Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Канкурэнты далей, другі тытул бліжэй. Франчэска Баньяя стаў абсалютна лепшым на Гран Пры Аўстрыі

Канкурэнты далей, другі тытул бліжэй. Франчэска Баньяя стаў абсалютна лепшым на Гран Пры Аўстрыі

Канкурэнты далей, другі тытул бліжэй. Франчэска Баньяя стаў абсалютна лепшым на Гран Пры Аўстрыі

Фота: motogp.com

Дзейсны чэмпіён MotoGP у гэтым сезоне выступае хай сабе і не ідэальна роўна, аднак усё ж дастаткова паспяхова, каб не турбавацца пра сваё становішча ў турнірнай табліцы. А ў Шпільбергу Пэка наогул паказаў усё лепшае, на што здольны.

У мінулую суботу расійская ракета абарвала жыцці семярых жыхароў Чарнігава, у тым ліку шасцігадовай Сафіі. Гэтай трагедыі магло б не быць, калі б сусветная бюракратыя варушылася хутчэй і больш рашуча дапамагала Украіне. Звар’яцелы расійскі дыктатар разам з яго паслугачом, што апанаваў Беларусь, мусяць панесці татальную ваенную паразу і адказаць перад судом за свае злачынствы. А беларусы і ўкраінцы мусяць быць гаспадарамі на сваіх землях і жыць у міры паміж сабой. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Еўропа ж дзякуючы гераізму ўкраінцаў працягвае жыць у спакоі і праводзіць гонкі. Вось і ў мінулы ўік-энд у Аўстрыі прайшоў чарговы этап чэмпіянату MotoGP. І для гоншчыка Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяі ён стаў звышпаспяховым. Спачатку дзейсны чэмпіён выйграў кваліфікацыю, а потым і суботні спрынт і галоўную нядзельную гонку, што атрымліваецца ў яго не так і часта.

Канкурэнты італьянца, аднак, усё ж паспрабавалі навязаць яму барацьбу. Напрыклад, прадстаўнік Aprilia Racing Маверык Віньялес у кваліфікацыі саступіў Пэка ўсяго 0,037 секунды, паказаўшы другі вынік. Але спрынт іспанец праваліў ужо на самым старце, адкаціўшыся далёка назад і паўдзельнічаўшы ў вельмі небяспечным інцыдэнце ў першым павароце.

Вінаватым у ім, зрэшты, быў не Маверык. Трасу там не падзялілі яго былы напарнік па Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара і гоншчык Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, а Віньялес на сваю бяду апынуўся паміж Эль Д’ябла і прадстаўніком Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі. Апошні, як і напарнік Марціна Жоан Зарка і гоншчык CryptoDATA RNF Мігель Алівейра, якія таксама не пазбеглі замесу, упалі і сышлі з дыстанцыі.

Марцін гонку працягнуў, аднак найбольш вінаватым суддзі ўжо пасля фінішу прызналі менавіта яго, прызначыўшы яму праезд па штрафной зоне ў нядзелю. Аднак трэцяга месца, якое Хорхе заняў у спрынце, засталося пры ім, прытым што пазней па ходу суботняга заезду пасля кантакту з ім зброю склаў і другі гоншчык Mooney VR46 Racing Team Лука Марыні. Валянціна Росі, за каманду якога і выступаюць Марыні з Безэкі і які прысутнічаў у Шпільбергу, у суботу не было, чаму парадавацца.

А вось камандзе Red Bull KTM Factory Racing, для якой разам з яе тытульным спонсарам аўстрыйскі этап ёсць хатнім, было. Брэд Біндэр, які стартаваў трэцім, на першых кругах даволі актыўна ціснуў на Баньяю. Яго напарнік (і былы напарнік Пэка) Джэк Мілер даволі доўга трымаўся паблізу, але на шостым кругу памыліўся, прапусціўшы наперад Марціна з Марыні, а пазней прапусціў яшчэ і канкурэнта з Gresini Racing Алекса Маркеса, фінішаваўшы пятым.

Біндэр жа сваю другую пазіцыю захаваў, але пакрысе адпусціў Баньяю на дзве секунды, так і не навязаўшы яму сапраўднай барацьбы. Затое паўднёваафрыканец паўтарыў свой поспех у нядзелю, у адрозненні, ад, ізноў жа, Мілера, які таксама пачаў нядрэнна, але затым паступова адкаціўся на пятнаццатае месца. Віньялес, які напярэдадні фінішаваў восьмым, у нядзелю стартаваў таксама лепей, але фінішаваў толькі шостым і ў барацьбу за перамогу не ўмяшаўся.

Барацьба тая, зрэшты, працягвалася толькі прыкладна першую траціну дыстанцыі, калі Біндэр яшчэ трымаўся ў межах секунды ад Баньяі. Пасля Брэд стаў пакрысе адпускаць лідара чэмпіянату ўсё далей, і гонку скончыў болей чым на пяць секунд пазней за яго. Тым не менш усе ў завадскім калектыве KTM былі ўсцешаныя яго вынікам, як і Валянціна Росі вынікамі сваёй каманды – Марка Безэкі падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а Лука Марыні фінішаваў чацвёртым.

Баньяя, вядома, замацаваў сваю перавагу перад пераследнікамі ў чэмпіянаце – Пэка мае цяпер 251 ачко, што на шэсцьдзесят два болей, чым у Марціна, які захаваў другую пазіцыю, фінішаваўшы сёмым у нядзелю. Захаваў, магчыма, ненадоўга – Безэкі, які застаецца трэцім, саступае яму ўсяго шэсць балаў. Сярод каманд лідарам пакуль што з 314-цю ачкамі з’яўляецца Prima Pramac Racing, Mooney VR46 Racing Team на другой пазіцыі і адстае на адзінаццаць ачкоў. Калектыў Ducati Lenovo Team замыкае першую тройку, у яго 285 балаў.

Сезон MotoGP працягнецца ў першыя восеньскія выхадныя ў Барселоне, дзе пройдзе Гран Пры Каталоніі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты