Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чырвоныя сцягі і першы дубль Aprilia. Гран Пры Каталоніі крыху выбіўся са стандартаў бягучага сезона MotoGP

Чырвоныя сцягі і першы дубль Aprilia. Гран Пры Каталоніі крыху выбіўся са стандартаў бягучага сезона MotoGP

Чырвоныя сцягі і першы дубль Aprilia. Гран Пры Каталоніі крыху выбіўся са стандартаў бягучага сезона MotoGP

Фота: motogp.com

Нядзельную гонку адзінаццатага этапу чэмпіянату свету прыйшлося спыняць ужо на першым кругу праз адразу дзве сур’ёзныя аварыі, якія вывелі з ладу абодвух гоншчыкаў завадской каманды Ducati Lenovo Team. Таму напарнікі па Aprilia Racing спаборнічалі ў асноўным адзін з адным, і мацнейшым сярод не толькі іх, а наогул усіх стаў Алейш Эспаргара.

Сярод армій усяго свету лепшай на сёння ёсць украінская, байцы якой штодзённа ахвяруюць сваімі жыццямі за свабоду сваёй зямлі. Нерашучасць і баязлівасць сусветных палітыкаў падоўжвае шлях нашых суседзяў да перамогі, якая будзе ўсё роўна. Ад расійска-фашысцкіх захопнікаў абавязкова вызваляцца не толькі ўкраінцы, але і беларусы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Цёплых слоў за дапамогу Украіне заслугоўвае і Іспанія, якая з’яўляецца яшчэ і адным з лідараў гоначнага свету, асабліва мотагоначнага. Іспанскіх што гоншчыкаў, што этапаў у сусветных чэмпіянатах багата, і той жа MotoGP ў мінулыя выхадныя завітаў у гэтую краіну ўжо ў другі раз (і гэта без уліку тэстаў). І бліснулі ў Барселоне, на радасць заўзятарам на трыбунах, якраз іспанцы.

Завадскі гоншчык Апрыліі Алейш Эспаргара зрабіў гэта нават двойчы. Спачатку ён выйграў суботні спрынт, у якім перамагчы наважваўся і дзейсны чэмпіён з Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяя. Пэка пяршынстваваў у кваліфікацыі і добра стартаваў у кароткім заездзе, захаваўшы лідарства. Яго галоўным пераследнікам на некаторы час стаў яшчэ адзін любімец мясцовых балельшчыкаў з Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, аднак ні Эспаргара, ні яго напарнік Маверык Віньялес статыстамі быць таксама не збіраліся.

Свайго суайчынніка абодва прайшлі вельмі хутка, прычым першым гэта зрабіў якраз Віньялес, які, праўда, хутка саступіў другую пазіцыю Алейшу. Толькі ў яго атрымлівалася ісці ў адным тэмпе з Баньяяй, і неўзабаве яны пачалі адрывацца ад астатняга пелатона, адначасова вядучы і дуэль паміж сабой. Абгон за першую пазіцыю Эспаргара здзейсніў за шэсць кругоў да фінішу, за якія ад’ехаў ад італьянца амаль на дзве секунды. Магчыма, паспрыяла надовр’е – ішоў нават невялічкі дожджык, а каманды трымалі ў боксах напагатове матацыклы з дажджавымі гумай і наладамі, якія, зрэшты, не спатрэбіліся.

Другую пазіцыю Баньяя ўтрымаў, хаця Віньялес, які ў спрынце замкнуў першую тройку, паспеў наблізіцца да яго амаль ушчыльную. Франчэска напэўна рыхтаваўся адыграцца ў нядзелю, але галоўная гонка ўік-энду скончылася для яго, толькі пачаўшыся. Вельмі непрыемны хайсайд у першым павароце, пасля якога гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр, які рухаўся ззаду, праехаўся па назе Пэка, мог скончыцца пераломам і пропускам этапу або этапаў, што моцна пахіснула б яго шанцы абараніць тытул.

Як ні дзіўна, аднак, сур’ёзных траўм Баньяя пазбег, адрабіўшыся толькі множнымі ўдарамі. Трэба думаць, што яго мы ў бліжэйшы ўік-энд на наступным этапе ў Мізана пабачым, а вось яго напарніка і суайчынніка Энеа Басціаніні – не, і не толькі там, а яшчэ і ў Індыі і Японіі. Гэта ён стаў першым буйным ньюсмэйкерам нядзельнай гонкі, не пераадолеўшы ў ёй і першага павароту. Энеа памыліўся і ўпаў, прыхапіўшы з сабою яшчэ і гоншчыка Pramac Жоана Зарка, што прывяло да ланцуговай рэакцыі.

У гравіі ў першым павароце акрамя іспанца з французам апынуліся таксама прадстаўнік Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі і абодва гоншчыкі Gresini Racing – Алекс Маркес і Фабіа дзі Джанантоніа. Ну і Баньяя праз імгненні пасля гэтага патрапіў у сваю непрыемнасць, таму ў суддзяў не было іншага выйсця, як спыняць гонку чырвонымі сцягамі.

На рэстарт, што таксама дзіўна, не выйшлі пры гэтым толькі напарнікі па завадской Ducati, якія абодва былі дастаўленыя ў медычны цэнтр, а таксама брат Алейша Эспаргара Пол, які выступае за GASGAS Factory Racing Tech3 і якога гэтым разам падвяла тэхніка. Што ж да двух італьянцаў, то калі падзенне Баньяі, якое выглядала больш жудасна, не мела сур’ёзных наступстваў, то Басціаніні атрымаў пераломы левых лодыжцы і рукі. Учора ён перанёс дзве аперацыі і цяпер у другі раз за гэты сезон сышоў на бальнічны.

Аднавілася гонка больш спакойна. Марцін зноў вырваўся быў на першую пазіцыю, але Віньялес і тут хутка яго абагнаў, захапіўшы лідарства. Нядоўга Хорхе стрымліваў і Эспрагара, дый Мігель Алівейра, які выступае за каманду-сатэліт Апрыліі CryptoDATA RNF хутка ўварваўся ў першую тройку, што ўжо было гістарычным момантам для вытворцы з Ноале. Партугальца Марцін, аднак, пазней усё ж такі абышоў, заняўшы трэцяе месца. Чацвёртым, дарэчы, фінішаваў яго напарнік Зарка, якога інцыдэнт на першым старце выбіў з сядла фізічна, але не маральна.

Эспрагара ж паступова набліжаўся да Віньялеса і ціснуў на яго. Выйграць хатні Гран Пры хацелася абодвум, таму Топ Ган трымаўся доўга, і толькі за чатыры кругі да фінішу Алейш здолеў абагнаць яго ў першым павароце. Яму і дасталася перамога, а Маверык забяспечыў камандзе першы ў яе гісторыі дубль.

Прагрэс Апрыліі, канечне, уражвае, але сярод каманд яна толькі пятая. Першая па-ранейшаму Prima Pramac Racing, у якой 351 бал, Mooney VR46 Racing Team з 314-цю ачкамі на другой пазіцыі, а Ducati Lenovo Team, нягледзячы на катастрофу ў Барселоне, застаецца на трэцяй, маючы 295 ачкоў. Запасу, які Баньяя стварыў на папярэдніх этапах, яму з запасам хапіла, каб застацца лідарам чэмпіянату ў асабістым заліку, дзе ён мае 260 балаў. Марцін саступае яму роўна пяцьдзесят і застаецца другім, Безэкі са 189-цю ачкамі захоўвае трэцюю пазіцыю.

Сезон MotoGP, як было адзначана вышэй, працягнецца ўжо ў бліжэйшыя выхадныя ў італьянскім Мізана на трасе імя Марка Сіманчэлі, якая прыме Гран Пры Сан-Марына.

Іншыя пасты блога

Усе пасты