Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не спыніць, не стрымаць. Йохан Крыстоферсан выйграў і трэці этап сусветнага ралі-кросу ў Швецыі

Не спыніць, не стрымаць. Йохан Крыстоферсан выйграў і трэці этап сусветнага ралі-кросу ў Швецыі

Не спыніць, не стрымаць. Йохан Крыстоферсан выйграў і трэці этап сусветнага ралі-кросу ў Швецыі

Пяціразовы чэмпіён свету WRX, здаецца, проста не чуе выклікаў, што кідаюць яму яго канкурэнты. А на сваім хатнім этапе ў шведскім Хольесе Йохан, здаецца, і саміх канкурэнтаў не заўважыў.

Пакуль мы глядзім гонкі, Украіна працягвае пакутаваць ад агрэсіі расійска-фашысцкіх акупантаў. Іх бяда – гэта бяда ўсяго свету, і свет абавязаны дапамагчы нашым суседзям. Баяцца эскалацыі – памылка, кроў ужо і так льецца, а расійская дзяржава і так слабая і блізкая да распаду. І толькі гэты распад дазволіць вызваліцца і ўкраінцам, і беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Мы часта кажам пра тое, што дапамога (не ваенная, канечне) патрэбная і Формуле 1, якая хіба што ў 2021 годзе была такой, якой мы хочам яе бачыць – з прынцыповай барацьбой да самага фіналу. А цяпер вось і сусветны ралі-крос зайшоў кудысьці не туды.

Вядома, гэта не віна Йохана Крыстоферсана, што ён знайшоў найлепшае паразуменне з новымі электрычнымі балідамі, як не віна Макса Ферстапена і Red Bull, што іх канкурэнты ў чарговы раз праваліліся. Але абодва чэмпіянаты свету відавочна сутыкнуліся з праблемай адсутнасці рэальнай барацьбы за перамогу.

Выратаваць становішча ў WRX магла б большая колькасць удзельнікаў у галоўнай катэгорыі, але тут пакуль што істотна нічога не змянілася. Так, Герлен Шышэры прывёў сваю каманду з сабой і дзевяціразовым чэмпіёнам свету па ралі Себасцьенам Лёбам і машынай, стылізаванай пад легендарную Lancia Delta. І хоць тэхніка тут ва ўсіх, па сутнасці, аднолькавая, перамагае ўсё роўна адзін Крыстоферсан.

Вось і ў Хольесе Йохан без праблем прайшоў і першы паўфінал, а потым і яго выйграў без праблем. Міні-сенсацыяй са знакам плюс тут стала трэцяя пазіцыя Шышэры, які ўпершыню пасля вяртання ў чэмпіянат свету прайшоў у фінальны заезд. А са знакам мінус – непраход далей Нікласа Гронхольма і яго напарніцы па камандзе Клары Андэрсан.

Другім фінішаваў чэмпіён 2019 года Цімі Хансэн, чый малодшы брат Кэвін выйграў другі паўфінал. Следам за ім фінішаваў напарнік Крыстоферсана Оле-Крысціан Вэйбі, а трэцім – Ціма Шайдэр. Ну а ў фінале Крыстоферсан ізноў не ведаў сабе роўных. Магчыма, яму пасавала дажджлівае надвор’е, але Цімі Хансэн, які нарэшце патрапіў на подыум, фінішаваўшы другім, адстаў ад свайго суайчынніка болей чым на чатыры секунды. Вэйбі, з якім у яго быў канфлікт у Нарвегіі, гэтым разам у яго не ўразаўся, і таму захаваў сваё здабытае на трасе трэцяе месца.

У скарбонцы Крыстоферсана пасля трох этапаў максімальныя 69 ачкоў. Гронхольм, у якога 42 балы, пакуль што захоўвае другую пазіцыю, але Кэвін Хансэн, які ў Швецыі заняў чацвёртае месца, ужо блізка – у яго 38 ачкоў.

Вялікая сенсацыя ў Хольесе здарылася ў малодшай электрычнай катэгорыі RX2e. Першую ў кар’еры перамогу тут адсвяткаваў Оле-Генры Стейнсхольт. Цікава, што ў фінале ён на першым жа кругу наведаў джокер-пятлю, адкаціўшыся назад, аднак яму хапіла хуткасці, каб апярэджваць сваіх супернікаў, якія праязджалі па джокеры пазней.

На апошнім кругу Оле-Генры і Віктар Вранкс скарысталіся памылкай Нільса Андэрсана, якога развярнула ў выніку кантакту. Нарвежац жа аказаўся хоць і крыху, але хутчэйшым за бельгійца, апярэдзіўшы яго на фінішы меней чым на 0,3 секунды. Трэцяе месца заняў лідар чэмпіянату Ісаак С’ёквіст.

У катэгорыі Euro RX1 лепшым стаў Патрык О’Донаван, у якога мінулы ўік-энд быў поўным прыгод (праколы, аварыі). На першым кругу 19-гадовы брытанец на Peugeot 208 вырваў першую пазіцыю ў датчаніна Ульрыка Лінэмана на Volkswagen Polo. Затым О’Донаван упэўнена кантраляваў сітуацыю да самага фінішу, тады як Лінэман прапусціў яшчэ і шведа Робіна Ларсана на Audi S1, задаволіўшыся трэцім месцам.

Сярод удзельнікаў Euro RX3 мацнейшым на шведскім этапе аказаўся нарвежац Эспэн Ісаксэтрэ на Audi A1. Пасля не самага моцнага паўфіналу, у фінальным заедзе ён стартаваў толькі з другога шэрагу, але скарыстаўся прабуксоўкамі ў яго партнёра па камандзе Volland Racing Хоана Рыбейра і ў свайго суайчынніка на Škoda Fabia Марціна К’ера.

Эспэн і сам ледзь не вылецеў з трасы на першым жа кругу, няўдала прызямліўшыся пасля скоку на трампліне, але затым прайшоў дыстанцыю чыста, на 3,2 секунды апярэдзіўшы яшчэ аднаго свайго партнёра па камандзе, паляка Даміана Літвіновіча. Трэцім фінішаваў суайчыннік Ісаксэтрэ на Škoda Fabia Йенс Хваал.

Наступным пунктам прыпынку чэмпіянату свету па ралі-кросе стане брытанскі Лідэн-Хіл, этап на якім пройдзе 22-23 ліпеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты