Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дваццаць шостыя на старце, першыя на фінішы. Энг, Вітман і Йелалі выйгралі гонку 24 гадзіны Спа

Дваццаць шостыя на старце, першыя на фінішы. Энг, Вітман і Йелалі выйгралі гонку 24 гадзіны Спа

Дваццаць шостыя на старце, першыя на фінішы. Энг, Вітман і Йелалі выйгралі гонку 24 гадзіны Спа

Адной з галоўных падзей мінулага ўік-энду стаў сутачны марафон на трасе Спа-Франкаршам, які быў чацвёртым этапам серыі GT World Challenge Europe. Дзевяноста восьмы экіпаж Rowe Racing быццам бы і не павінен быў на ім перамагчы, але перамог.

Паўтары гады таму для сусветных лідараў і экспертаў было відавочна, што Украіна не вытрымае нападзення з боку Расіі і прайграе. Сёння для ўсіх відавочна, што Украіна пераможа. Для гэтага ёй патрэбная дапамога, і наша задача – патрабаваць гэтай дапамогі ад сусветных лідараў, якія чамусьці баяцца развалу расійскай імперыі. Вызваленне ад яе не толькі ўкраінскага, але і беларускага народа ўсё роўна прынясе больш карысці. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі прыбіраюць не так многа жыццяў, як войны, але, на жаль, часам усё ж такі прыбіраюць. Чарговая трагедыя адбылася ў мінулую суботу акурат на трасе Спа-Франкаршам, дзе ў рамках этапу серыі GT World Challenge Europe праходзіла шмат гонак падтрымкі. У адной з іх, моладзевай формульнай серыі FRECA, і загінуў юнак з Нідэрландаў Дзілана ван’т Хоф. Яго балід на рэстарце развярнула на мокрай ад дажджу трасе, пасля чаго ў яго на поўнай хуткасці ў пачатку прамой Kemmel урэзаўся Адам Фіцджэральд.

Бельгійскі аўтадром наколькі любімы ўсімі, настолькі ж і небяспечны. Дастаткова ўспомніць трагедыю ў гонцы Формулы 2 2019 года, калі загінуў таксама малады і таленавіты Антуан Юбэр. Гонкі, нават аўтамабільныя, наогул застаюцца небяспечнымі, пра што мы атрымалі чарговы напамін. Памятаць цяпер мы мусім і Дзілана ван’т Хофа.

Вядома, здарэнняў і выездаў аўтамабіля бяспекі на трасу багата было і па ходу 24-х гадзін Спа. Без трагічных выпадкаў, на шчасце абышлося, а вось напружанай барацьбы хапала, як і сенсацый. Галоўнай з іх стала, канечне, перамога Філіпа Энга, Марка Вітмана і Ніка Йелалі. Кваліфікацыю гоншчыкі дзевяноста восьмага экіпажа Rowe Racing правалілі і стартавалі толькі дваццаць шостымі. Аднак хуткасць іх BMW M4 GT3 і пісьменная стратэгія дазволілі ім за першую чвэрць гонкі прарвацца ў Топ-10, а за наступныя пару гадзін – і у Топ-3 абсалюту.

Перамога ў той момант яшчэ зусім не была гарантаваная, і тыя ж Дрыс Вантор, Шэлдан ван дэр Ліндэ і Шарль Віртс з трыццаць другога экіпажа Team WRT на такім жа BMW таксама прэтэндавалі на вышэйшую ступень подыуму. Дый пераможцы мінулагодняй гонкі з восемдзесят восьмага экіпажа Akkodis ASP Team Рафаэле Марчэла, Цімур Багуслаўскі і Жуль Гунон мелі магчымасць паўтарыць свой поспех.

Аднак Віртс бліжэй да сярэдзіны дыстанцыі патрапіў ў аварыю на прамой Kemmel, сутыкнуўшыся з дзевяцьсот дзевяноста восьмай машынай Rowe Racing. Для абодвух экіпажаў гонка на гэтым і скончылася. Ну а Марчэла, Багуслаўскі і Гунон проста страцілі ініцыятыву пасля сярэдзіны гонкі, прапусціўшы наперад у тым ліку сямнаццаты экіпаж Scherer Sport PHX.

Лука Энгштлер, Кэльвін ван дэр Ліндэ і Нікі Ціім на сваёй Audi R8 LMS GT3 EVO II таксама паспелі пабыць лідарамі ў першай палове гонкі і ў прынцыпе былі не так далёка ад лідараў – якраз Энга, Вітмана і Йелалі – на апошніх гадзінах. Але ўгнацца за будучымі пераможцамі не здолелі, а ў супрацьстаянні Цііма з Гунонам мацнейшым аказаўся франка-андорскі гоншчык. У тым ліку і дзякуючы яго намаганням восемдзесят восьмы экіпаж заняў другое месца. Энгштлер, ван дэр Ліндэ і Ціім скончылі гонку трэцімі.

Такім чынам, на подыуме была прадстаўленая ўся Вялікая тройка нямецкіх аўтавытворцаў. Напэўна, можна казаць і пра Вялікую чацвёрку, памятаючы пра Porsche, і экіпажы на 911 GT3 R таксама былі па ходу ўсіх дваццаці чатырох гадзін у цэнтры ўвагі. І не толькі з прафесійнага заліку Pro Cup, але і з аматарскага Bronze Cup.

Удзельнікі апошняга – дваццаты экіпаж Huber Motorsport у складзе Антарэса Аў, Ціма Хайнэмана, Жана Фіцье і Антоніа Кайролі нават сенсацыйна заваявалі поўл. Дый па ходу гонкі выглядалі нядрэнна, фінішаваўшы трынаццатымі ў абсалюце і першымі ў сваім заліку.

Што ж да Akkodis ASP Team, то хоць іх экіпаж і не перамог, сама каманда з 92,5 ачка засталася лідарам турнірнай табліцы GT World Challenge Europe. Rowe Racing, праўда, падцягнуліся – у іх 87 балаў. Team WRT, якія маюць 71,5 бала, засталіся на трэцяй пазіцыі. Марчэла і Багуслаўскі ў сваю чаргу захавалі лідарства ў заліку гоншчыкаў, яны маюць 90 ачкоў. Вітман, Энг і Йелалі з 76-цю ачкамі па-ранейшаму другія, Гунон, у якога 68 балаў, аднаасобна замыкае першую тройку.

Наступны этап серыі GT World Challenge Europe пройдзе ў фармаце Sprint з дзвюма гадзіннымі гонкамі ў італьянскім Мізана 15-16 ліпеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты