Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/У Беларусі наспявае супрацьстаянне пацешных каманд. На абвастрэнне пайшоў язык Драгуна

У Беларусі наспявае супрацьстаянне пацешных каманд. На абвастрэнне пайшоў язык Драгуна

Такая вось несправядлівасць.

Аўтар — bytribuna com
15 жніўня, 20:00
5
У Беларусі наспявае супрацьстаянне пацешных каманд. На абвастрэнне пайшоў язык Драгуна

Ужо ў бліжэйшую нядзелю каманда з Беларусі DMedia правядзе першы матч у расійскай медыялізе: пачнуць свой шлях Станіслаў Драгун, Ігар Шытаў, Віталь Радзівонаў і кампанія стыкавымі матчамі за права трапіць у асноўны турнір, супернік – «Уралец» з Екацірынбургу.

Першы матч адбудзецца ў Маскве, а сустрэча ў адказ – 26 жніўня на стадыёне «Дынама-Юні» ў Мінску. Выбар хатняй арэны не выпадковы: DMedia шчыльна звязанае з мінскім «Дынама», а ідэйным натхняльнікам праекта зʼяўляецца менеджар «бела-блакітных» Платон Дзмітрыеў.

Каманд з Беларусі ў расійскім турніры магло быць і дзве, але «Інформ», што быў створаны ў красавіку 2021 года блогерам Уладзіславам Хаванскім (вядомы пад нікам «Высокі футбол»), не ўзялі нават у адборачныя матчы.

«Інформ» – каманда, якая ў асноўным складзена з Youtube, – Instagram- і TikTok-блогераў, а таксама музыкаў. Галоўным трэнерам калектыву зʼяўляецца найлепшы бамбардзір у гісторыі Д3 Аляксей Хадневіч. Пад магчымы ўдзел у расійскай МФЛ каманда анансавала, што да яе далучацца 10-разовы чэмпіён Беларусі Аляксандр Валадзько, капітан «Шахцёра» Мікіта Корзун і журналіст Мікалай Іваноў.

Медыякаманда «Інформ» калясіла па гарадах Беларусі, праводзячы матчы з мясцовымі калектывамі, што складаюцца з ветэранаў і моладзі. Напрыклад, апошняя іх гульня ў Баранавічах сабрала дзве тысячы чалавек.

YouTube-канал «Інформа» налічвае 15 тысяч падпісчыкаў, а самы папулярны ролік (інтэрвʼю з гульцом Андрэем Клокам) сабраў 53 тысячы праглядаў.

У сакавіку гэтага года «Інформ» павінен быў згуляць у Мінску супраць адной з галоўных каманд усяго расійскага медыяфутбола «Амкала», але за некалькі дзён да сустрэчы было абвешчана, што яна не адбудзецца «па тэхнічных прычынах». Па словах стваральніка «Амкала» Германа «El Classico» Папкова, у гаспадароў узніклі праблемы з арганізацыяй. Але, паводле інфармацыі «Трыбуны», прычынай стала тое, што «Інформ» аказаўся непажаданым ці то для АБФФ, ці то для «куратараў» федэрацыі, і расіянам тэрмінова прапанавалі ў супернікі салянку з «легенд» (туды зачасаўся Аляксандр Глеб) і дублёраў усё таго ж мінскага «Дынама», каб не зрываць візіт.

Адабраны матч супраць «Амкала» заснавальнік «Інформа» Хаванскі ніяк у сваіх сацсетках не пракаментаваў, а вось нетрапленню ў расійскую медыялігу прысвяціў не адзін пост, выкладваючы пры гэтым скрыны з асабістай перапіскі з заснавальнікам лігі Мікалаем Осіпавым. Патрапіць у медыялігу каманда з Беларусі спрабавала ад яе другога сезону (зараз стартуе чацвёрты). Прычым Хаванскі яшчэ да старту другога турніру звязваўся з Осіпавым.

Блогер скінуў заяўку каманды, а Осіпаў цікавіўся, ці не стануць праблемай для «Інформа» пастаянныя выезды ў Маскву (Хаванскі сказаў, што частку выдаткаў на лагістыку было гатова ўзяць на сябе «Лідскае піва»), пасля чаго Осіпаў запэўніў, што мінская каманда знаходзіцца ў фаварытах на папаўненне лігі.

Праз некалькі дзён на сайце sports.ru было запушчанае галасаванне, дзе карыстальнікам прапаноўвалася выбраць навічкоў МФЛ – «Інформа» сярод варыянтаў не было.

Не ўключыўшы каманду Хаванскага ў другі сезон восенню 2022-га, Осіпаў паабяцаў блогеру з Беларусі зрабіць «Інформ» «жалезабетонным» удзельнікам вясновага сезону. Што праўда, арганізатар не сказаў, што гэта будзе менавіта сезон МФЛ. Осіпаў гаварыў пра тое, што сезон будзе міжнародным і акрамя каманды з Беларусі ён хоча запрасіць калектывы з Мексікі, Індыі, Бразіліі, Казахстану і Кітая.

Але ў анонсе да трэцяга сезону пра «Інформ» ізноў нічога не гаварылася, і тады Хаванскі зноў спісаўся з Осіпавым – той спаслаўся на тое, што варыянт з міжнародным фарматам не быў рэалізаваны, таму і каманды з Беларусі ў складзе ўдзельнікаў няма.

У чацвёрты сезон, паводле слоў Хаванскага, ён і сам не гарэў жаданнем прасіцца, але ўсё ж прапанаваў Осіпаву варыянт з правядзеннем у Мінску стыкавага матчу супраць DMedia за ўдзел у МФЛ. Кіраўнік лігі спытаў, як Хаванскі можа дапамагчы з арганізацыяй такога матчу. Лідар «Інформа» сказаў, што можа заняцца арганізацыяй самастойна, але неўзабаве перастаў атрымліваць адказы на свае паведамленні.

Хаванскі заявіў, што ў пяты сезон яго каманда калі і пойдзе, то толькі за грашовы ганарар.

- Чаму DMedia у сезоне ад Беларусі, а не «Інформ», якім давалі абяцанне? На сходзе каманд лігі быў прапанаваны іншы варыянт сезону, дзе мы далі камандам волевыяўленне. У тым фармаце, у якім першапачаткова меркавалі чацвёрты сезон, «Інформ» быў бы неадʼемнай часткай гэтага свята футбола. Каманды выбралі іншы шлях развіцця, у такой канфігурацыі мы палічылі патрэбным запрасіць DMedia. Мы можам памыляцца, але, нам здаецца, больш медыйна перспектыўную каманду і з пункту гледжання арганізацыйных гісторый унутры Беларусі. Калі DMedia пройдзе ў групу, то ў нас будуць выезды вялікіх каманд у гэтую рэспубліку, – патлумачыў выбар каманды з Беларусі Осіпаў.

Мікалай Осіпаў

На гэтым завочнае супрацьстаянне «Інформа» і дынамаўскага DMedia не скончылася. Хаванскі ў адным са сваіх пастоў сказаў, што ягоная каманда стаяла ля вытокаў беларускага мэдыяфутболу, і што калі б не было «Інформа», то не было б і DMedia. А на нядаўняй прэс-канферэнцыі з нагоды старту чацвёртага сезону ў МФЛ слова ўзяў капітан і спартовы дырэктар DMedia Станіслаў Драгун. Экс-гульца нацыянальнай зборнай здзівілі словы вядоўцы, які назваў «Інформ» гігантам беларускага медыяфутбола, а на пытанне-ўдакладненне, ці зʼяўляецца каманда Хаванскага «пшыкам», адказаў сцвярджальна.

Здаецца, у белфутболе, няхай і не ў класічным яго варыянце, наспявае дэрбі. Характэрна, што некалькі ўжо былых гульцоў «Інформа» папоўнілі склад DMedia: Аркадзь Логвін (вядучы YouTube-канала «ПʼЯНАЕ ЗЫБА» з 1400 падпісчыкамі), Уладзіслаў «Бадабум» Музалёў (2,4 мільёна падпісчыкаў у TikTok) і былы гулец моладзевай зборнай Беларусі па хакеі на траве Андрэй Белавусаў, ён жа Рэйз (2 мільёны падпісчыкаў у TikTok).

Іншыя пасты блога

Усе пасты