Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: першы этап, першыя здабыткі і першыя страты

Дакар-2024: першы этап, першыя здабыткі і першыя страты

7 студзеня, 09:55
Дакар-2024: першы этап, першыя здабыткі і першыя страты

Фота: A.S.O.

Як я і абяцаў перад Новым Годам, «Гоначная псіхапатыя» аднаўляе сваю дзейнасць! Тым больш што і нагода вельмі пасуе – у Саудаўскай Аравіі якраз у гэты ўік-энд пчалося сорак шостае ралі «Дакар».

Ужо пяты год запар самы знакаміты і складаны ралі-марафон праходзіць на Аравійскай паўвыспе. Меней складаным ён пасля чарговай змены прапісцы не стаў дакладна, што вам пацвердзіць любы, хто ўдзельнічае ў ім цяпер або ўдзельнічаў раней. Як не стаў і меней жорсткім і бязлітасным, праявы чаго мы і пабачылі ўчора, калі гоншчыкі штурмавалі пераважна высакагор’е і падымаліся на вышыню да 1 775 метраў над узроўнем мора.

Матацыклістам, якія падаюць, і так не пазайздросціш. А іспанскаму гоншчыку завадскога калектыву Monster Energy Honda Team Тошы Шарэйне падаць у суботу, напэўна, было яшчэ і крыўдней за ўсіх. Напярэдадні ён выйграў кароткі 27-кіламетровы пралог у наваколлях Аль-Улы, адкуль на наступны дзень разам з усімі адправіўся ў 541-кіламетровы шлях у Аль-Хінакію.

Працягласць спецучастка склала пры гэтым 414 кіламетраў, але Шарэйна дабраўся толькі да двухсотсаракавога, на якім упаў і зламаў руку. Неяк суцешыцца іспанец можа хіба што тым, што непрыемнасці здарыліся не толькі з ім. Так, напрыклад, партугалец Хоакім Радрыгеш з Hero MotoSports Team Rally, не даехаў і да восемдзесят трэцяга кіламетру баявой дыстанцыі, упаўшы і склаўшы зброю на восемдзесят другім.

Шарэйна ж мімаволі пакінуў без перамогі на этапе пілота авіалайнера з Батсваны Роса Бранча. Той спыніўся дапамагчы яму пасля яго падзення, на чым згубіў 25 хвілін. У выніку фінішаваў Бранч толькі з шаснаццатым часам, на 16 хвілін 10 секунд адстаўшы ад іншага завадчаніна Хонды Рыкі Брабэка, які спачатку і атрымаў быў перамогу. Аднак хутка суддзі вярнулі Росу яго 25 хвілін, што вывела яго на першую пазіцыю і па выніках этапу, і ў абсалюце.

Час Бранча на спецчастку склаў 4 гадзіны 56 хвілін 1 секунду, Брабэка, які перамясціўся на другую пазіцыю, ён пры гэтым апярэдзіў на 10 хвілін 54 секунды. Трэцім стаў яшчэ адзін амерыканец Мэйсан Клэйн, які выступае на матацыкле маладога кітайскага брэнду Kove. На першым этапе ён саступіў Бранчу 11 хвілін 19 секунд, а ў генеральнай класіфікацыі, займаючы тую ж трэцюю пазіцыю, адстае ад яго на 11 хвілін 58 секунд. Ад Брабэка, які ідзе другім, яго пры гэтым аддзяляе ўсяго чатыры секунды.

Мінулагодня ралі практычны ў адні вароты ў катэгорыі квадрацыклаў выйграў француз Александр Жыру. Але першы этап гонкі гэтага года прынес яму цяжкасці – яго Yamaha Raptor 700 (такія ж, дарэчы, у васьмі яго супернікаў з дзевяці астатніх), адпрацаваў без праблем, а вось яго роўдбук зламаўся, праз што гоншчык заблукаў і згубіў болей за паўгадзіны. Як вынік – толькі пяты час на фінішы этапу і пятая ж пазіцыя ў генеральнай класіфікацыі.

Ад бразільца Марчэла Медэйраса, які і выйграў першы этап, захапіўшы лідарства ў абсалюце, Жыру адстае на 14 хвілін 20 секунд, а на спецучастку саступіў яму 16 хвілін 43 секунды. Медэйрас жа баявыя кіламетры праехаў за 6 гадзін 16 хвілін 25 секунд, на 2 хвіліны 40 секунд апярэдзіўшы чэха Юрая Варгу, які заняў другое месца. Трэці вынік паказаў аргенцінец Мануэль Андухар, ён адстаў ад Марчэла на 11 хвілін 27 секунд, а ў абсалюце саступае яму 8 хвілін 13 секунд, знаходзячыся на той жа трэцяй пазіцыі. Варга другі ў 2 хвілінах 36 секундах ад Медэйраса, чый час складае 6 гадзін 41 хвіліну 34 секунды.

Адной з найгалоўных навін мінулага сезону ралі-рэйдаў стала рашэнне пяціразовага і мінулагодняга пераможцы «Дакара» Насэра Аль-Аціі пакінуць завадскі калектыў Toyota Gazoo Racing. Гоншчык з Катара перасеў на поўнапрывадны прататып Prodrive Hunter, на якім працягвае выступаць і дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб. І адразу сутыкнуўся з непрыемнасцямі ў выглядзе двух праколаў, якія каштавалі яму 25 хвілін. Цікава, што не пазбег пракола і Лёб, але ў яго страты былі крыху менш – 23 хвіліны.

У выніку эльзасец дабраўся да фінішу дзевятнаццатым, а катарац – дваццаць другім. Пераможцу этапу і лідару абсалютнага заліку Гіёму дэ Мэвіусу яны саступілі, адпаведна, 22 хвіліны 47 секунд і 24 хвіліны 47 секунд. У генеральнай класіфікацыі яны займаюць такія ж пазіцыі і на столькі ж адстаюць ад дэ Мэвіуса. Вось хто, дарэчы, стаў сенсацыяй стартавага этапу «Дакара-2024».

У мінулым годзе малады бельгіец выступаў у катэгорыі T3 – так званых лёгкіх прататыпаў на базе мотаўсюдыходаў SSV. А цяпер перасеў на пікап Toyota HiLux каманды Overdrive Racing – тэхніку катэгорыі T1, якая з гэтага года таксама вядомая як Ultimate. І адразу хутчэй за ўсіх – за 4 гадзіны 35 хвілін 59 секунд – пераадолеў першы паўнавартасны спецучастак марафону.

Бліснуў на ім, саступіўшы дэ Мэвіусу толькі 1 хвіліну 44 секунды, і Карлас Сайнс-старэйшы, для якога мінулагодні «Дакар» скончыўся ўжо на дзявятым этапе аварыяй. Цяпер жа Эль Матадор, які працягвае выступаць на завадскім прататыпе Audi RS Q e-tron з паслядоўнай гібрыднай сілавой устаноўкай (РУЗ тут толькі круціць генератар, а калёсы – электраматоры), адразу захапіў другую пазіцыю, а трэцім пакуль што ідзе ветэран з Паўднёвай Афрыкі Жыньель дэ Вільерс, які выступае за завадскі калектыў Таёты. Ад дэ Мэвіуса што па выніках першага этапу, што ў абсалюце ён адстае на 9 хвілін 18 секунд.

Згаданыя вышэй мотаўсюдыходы паходзяць ад квадрацыклаў, якія ў сваю чаргу бліжэй да матацыклаў. Аднак маюць аўтамабільную кампаноўку і органы кіравання, таму арганізатары «Дакара» аднеслі іх да аўтамабіляў, і фармальна іх экіпажы змагаюцца за абаслют у катэгорыі Ultimate. Хаця, канечне, найперш гоншчыкі, якія выступаюць на іх, спаборнічаюць адзін з адным у межах сваіх асобных катэгорый T3 і T4, якія адрозніваюцца ступенню дапрацоўкі машын.

T3 падрыхтаваныя больш сур’ёзна, а таму і хутчэйшыя за T4. З гэтага году іх катэгорыя вядомая як Challenger, і тут па выніках першага этапу склалася цікавая сітуацыя. На першых трох радках фінішнага пратаколу спецучастка і генеральнай класіфікацыі – прозвішча Гочал. Топ-3 акупіравалі прадстаўнікі каманды Energylandia Rally Team, браты Міхал і Марэк і 19-гадовы пляменнік першага і сын другога Эрык.

Апошні ў мінулым годзе перамог у катэгорыі серыйных SSV, а цяпер выйграў і першы этап ужо ў T3, пераадолеўшы баявую дыстанцыю за 5 гадзін 14 хвілін 18 секунд. Міхала ён апярэдзіў на 19 секунд, а Марэка – на 7 хвілін 38 секунд. Такія ж інтэрвалы паміж імі і ў абсалюце, дзе ў Эрыка значыцца той жа час, што і па выніках першага спецучастка. Лепшы з астатніх – мінулагодні пераможца ў гэтай катэгорыі Осцін Джонс. Амерыканец, які выступае за Can-Am Factory Team, ідзе чацвёртым, адстаючы ад самага малодшага з Гочалаў на 10 хвілін 24 секунды.

У катэгорыі ж серыйных (умоўна) SSV лепшым на першым этапе стаў дэбютант з Бразіліі Радрыга Варэла, сын пераможца 2018 года Рэйнальда Варэлы. Ён справіўся са спецучасткам за 5 гадзін 33 хвіліны 37 секунд і з такім жа часам лідзіруе ў генеральнай класіфікацыі. На 12 хвілін 17 секунд ад яго адстае іспанец Жэрар Фарэс Гуэль, які займае другую пазіцыю. Яго партнёр, а, дакладней, партнёрка па камандзе South Racing Can-Am Сара Прайс замыкае першую тройку, на 17 хвілін 54 секунды адстаючы ад Варэлы.

«Дакар» не выйграецца на старце, але перамога на першым этапе ўсё роўна каштоўная, і ў катэгорыі грузавікоў, якая ўжо другі год запар абыходзіцца без КамАЗа, яна дасталася мінулагодняму пераможцу Янусу ван Кастэрэну на IVECO. Па выніках учарашняга спецучастка нідэрландзец лідзіруе з часам 4 гадзіны 55 хвілін 25 секунд, на 7 хвілін 3 секунды апярэдваючы свайго суайчынніка на Renault Герта Хузінка, які займае другую пазіцыю. Чэх Яраслаў Вальтр на Татры ідзе трэцім, саступаючы ван Кастэрэну 11 хвілін 32 секунды.

Варта таксама адзначыць, што для грузавікоў баявая дыстанцыя на першым этапе склала толькі 281 кіламетр праз гадзінную затрымку на старце, якая была абумоўленая дарожным інцыдэнтам паблізу ад кропкі старту. Сёння ж ўдзельнікі «Дакара» перабіраюцца з Аль-Хінакіі ў Аль-Дувадзімі, пераадольваючы агулам 655 кіламетраў. Абсалютна новы 463-кіламетровы спецучастак утрымлівае і горы, і каля трыццаці кіламетраў дзюн у самым сваім пачатку. Навігацыя, як і заўсёды, абяцае быць якой заўгодна, толькі не лёгкай.

Сачыць жа за падзеямі «Дакара» і іншых гонак цяпер можна і праз Тэлеграм-канал, які з’явіўся ў «Гоначнай псіхапатыі»! Называецца ён так жа, але пішацца традыцыйнай беларускай лацінкай – Honačnaja psichapatyja. Ну і пра нашых сяброў і партнёраў з Формулы перамогі не забываемся, бо ў Формуле 1 першыя якраз яны.

Спорт – выключна мірная справа, і «Гоначная псіхапатыя» як спартыўны блог стаіць за мір і не сябруе з тымі, хто за вайну, а тым больш з тымі, хто войны распачынае і вядзе, як звар’яцелы расійскі дыктатар. Ён ужо амаль два гады катуе Украіну, і ў суботу ізноў забіў яе мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, на Данеччыне.

Я заклікаю ўсіх дапамагаць Узброеным сілам Украіны, у тым ліку беларусам, якія б’юцца за свабоду нашых суседзяў і за нашу свабоду і клянуся сам ім дапамагаць, але зараз, асабліва з улікам маёй вымушанай эміграцыі, пра што я расказваў нядаўна, падтрымка не перашкодзіць і мне самому. Але нягледзячы ні на што – Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты