Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/А дома – лепей! Йохан Крыстоферсан пачаў шлях да шостага тытулу чэмпіёна WRX з перамогі ў Партугаліі

А дома – лепей! Йохан Крыстоферсан пачаў шлях да шостага тытулу чэмпіёна WRX з перамогі ў Партугаліі

А дома – лепей! Йохан Крыстоферсан пачаў шлях да шостага тытулу чэмпіёна WRX з перамогі ў Партугаліі

У мінулыя выхадныя ў партугальскім Монталегрэ стартаваў новы сезон чэмпіянату свету па ралі-кросе. Пяціразовы і дзейсны чэмпіён Йохан Крыстоферсан яўна адчуў сябе камфортна ў роднай стыхіі і наважыўся прымерыць і шостую карону.

Расійска-фашысцкія акупанты і сёння працягнулі тэрарызаваць і забіваць украінцаў. Паколькі міжнародныя арганізацыі кшталту ААН не ў стане спыніць агрэсара, дапамагчы зрабіць гэта Украіне мусяць асобныя дзяржавы. На шчасце, менавіта гэта яны і робяць, дзякуючы чаму зямля нашых суседзяў будзе вызвалена. Але ў поўнай бяспецы яны будуць толькі тады, калі вызвалена будзе і беларуская зямля, што таксама трэба разумець усім. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль Расія поўным ходам ляціць у мінулае, цывілізаваны свет паступова рухаецца да будучыні. Сусветны ралі-крос ужо жыве ў ёй – ужо другі год яго галоўная катэгорыя ёсць электрычнай. Паступова напаўняецца і стартавая рашотка, таму і заезды праходзяць усё весялей. Да таго ж у чэмпіянат прыходзяць новыя гоншчыкі, як, напрыклад, дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб.

Эльзасец наогул умее кіраваць самай рознай тэхнікай. У розныя часы ён выступаў у Ле Мане (і даволі паспяхова), у чэмпіянаце свету па аўтагонках у класе Турынг, калі ён існаваў, у серыі Extreme E, таксама электрычнай. Таму ні з чым прынцыпова новым для сябе ў мінулы ўік-энд Сэб не сутыкнуўся, дый удзельнікаў WRX пакуль што не так шмат, каб не прайсці ў паўфіналы.

Лёб, які выступае на прататыпе Lancia Delta Evo-e RX, стылізаваным пад легендарны ралійны аўтамабіль 90-х гадоў, за каманду Special ONE Racing разам са сваім суайчыннікам Герленам Шышэры, на першым этапе ў Партугаліі адабраўся ў першы ж паўфінал. Дзе заняў трэцяе месца, аднак дзякуючы непрыемнасцям у супернікаў.

Пачалося ўсё з кантакту паміж братамі Хансэнамі на апошнім кругу, у выніку якога старэйшага, Цімі, развярнула. А ў яго Peugeot 208 RX1e уляцеў Volkswagen RX1e Густава Бергстрома, з якім у гэты самы момант і бароўся Лёб. Аўтамабілі шведаў застылі нерухомыя, а француз, падпіхнуўшы Volkswagen Бергстрома, рух працягнуў і фінішаваў другім, атрымаўшы пуцёўку ў фінал. Акрамя яго гэта зрабілі Кэвін Хансэн і Крыстоферсан.

Заезд другога паўфіналу выйшаў спакайнейшым, але цікавым, са шыльнай барацьбой і разнастайнай стратэгіяй (тычылася яна ў асноўным моманту наведвання джокер-пятлі). Перамогу ў ім атрымаў фін Ніклас Гронхольм, які захапіў лідарства ўжо на старце, а другой фінішавала яго напарніца па камандзе Construction Equipment Dealer Team Клара Андэрсан.

Шведская гоншчыца адразу пасля старту апынулася паміж канкурэнтамі, таму на джокер на першым кругу і адправілася, што і дало ёй плён. Трэцім фінішаваў напарнік Крыстоферсана па Kristoffersson Motorsport Оле-Крысціан Вэйбі. Шышэры і Ціма Шайдэр, які выступае за All-Inkl.com Münnich Motorsport, занялі чацвёртае і пятае месцы адпаведна і ў фінал не патрапілі.

Ну а ў фінале майстар-клас выдаў Крыстоферсан, які перамог, здаецца, наогул не напружваючыся. Кэвіна Хансэна, які заняў другое месца, Йохан апярэдзіў амаль на пяць секунд. Малады швед практычна да самага фінішу супрацьстаяў Гронхольму, які заняў чацвёртае месца. Вэйбі фінішаваў чацвёртым, Андэрсан стала пятай, а Лёб – шостым. Што, аднак, нядрэнна для маладога (49-гадовага) дэбютанта.

Крыстоферсан жа адыграўся за няўдалы для сябе і Мікаэлы Алін-Катулінскі першы этап новага сезону Extreme E і ў сусветным ралі-кросе захапіў лідарства ў чэмпіянаце ўжо на старце сезону. Йохан мае 23 ачкі, Кэвін Хансэн займае другую пазіцыю з 16-цю баламі, на адзін апярэджваючы Гронхольма.

У Монталегрэ прыехалі і ўдзельнікі дзвюх малодшых катэгорый WRX – еўрапейскіх кубкаў RX1 і RX3. У першым перамогу атрымаў Энца Ідэ на Audi S1. Канечне, яму дапамаглі і праблемы на старце на Ford Fiesta уладальніка поўлу ў фінале Антона Марклунда, але сваю работу бельгіец выканаў выдатна. Як і латвіец Яніс Баўманіс на Peugeot 208, які за фальстарт атрымаў дадатковы штрафны праезд па джокеры, але ўсё роўна фінішаваў трэцім. Другое месца заняў гоначны ветэран на SEAT Ibiza Рэнэ Мюніх.

Паляк Даміан Літвіновіч на Audi A1 перамог у фінале Euro RX3, які выйшаў пераможцам у дуэлі з нарвежцам Эспенам Ісаэкстрэ, сваім партнёрам па камандзе Volland Racing. Яе ўладальнік – немец Нільс Воланд – заняў ганаровае трэцяе месца.

Другі этап чэмпіянату свету па ралі-кросе пройдзе 17-18 чэрвеня ў нарвежскім Хэле.

Іншыя пасты блога

Усе пасты