Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: змены па выніках не толькі сёмага этапу

Дакар-2024: змены па выніках не толькі сёмага этапу

15 студзеня, 11:15
Дакар-2024: змены па выніках не толькі сёмага этапу

У некаторых катэгорыях «Дакара» інтрыгі стала меней ужо пасля двухдзённага марафонскага шостага этапу. І сёмы, які прайшоў у нядзелю пасля суботняга перапынку, на гэтым фоне выдзяляецца хутчэй у лепшы бок, а на становішча ў турнірных табліцах паўплываў не толькі спаборніцкі працэс, але і судзейскія рашэнні.

Але ў асноўным, на шчасце, лёс перамог ва ўсіх катэгорыях вырашаецца менавіта на спецучастках. Учарашні 483-кіламетровы паміж Рыядам і Аль-Дувадзімі (агульны шлях паміж двума гарадамі склаў 873 кіламетры) уключаў у сябе і звілісты каньён, і дзюны. Сярод матацыклістаў лепш за ўсіх – за 5 гадзін 18 хвілін 33 секунды – з гэтымі цяжкасцямі справіўся Хасэ Ігнасіа Карнэха.

Пры гэтым завадскі гоншчык Хонды зусім не намінальна ўдзельнічае ў барацьбе за галоўны трафей. У генеральнай класіфікацыі Начо падняўся на трэцюю пазіцыю, а свайму партнёру па камандзе Рыкі Брабэку, які лідзіруе з часам 32 гадзіны 37 хвілін 20 секунд, чыліец саступае 6 хвілін 48 секунд. Хаця галоўная кропка напружання, канечне, паміж тым жа Брабэкам і яго канкурэнтам з Hero Росам Бранчам.

Учора амерыканец і батсванец фінішавалі з пятым і чацвёртым вынікамі адпаведна, шэсць з паловай і сем з паловай хвілін саступіўшы Карнэха. І Росу гэтай хвіліны з малым перавагі над Рыкі хапіла, каб у агульным заліку скараціць адставанне ад яго да мікраскапічнай адной секунды! Хочацца толькі пажадаць кожнаму з іх шанцавання і змагання да апошняга баявога кіламетра на гэтым марафоне.

Следам за Карнэха ўчора фінішавалі браты Бенавідэсы. Лусіана, які выступае за Хускварну, заняў другое месца, а Кэвін, які прадстаўляе KTM, замкнуў першую тройку, іх адставанні склалі 3 хвіліны 12 секунд і 3 хвіліны 32 секунды адпаведна (Кэвін пры гэтым, праўда, атрымаў штраф у тры хвіліны за перавышэнне хуткасці на дарожнай секцыі). Аднак вось яны ад групы лідараў ужо далекавата – Кэвін на пятай пазіцыі больш чым у дваццаці чатырох з паловай хвілінах ад Брабэка, а Лусіана наогул восьмы і прайграе амерыканцу болей за сорак тры хвіліны.

Напружанне паміж двума лідарамі катэгорыі квадрацыклаў нарастае павольна. Але нарастае, і на сёмым этапе яго пераможца Александр Жыру, які справіўся са спецучасткам за 6 гадзін 51 хвіліна 26 секунд, яшчэ 13 хвілін 50 секунд адыграў у Мануэля Андухара, які па-ранейшаму займае першую пазіцыю з агульным часам 40 гадзін 48 хвілін. Француза ён пры гэтым апярэджвае на 6 хвілін 20 секунд. Але, дзеля справядлівасці, Жыру ўчора дапамог 15-хвілінны штраф, накладзены на Андухара.

А вось Марчэла Медэйрас з гонкі выбыў пасля аварыі, у якой пашкодзіў грудную клетку. У пратаколе бразілец адкаціўся на перадапошнюю сёмую пазіцыю. Ад Андухара ён адстае амаль на сорак дзве з паловай гадзіны, маючы штраф ў 35 гадзін 45 хвілін 10 секунд, але значэння гэта, відаць, ужо не мае. Наогул, Андухар і Жыру засталіся ўдваіх, бо і Юрай Варга, які дзякуючы непрыемнасцям Медэйраса выбраўся на трэцюю пазіцыю, адстае ад аргенцінца на 2 гадзіны 27 хвілін 46 секунд. Трэці ж вынік славак паказаў і ў нядзелю, саступіўшы Жыру 29 хвілін 16 секунд.

Фактычна дуэль цяпер вядзецца і за перамогу ў класе Ultimate. Язід Аль-Раджы сышоў з дыстанцыі яшчэ ў чацвер, разбіўшы сваю Таёту HiLux, Насэр Аль-Ація ў пятніцу зламаў стырнавое кіраванне свайго Prodrive Hunter, няўдала скокнуўшы з дзюны. Гоншчык з Катара, праўда, ралі працягнуў і на сёмым этапе нават замкнуў першую тройку, саступіўшы пераможцу 9 хвілін 47 секунд. Хаця ў абсалюце ён усё роўна толькі адізнаццаты, болей чым у дзвюх з паловай гадзінах да лідара.

Так, дык а хто ж гэтыя пераможца і лідар? Першым стаў учора Себасцьен Лёб, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 56 хвілін 39 секунд. Француз на 7 хвілін 6 секунд апярэдзіў канкурэнта з завадской каманды Toyota Лукаса Мараэса, які нават падняўся ў першую тройку генеральнай класіфікацыі. Яе лідару – Карласу Сайнсу-старэйшаму – бразілец, праўда, прайграе ўжо 1 гадзіну 35 секунд. А вось Лёб скраціў адставанне ад Эль Матадора, чый час складае 30 гадзін 6 хвілін 42 секунды, да дзевятнаццаці хвілін. Двухразовы чэмпіён свету па ралі з Audi ў нядзелю фінішаваў з чацвёртым вынікам, прайграўшы дзевяціразоваму дзесяць з паловай хвілін.

Ну а ў катэгорыі Challenger інтрыга ўзрадзілася якраз дзякуючы суддзям. У дзень адпачынку была праведзеная тэхнічная праверка, якая выявіла наяўнасць на Taurus T3 Max двух экіпажаў каманды Energylandia Rally Team карбонавага счаплення, забароненага рэгламентам. У выніку абодва гэтыя экіпажы былі дыскваліфікаваныя, а іх вынікі на папярэдніх этапах – ануляваныя. І гэта былі экіпажы Міхала Гочала і Эрыка Гочала, які да гэтага і лідзіраваў у агульным заліку катэгорыі.

Наўрад ці хуткасць 19-гадовага паляка тлумачылася толькі адным незаконным счапленнем, хаця пэўную перавагу яно, безумоўна, давала (як адзначылі самі арганізатары гонкі, у асноўным не ў хуткасці, а ў надзейнасці). Таму рашэнне суддзяў хоць і жорсткае, але, калі шчыра, справядлівае. Хіба што Эрыка шкада, бо ён хутчэй за ўсё пра хітрыкі сваёй каманды і не ведаў, а толькі рабіў усё ад яго залежнае на спецучастках. І рабіў выдатна, наколькі б яго машына ні парушала тэхнічныя правілы.

Так што цяпер галоўным прэтэндэнтам на перамогу стаў Мітчэл Гатры, які пасля дыскваліфікацыі Эрыка стаў лідарам. Агульны час амерыканца складае 33 гадзіны 29 хвілін 29 секунд, а яго галоўная пераследніца Крысціна Гуцьерэс адстае ад яго на 33 хаіліны 36 секунд. Учора іспанка фінішавала чацвёртай, амаль дзевяць з паловай хвілін прайграўшы Гатры, які перамог з вынікам 5 гадзін 35 хвілін 9 секунд.

Франсіска Лопес у абсалюце трэці, аднак адстае ад Мітчэла ўжо на 40 хвілін 16 секунд. На сёмым этапе Чалека замкнуў першую пяцёрку, прайграўшы амерыканцу болей за пятнаццаць з паловай хвілін. Зрэшты, літовец Рокас Бацюшка, які заняў учора другое месца, 5 хвілін 38 секунд саступіўшы Гатры, у агульным заліку, дзе ён замыкае першую пяцёрку, адстаў ад Мітчэла ўжо амаль на паўтары гадзіны. А Салех Альсаіф, які ў нядзелю паказаў трэці час, 8 хвілін 38 секунд прайграўшы амерыканцу, у абсалюце ўжо болей чым у трох з паловай гадзінах ад амерыканца, на сёмай пазіцыі.

У катэгорыі серыйных SSV ў групе лідараў на гэтым фоне нават цесна, і першая пазіцыя ледзь не пасля кожнага этапу мяняе свайго ўладальніка. На сёмым гэтым уладальнікам стаў Ксав’е дэ Сультрэ, чый агульны час складае 35 гадзін 51 хвіліну 8 секунд. Пры гэтым француз заняў другое месца, хаця і ўсяго 35 секунд саступіў пераможцу Хоану Ферэйры, які справіўся са спецучасткам за 5 гадзін 49 хвілін 37 секунд. Пры гэтым у генеральнай класіфікацыі партугалец ад дэ Сультрэ, займаючы чацвёртую пазіцыю, адстае толькі на адзінаццаць з паловай хвілін.

Амерыканка Сара Прайс, якая ўчора заняла чацвёртае месца, без малога адзінаццаць хвілін саступіўшы Ферэйры, да дэ Сультрэ ў абсалюце, дзе яна трэцяя, бліжэй – у 7 хвілінах 38 секундах. А ад былога лідара Ясіра Сійдана, які апусціўся на другую пазіцыю, яе аддзяляе наогул усяго восем секунд.

Саудавец у нядзелю скончыў этап з сёмым часам, саступіўшы пераможцу трынаццаць з паловай хвілін. Замкнуў жа першую тройку ўчора яшчэ адзін фаварыт Жэром дэ Садлер, які Ферэйры прайграў 8 хвілін 47 секунд, а ад дэ Сультрэ ў абсалюце адстае болей чым на дваццаць дзве з паловай хвіліны, займаючы пятую пазіцыю.

У катэгорыі грузавікоў на гэтым фоне сапраўдныя цішыня і спакой, асабліва з улікам праблем, з якімі сутыкнуўся ў пятніцу цяпер ужо былы лідар і мінулагодні пераможца Янус ван Кастэрэн. Ён і на сёмым этапе болей чым гадзіну прайграў пераможцу і лідару генеральнай класіфікацыі Марціну Мацыку, заняўшы толькі шостае месца. У абсалюце ж паміж нідэрландцам, які ідзе чацвёртым, і чэхам ужо без малога чатыры гадзіны.

Дый бліжэйшы пераследнік Мацыка, час якога складае 34 гадзіны 40 хвілін 10 секунд, прайграе яму значныя 1 гадзіну 36 хвілін 10 секунд. Пераследнікам гэтым ёсць суайчыннік Марціна Алеш Лапрайс, які ў нядзелю заняў трэцяе месца, яшчэ на 19 хвілін 28 секунд адстаўшы ад лідара. А вось Мітчэл ван дэн Брынк, які заняў другое месца, саступіў Мацыку ўсяго 39 секунд. Хаця ў абсалюце, дзе нідэрландзец займае трэцюю пазіцыю, яго адставанне ад чэха дасягнула ўжо 1 гадзіны 50 хвілін 38 секунд.

«Дакар» тым часам працягваецца, і сёння яго ўдзельнікі выйшлі на старт восьмага этапу. З Аль-Дувадзімі яны перабіраюцца ў Хаіль, пераадольваючы 678 кіламетраў. Гоншчыкаў на 458-кіламетровым спецучастку чакаюць пераважна пяскі, але арганізатары папярэджваюць, што налавіць праколаў можна і на іх. Пра галоўныя падзеі этапу можна будзе даведвацца ў тым ліку ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты