуламу ірландскаму гоншчыку

Фота: wrc.com

Трагедыяй на трэніроўках перад харвацкім этапам WRC, якая абарвала жыццё Крэйга Брына, былі азмрочаныя і папярэдні ўік-энд, і мінулы, у які гонка ў наваколлях Заграбу і праходзіла. Яе ўдзельнікі страцілі свайго сябра, яму свае выступленні яны і прысвяцілі, незалежна ад каманднай прыналежнасці. Прадстаўнікі трох розных калектываў на подыуме трымалі ірландскі сцяг.

Апошнія амаль паўтары гады азмрочаныя поўнамаштабнай вайной, якой звар’яцелы расійскі дыктатар пайшоў на Украіну, не здолеўшы яе падпарадкаваць. Аднак, разбурыўшы яе гарады і пазабіваўшы тысячы яе жыхароў, заваяваць яе недароблены імператар таксама не змог. Затое прадвызначыў лёс – свой уласны, свайго калгаснага паслугача і сваёй саўковай імперыі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі – справа мірная, але дагэтуль смяротна небяспечная, пра што яшчэ раз нагадала гібель Крэйга Брына. Вядома, арганізатары чэмпіянату свету па ралі разам з Міжнароднай аўтамабільнай федэрацыяй узмоцняць меры бяспекі, але вярнуць маладога і адданага сваёй справе ірландскага гоншчыка ўсё роўна немагчыма. Нам застаецца толькі захоўваць памяць аб Крэйге.

Усе Hyundai i20 N Rally1 на Ралі Харватыя для ўшанавання гэтай памяці неслі на сабе колеры ірландскага сцяга. Было б вельмі прыгожа, калі б Цьеры Нэвіль або Эсапека Лапі атрымалі перамогу, і ў бельгійца, прынамсі, шанцы на гэта былі. Пасля таго, як ужо на другім спецучастку разам злавілі праколы два гоншчыкі Таёты – дзейсны чэмпіён Кале Раванпэра і чэмпіён васьміразовы Себасцьен Аж’е (які пасля замены кола яшчэ і рамяні няправільна зашпіліў, за што пазней атрымаў хвілінны штраф), менавіта Цьеры захапіў лідарства.

Прычым ён на харвацкім асфальце (гэта было першае ў сезоне ралі, якое праходзіла цалкам на цвёрдым пакрыцці) быў заўважна хутчэй за яшчэ аднаго гоншчыка японскай каманды Элфіна Эванса. Не кажучы ўжо пра чэмпіёна 2019 года з M-Sport Ford Ота Цянака, які з самага пачатку сутыкнуўся з праблемамі са стырнавым механізмам. Хоць і сам Нэвіль не быў бездакорным, і на адным са спецучасткаў пашкодзіў пярэднюю частку сваёй машыны, не здолеўшы аб’ехаць цюкі сена, з якіх была створаная шыкана.

Яму, як і ўсім астатнім удзельнікам харвацкага ралі, у пятніцу прыйшлося гуляць у шынную рулетку, бо хмары над допамі навісалі пагрозліва. Дождж, аднак, так і не пайшоў, і стаўка Цянака, які паставіў быў на сваю Puma Rally1 гуму для мокрай трасы, выявілася нявернай. А вось Нэвіль з Эвансам аддалі перавагу міксу з розных шын, што дала плён ім абодвум. Валійцу, бадай, нават у большай ступені, бо хоць яго апанент і захаваў лідарства па выніках дня, але перавага яго скарацілася з амаль чатырнаццаці да 5,7 секунды.

У суботу надвор’е з самай раніцы было стабільна сухім, і Цьеры пачаў быў ізноў адрывацца ад Элфіна. Але на адзінаццатым (і ўсяго трэцім з суботніх) спецучастку ён памыліўся ў правым павароце, стукнуўшыся левай задняй часткай аўтамабіля аб бетонны блок, а пярэдняй пасля заехаўшы ў дрэва. На гэтым Ралі Харватыя для гоншчыка Hyundai фактычна скончылася.

Першая пазіцыя ізноў змяніла ўладальніка, якім стаў Эванс. Цянак падняўся на другую пазіцыю і, здавалася, стаў рэальным канкурэнтам брытанца. От узмацніў уціск на Элфіна і за дзень амаль удвая, да дванаццаці з паловай секунд, скараціў адставанне ад яго. Але пад канец суботы эстонец сутыкнуўся з новай праблемай – на яго машыне перастаў працаваць ручны тормаз, што дазволіла Эвансу ізноў павялічыць адрыў да камфортнага для яго значэння.

Таму ў нядзелю гоншчык Таёты не рызыкаваў, і на фінальным суперспэшле за бонуснымі баламі не гнаўся, задаволіўшыся нам ім толькі сёмым вынікам. Найхутчэйшым жа на ім стаў Нэвіль, які па выніках ралі заняў толькі трыццаць трэцяе месца. Раванпэра, Аж’е і яшчэ адзін іх партнёр па камандзе Такамота Катсута паказалі часы з другога па чацвёрты і занялі выніковыя чацвёртае, пятае і шостае месцы адпаведна.

Партнёр Нэвіля па камандзе Эсапека Лапі на апошнім спецучастку фінішаваў з пятым вынікам, затое падняўся на ніжнюю ступень подыуму Ралі Харватыя. Не надта выразны шосты час Цянака збольшага быў абумоўлены новымі праблемамі на яго Пуме, на гэты раз з трансмісіяй. Якія, аднак, не перашкодзілі эстонцу заняць другое месца. Эванс жа перамог, упершыню ў гэтым сезоне, і гэта быў эмацыйны момант для яго штурмана Скота Марціна, які ў мінулым выконваў аналагічную ролю ў пары якраз з Крэйгам Брынам.

А ў чэмпіянаце цяпер утварылася двоеўладдзе – Аж’е фармальна застаўся першым, але ў яго роўная колькасць ачкоў з Элфінам, па 69, што ўсяго на адно болей, чым у Раванпэры, які замыкае першую тройку. Блізка і Цянак, які адстае ад француза з брытанцам на чатыры ачкі, дый Нэвіль саступае ім не так і шмат – 11 балаў. Вось Toyota ў заліку вытворцаў лідзіруе аднаасобна і ўпэўнена, маючы 161 ачко супраць 132-х у Hyundai. M-Sport Ford са 108-мю ачкамі на трэцяй пазіцыі.

У Харватыі прысутнічалі прадстаўнікі і ўсіх малодшых катэгорый чэмпіянату свету. У WRC2 пераможцам стаў француз Йохан Русэль, які выступае на Citroën C3. Барацьбу яму даволі паспяхова навязаў расіянін Мікалай Гразін на Škoda Fabia RS, захапіўшы лідарства ў суботу, але ў нядзелю Русэль вярнуў сабе першую пазіцыю і больш яе не губляў. Гразін заняў другое месца, трэцім стаў фін Эміль Ліндхольм, які таксама выступае на Шкодзе.

Прадстаўнікі юніорскага чэмпіянату свету і катэгорыі WRC3 выступаюць у адным заліку, тэхніка ў іх усё роўна аднолькавая – поўнапрывадныя Ford Fiesta Rally3. Сярод іх мацнейшым стаў ірландзец Іман Кэлі. Дакладней, ён стаў самым удачлівым. Лідар чэмпіянату ў гэтай катэгорыі Вільям Крэйтан патрапіў у аварыю ў суботу, саступіўшы лідарства французу Ларану Пелье, у якога ўзніклі праблемы з рухавіком на перадапошнім спецучастку.

Але Кэлі захапіў першую пазіцыю не пасля гэтага нават, а пасля аналагічных праблем у бельгійца Тома Рэзанэ, якому не пашчасціла наогул на фінальным допе. Удачай можна лічыць тое, што ён страціў толькі адну пазіцыю, заняўшы ў выніку другое месца. Трэцім стаў іспанец Рабэрта Блах.

Наступным этапам WRC стане ўжо гравійнае Ралі Партугалія, якое пройдзе 11-14 мая.

Іншыя пасты блога

Усе пасты