Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Пинта-Шминта/Вось так медальнае суседства на ЧЕ барцоў: лукашыст – і дэпутат з Украіны, які лічыць беларусаў «спонсарамі генацыду»

Вось так медальнае суседства на ЧЕ барцоў: лукашыст – і дэпутат з Украіны, які лічыць беларусаў «спонсарамі генацыду»

Да вайны ён быў значна больш лаяльны – нават да расiян.

Аўтар — Pam-pam
14 лютага, 19:30
Вось так медальнае суседства на ЧЕ барцоў: лукашыст – і дэпутат з Украіны, які лічыць беларусаў «спонсарамі генацыду»

Гэтымі днямі ў румынскім Бухарэсце праходзіць чэмпіянат Еўропы па барацьбе. Туды ў статусе iндывiдуальных нейтральных атлетаў дапушчаныя i спартсмены з Расіі і Беларусі, у тым ліку тыя, якiя звязаныя з «сілавымі» структурамі.

У грэка-рымскай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 87 кг у фiнале турак Алі Чэнгіз саступiў Аляксандру Камарову – расiянiну, які толькi ў снежні 2023-га змяніў спартыўнае грамадзянства i перайшоў у зборную Сербіі. Прычым у Расii Камароў быў ваенным – прапаршчыкам войск нацгвардыі РФ.

А вось на адну трэцюю прыступку паднялiся зусiм розныя людзi (у барацьбе заўжды даюць дзве бронзы). Першы – Кiрыл Маскевiч. Ураджэнец Барысава прайграў у паўфінале Чэнгiзу, а у матчы за бронзу перамог прадстаўніка Швецыі Алекса Кесідзіса. А яшчэ Маскевіч – адзiн з тых, каго невядома як дапусцiлi да спаборнiцтваў: падпiсант за рэжым у «спiсачным складзе» зборнай пазначаны як прадстаўнiк «сiлавога» таварыства «Дынама», а ў 2023-м не раз называўся ў газеце рэжымнага «МВД» членам спартыўнай каманды «ведамства».

Другую бронзу ўзяў Жан Белянюк – украiнскi чэмпiён АГ-2020, з 2019-га дэпутат парламента Украіны. У чвэрцьфінале ён саступіў Камарову, але той дайшоў да фiнала – i па правiлах украiнец трапiў у сетку «суцяшэння», дзе выйграў усе схваткi, дзякуючы чаму атрымаў медаль.

Белянюк хоць і стаў на адну прыступку з Маскевiчам, але адразу пасля гэтага адправіўся ў распранальню, праігнараваўшы традыцыйнае сумеснае фота пераможцаў.

Дарэчы, аналагiчна паступіў і срэбны прызёр грэка-рымскай часткi турніру ў вагавой катэгорыі да 63 кг украінец Аляксандр Грушын, якому прыйшлося стаяць на адным подыуме з бронзавым медалістам расіянінам Анварам Алах’яравым. Калi ён i астатнiя згрупавалiся для фота, Грушын застаўся на сваёй прыступцы.

Пазіцыя ўкраінцаў не дзіўная – у іх краіне ідзе вайна, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. А Белянюк і ўвогуле даўно выступае за жорсткія санкцыі ў дачыненні да спартсменаў з РФ і Беларусі.

Яшчэ 28 лютага 2022-га Белянюк разам з іншымі ўкраінскімі спартсменамі запісаў відэазварот да прэзідэнтаў міжнародных спартыўных федэрацый усяго свету з заклікам адхіліць НАК Расіі і Беларусі, а таксама ўсiх расiян i беларусаў ад удзелу ў Паралімпійскіх зімовых гульнях у Пекіне. Арганiзатары апошнiх 3 сакавіка 2022-га заявілі пра нядопуск спартсменаў з краін-агрэсараў.

У красавіку 2022-га Белянюк зрабіў больш жорсткую заяву, выклаўшы ў свой інстаграм фота наступстваў разбурэння армiяй РФ барцоўскай залы ў Ірпені, заявіўшы, што «ўсё, да чаго дакранаецца «рускі свет», ператвараецца ў лайно». «Барцам з Расіі і Беларусі палымянае прывітанне. Прыязджайце на зборы, зала для вас ёсць, вашыя ж падрыхтавалі», – напiсаў тады Белянюк. Праўда, у далейшым украінец выдаліў пост са сваіх сацсетак.

У маі 2022 года Белянюк далучыўся да міжнароднай Антываеннай дэкларацыі, якую стварыў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. А ў жніўні 2022-га ў інтэрвʼю падкрэсліў, што адказнасць павінны несці толькі тыя беларусы, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію.

«Па сутнасці, Беларусь бярэ ўдзел у агрэсіі, і беларусы, якія яе падтрымліваюць, таксама павінны заплаціць адпаведную цану, уключаючы абмежаванні і санкцыі. Аднак ёсць шмат беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, таксама ёсць шмат людзей, якія дэманструюць сваю падтрымку рознымі спосабамі. Сярод беларусаў у нас ёсць надзейныя саюзнікі», – сказаў Белянюк.

Спартсмен таксама падтрымаў заснавальнікаў БФСС Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна, якіх суд Лукашэнкі завочна прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі. Белянюк тады назваў Лукашэнку «самазваным прэзiдэнтам», якi «абʼявіў сябе пераможцам выбараў», але яшчэ адкажа за свае злачынствы перад міжнародным трыбуналам. Барэц таксама заклікаў МАК не дапусціць вендэты ў дачыненні да спартсменаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю.

У студзені 2023-га, калі ўсё часцей сталі падымацца размовы пра магчымае вяртаньне беларускіх і расейскіх спартсменаў на міжнародную арэну ў нейтральным статусе, Бялянюк заявіў, што нейтральны сцяг «заплямлены крывёй тысяч украінцаў». Ужо тады барэц казаў, што не ўяўляе, як ціснуць руку «нейтральным» спартсменам.

Белянюк таксама стаў адным з сямi ўкраiнскiх дэпутатаў, якiя выпусцiлi сумесную заяву з нагоды рэкамендацыi МАК дапускаць беларускіх і расiйскіх спартсменаў у нейтральным статусе да мiжнародных спаборнiцтваў.

«Расцэньваем пазiцыю МАК як адкрытую падтрымку дзяржаў-агрэсарак ва ўмовах варварскай вайны. Кожны расійскі і беларускі грамадзянін, які працягвае жыць і працаваць у Расіі і Беларусі, плацячы падаткі, зʼяўляецца спонсарам генацыду ўкраінскага народа. Маўклівая згода спартсменаў, якія зʼяўляюцца лідарамі меркаванняў, у прыватнасці расiян з пуцінскім рэжымам, а беларусаў з тым, што іх дзяржава выкарыстоўваецца як вайсковы плацдарм, – гэта і ёсць падтрымка вайны супраць Украіны», – гаварылася ў тэксце заявы Белянюка з калегамi.

Белянюк лічыць, што ў Беларусі, як і ў Расіі, спорт зʼяўляецца састаўной часткай дзяржаўнай прапаганды вайны. Ён адзначае, што большасць спартсменаў гэтых краін зʼяўляюцца прадстаўнікамі сілавых структур. Белянюк падтрымлівае ўсе ініцыятывы і законапраекты, накіраваныя на нядопуск спартсменаў з гэтых краін.

Пры гэтым да пачатку вайны Белянюк не меў праблем з прадстаўнікамі Расіі і Беларусі. У 2018-м ён абураўся нядопускам ад уласнага ўрада на турнір у расійскі Каспійск – рашэнне было выклiкана тым, што яшчэ ў 2014-м РФ анэксавала ўкраінскі Крым і спансавала акупацыю значных частак Данецкай i Луганскай абласцей Украiны.

«У будучыні ўсё зменіцца, і палітычная канʼюнктура ў тым ліку, але ніхто не верне спартсменам іх маладосць і магчымасць, будучы маладым і моцным, праявіць сябе», – пiсаў Белянюк. Дарэчы, гэты пост з яго інстаграма таксама выдалены.

А ў жніўні 2020-га (але яшчэ да выбараў у Беларусi) у інтэрвʼю прапагандысцкай БЕЛТА Белянюк захапляўся арганізацыяй турніру ў Мінску і падкрэсліваў, што беларускія спартсмены працягнулі трэніравацца, нягледзячы на пандэмію каранавiруса. Тады рэжым Лукашэнкi папросту ігнараваў небяспеку i старанна занiжаў статыстыку смяротнасці.

Ну а восем гадоў таму Белянюк увогуле разважаў пра патрыятызм вось так: «[Кажуць:] «Калі ты супраць улады – значыць, ты не патрыёт. Выказаў іншы пункт гледжання – не патрыёт. Ненавідзіш кожнага расiянiна – о, патрыёт». Поўны ідыятызм. Вышыванка і «Слава Украіне» – наш патрыятызм, а калі ты робіш нармальную справу і кажаш людзям цвярозыя думкі – ты вораг народа. Чым у такім выпадку мы адрозніваемся ад савецкай мадэлі?».

Іншыя пасты блога

Усе пасты