Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Белая паласа хлопца ў чырвоным. Франчэска Баньяя выдатна правёў хатні Гран Пры Італіі

Белая паласа хлопца ў чырвоным. Франчэска Баньяя выдатна правёў хатні Гран Пры Італіі

13 чэрвеня, 15:40
Белая паласа хлопца ў чырвоным. Франчэска Баньяя выдатна правёў хатні Гран Пры Італіі

Фота: motogp.com

Гэты сезон MotoGP яго дзейсны чэмпіён з Ducati Lenovo Team праводзіць не ідэальна. Крыўдныя памылкі здараюцца і часам каштуюць зашмат. Але на трасе Муджэла Франчэска Баньяя быў непераможным.

Пасля нават самых цікавых гонак нельга забывацца пра тое, што ва Украіне ідзе вайна. Сёння мірныя гарады ізноў падвергліся ракетным атакам з боку расійска-фашысцкіх захопнікаў. Гэта іх помста за тое, што на полі бою ў іх мала што атрымліваецца. Наступленне УСУ яшчэ нават не пачалося, а героям ужо ўдалася вызваліць частку сваёй зямлі ад акупантаў. Беларуская зямля будзе наступнай у чарзе на вызваленне пасля ўкраінскай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Перамога Украіны будзе радаснай падзеяй, але не сенсацыяй. Вось поспех Ferrari ў Ле Мане сенсацыяй быў, дый максімум ачкоў за ўік-энд ад дзейснага чэмпіёна MotoGP Франчэска Баньяі – справа не надта частая. Тым не менш на Гран Пры Італіі, што праходзіў паралельна з сутачным марафонам на кальцы Сартэ, Фартуна нарэшце шырока ўсміхнулася і Пэка.

Ну, ён, канечне, і сам пастараўся – спачатку заваяваў поўл, а потым не нарабіў памылак ні ў суботнім спрынце, ні ў галоўнай нядзельнай гонцы. Прытым што ў суботу італьянцу было не так проста выстаяць. Побач з ім з першага шэрагу стартавалі шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі з Repsol Honda Team Марк Маркес і яго брат Алекс, які выступае за Gresini Racing.

Але гэта яўна быў не дзень іспанцаў. Атакавалі Баньяю на старце не яны, а былы напарнік Франчэска Джэк Мілер, які ў гэтым годзе абараняе колеры Red Bull KTM Factory Racing. З наскоку захапіць лідарства, зрэшты, не атрымалася і ў аўстралійца, ён адразу саступіў месца ў першай тройцы таму ж старэйшаму Маркесу, а таксама гоншчыку Prima Pramac Racing Хорхе Марціну.

Другі круг стаў апошнім для Алекса Маркеса – у выніку кантакту з напарнікам Мілера Брэдам Біндэрам ён апынуўся ў гравіі. Паўднёваафрыканец пазней атрымаў праезд па штрафной зоне. Хаця галоўная ўвага была прыцягнутая менавіта да групы лідараў, у якой пачаліся перастаноўкі, калі на першых кругах трасу крыху намачыў дождж.

У новых умовах хутчэй паехаў Марцін, які ненадоўга вырваўся на першую пазіцыю. Зрэшты, менавіта што ненадоўга – на яе хутка вярнуўся Баньяя, тады як Маркес і Мілер адкаціліся на пятую і сёмую пазіцыі адпаведна (фінішавалі яны сёмым і шостым). Дождж пры гэтым неўзабаве скончыўся, траса хутка падсыхала, што, верагодна, дало імпульс галоўнаму канкурэнту Баньяі – яго суайчынніку з Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі, які ўжо прарваўся быў на трэцюю пазіцыю (стартаваў ён сёмым). Атака на Марціна з боку Марка не прымусіла сябе чакаць і была паспяховай. На Баньяю ён ціснуў практычна да самага фінішу, але так і задаволіўся другім месцам. Марцін заняў трэцяе.

Нядзельны заезд на гэтым фоне быў падобным, хутчэй, на тое, што мы звычайна бачым у Формуле 1. Самым яскравым, але не надта вясёлым эпізодам стаў вылет Марка Маркеса на шостым кругу. Алекс да фінішу таксама не дабраўся, упаўшы пазней – за дзевяць кругоў да фініша. Пры гэтым ён ішоў на нядрэннай трэцяй пазіцыі, адбіваючыся ад напарніка Безэкі Лукі Марыні. Які, зрэшты, таксама не патрапіў на подыум, саступіўшы пазней пазіцыю напарніку Марціна Жоану Зарко.

Француз у выніку фінішаваў трэцім, Хорхе – другім. Баньяя ж на старце ізноў адбіў атаку Мілера і пралідзіраваў да самага фінішу. Джэк гонку скончыў сёмым, на адну пазіцыю апярэдзіўшы Безэкі. Марка захаваў другую пазіцыю ў чэмпіянаце, але адпусціў Баньяю даволі далёка – у яго 110 ачкоў супраць 131-го ў Пэка. Марцін падняўся на трэці радок і мае 107 балаў. Затое Prima Pramac Racing цяпер са 195-цю ачкамі лідзіруюць ў камандным заліку. Mooney VR46 Racing Team апусціліся на другую пазіцыю, у іх 182 ачкі. Red Bull KTM Factory Racing захоўвае трэцюю пазіцыю, маючы 154 балы.

Магчыма, Гран Пры Германіі, які пройдзе на трасе Заксэнрынг ужо ў бліжэйшыя выхадныя, будзе болей падзейным і меней прадказальным. Да харошых гонак прывыкаеш хутка, хаця Баньяя заслужыў свой поспех і варты яго паўтарыць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты