Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Палавінныя поспехі. У дзвюх гонках этапу GT World Challenge Europe у Хакенхайме былі розныя пераможцы

Палавінныя поспехі. У дзвюх гонках этапу GT World Challenge Europe у Хакенхайме былі розныя пераможцы

Палавінныя поспехі. У дзвюх гонках этапу GT World Challenge Europe у Хакенхайме былі розныя пераможцы

Нямецкая траса быццам бы і прасторная, але не ўсім удзельнікам этапу серыі GT World Challenge Europe хапіла на ёй месца ў мінулы ўік-энд. Сярод тых, каму не хапіла, быў і восемдзесят восьмы экіпаж каманды Akkodis ASP лідараў турнірнай табліцы, хаця і ў іх канкурэнтаў не ўсё прайшло гладка.

Ніхто не ведае адказу на пытанне, як аднаму чалавеку можа не хапіць сямнаццаці мільёнаў квадратных кіламетраў, і таму ён ідзе захопліваць суседнюю краіну. Менавіта так паўтары гады таму зрабіў звар’яцелы расійскі дыктатар, напаўшы на Украіну. Спыніць яго ёсць першачарговай задачай для цывілізаванага свету, тым больш што гэта дапаможа вызваліцца і беларусам, якія таксама патрэбныя свету вольнымі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

За вар’яцтва дыктатара вымушаныя адплачваць сваёй рэпутацыяй расійскія спартсмэны, у тым ліку гоншчыкі (часам, зрэшты, даволі справядліва). Ну і без спартыўных няўдач нікуды, і менавіта такую ў мінулую суботу перажыў у Хакенхайме Цімур Багуслаўскі. Па-першае, яны з Рафаэле Марэчла правалілі кваліфікацыю перад першай гонкай этапу GT World Challenge Europe, праз што стартавалі толькі дваццаць восьмымі, з чаго, уласна, і вынікае «па-другое».

Сорак адзін экіпаж на трасе – гэта не жарты, таму здарэнняў на першых кругах заезду хапала. Не пазбег кантакту з адным з супернікаў і Багуслаўскі, праз што склаў зброю ўжо на чацвёртым кругу – іх з Марчэла Mercedes-AMG GT3 Evo атрымаў занадта сур’ёзныя пашкоджанні. Хаця, зразумела, на перамогу расійска-швейцарскі дуэт усё роўна не прэтэндаваў.

А вось Джордан Пэпер і Франк Перэра з шасцідзясятага экіпажа каманды VSR – прэтэндавалі. Ім і належаў поўл, і першую палову гонкі Пэпер даволі ўпэўнена кантраляваў. Яго напарніку, які апынуўся за стырном Lamborghini Huracan GT3 Evo 2 пасля піт-стопу, было складаней, але як мінімум на подыум шанцы захоўваў і ён. На жаль, крыўдны пракол меней чым за восем хвілін да сканчэння часу адкінуў шасцідзясяты экіпаж далёка назад.

Перамога ў выніку дасталася саракавому экіпаж Tresor Orange 1 на Audi R8 LMS GT3 Evo II. Рыкарда Фелер і Маціа Друдзі стартавалі другімі, а гонку узначалілі яшчэ незадоўга да абавязковага піт-стопа, калі Фелер абагнаў шасцідзясяты Lamborghini. Ну а Друдзі, нягледзячы на не самы хуткі піт-стоп, вярнуўся на трасу лідарам, каб потым лідарам жа і фінішаваць. Другімі адмашку клецістым сцягам атрымалі Фрэдэрык Вервіш і Нікалас Баэрт, таксама на Audi, але дванаццатага экіпажа ComToYou Racing, якія стартавалі трэцімі.

За ніжнюю ступень подыуму бойка ішла болей напружаная, і вырашылася ўсё літаральна перад самым фінішам у апошнім павароце. Цьеры Вермюлен, які з Альбертам Костай выступае на шэсцьдзесят дзявятай Ferrari 296 GT3 каманды Emil Frey Racing, абагнаў Дрыса Вантора на BMW M4 GT3, якому з яго напарнікам па трыццаць другім экіпажы Team WRT Шарлем Віртсам прыйшлося задаволіцца чацвёртым месцам.

Пераможцы ж суботняй гонкі стартавалі першымі ў нядзельнай, але паўтарыць у ёй поспех не здолелі. Па-першае, восемдзесят восьмы экіпаж Akkodis ASP гэтым разам кваліфікаваўся трэцім, і Марчэла ўжо на старце абышоў дваццаць пятую Audi каманды Sainteloc Junior Team, на якой выступаюць Эрван Бастард і Патрык Нідэрхаўзэр.

А на рэстарце пасля перыяду аўтамабіля бяспекі (на першым кругу трасу не падзялілі адразу некалькі ўдзельнікаў гонкі) Рафаэле апярэдзіў і Друдзі. Ні сам Марчэла, ні потым Багуслаўскі памылак не дапусцілі і заслужана перамаглі. А вось Друдзі з Фелерам адхапілі штраф у пяць секунд за фальстарт, і ў фінішным пратаколе апынуліся толькі чацвёртымі.

Другімі ж фінішавалі ізноў прадстаўнікі ComToYou Racing, але ўжо Лукас Легерэ і Крыстафер Хаасэ з адзінаццатага экіпажа. Яны стартавалі толькі шостымі, аднак дзякуючы піт-стоп у правільны момант дапамог ім адыграць адразу некалькі пазіцый. Легерэ, які праводзіў другую палову гонкі, бачыў у люстэрках сваёй машыны канкурэнтаву дваццаць пятую з Бастардам за стырном, але не падпусціў яе на адлегласць для рэальнай атакі.

Галоўнае ў турнірнай табліцы серыі GT World Challenge Europe пасля этапу ў Хакенхайме засталося нязменным – лідары яшчэ болей адарваліся ад пераследнікаў. Akkodis ASP ў камандным заліку маюць 164 ачкі, на сорак апярэджваючы Team WRT, якія застаюцца другімі. На трэцюю пазіцыю выбраліся Tresor Attempto Racing, у якіх 111,5 ачка.

Адпаведна, і ў заліку гоншчыкаў Марчэла з Багуслаўскім пачуваюцца добра – маюць 157,5 бала супраць 101-го ў Друдзі і Фелера, якія падняліся на другую пазіцыю. Замыкае першую тройку партнёр швейцарца і расіяніна на этапах фармату Endurance Жуль Гунон, у якога 94 ачкі.

Наступны ж этап GT World Challenge Europe пройдзе зноў у фармаце Sprint. 16-17 верасня яго будзе прымаць іспанская Валенсія.

Іншыя пасты блога

Усе пасты